Автор мемориального комплекса «Прорыв» Юрий Градов станет научным руководителем по реконструкции объекта

Общество

Пасяджэнне штаба па рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” прайшло ўжо не адно. Але апошняе, якое адбылося 1 красавіка, па­сапраўднаму ўнікальнае. Акрамя ўсіх ранейшых членаў штаба – архітэктараў, праектантаў, экспертаў – на ім прысутнічаў аўтар мемарыяла Юрый Міхайлавіч Градаў і галоўны інжынер узводзімага ў 1974 годзе аб’екта Васіль Пятровіч Макарэвіч. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ягоравіч Ацясаў, які і ўзначальвае штаб, не адзін раз выказаў задавальненне ад плённасці  праведзенага мерапрыемства. А яно і сапраўды было такім: пасля таго як кіраўнік “Віцебскграмадзянпраекта” Н.В.Касабука і галоўны архітэктар А.А.Зафатаеў азнаёмілі з канцэпцыяй рэканструкцыі мемарыяла, падчас агульнага абмеркавання і пачалася карэкціроўка эскіза.

Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч не пагадзіўся з тым, што трэба выдаляць дрэвы, каб мемарыял добра праглядаўся яшчэ з пад’езду з боку Ушач, паколькі гэта змяніла б унікальны рэльеф нашай мясцовасці – з балотамі, узгоркамі, па якіх і прарываліся партызаны. Насцярожана ўспрынялі і прапанову архітэктара аб азеляненні ўзгорка з плітамі, каб не парушыць задуму аб прасторы, на якую і вырваліся партызаны. Адхіліў Ю.Градаў і чырвоную падсветку: “Гэта ў Хатыні чырвоная, там зразумела, а тут трэба нешта святлейшае – жоўтае ці лепш белае, як колер волі”.

Наогул пазіцыя практычна ўсіх удзельнікаў штаба – захаваць усё прыбліжана да арыгіналу, але з карэкціроўкай часу. Тая ж падсветка, пандусы, пашыранае месца для паркоўкі транспарту, відэаназіранне – проста неабходнасць. За сорак гадоў значна змяніліся матэрыялы і тэхналогіі. “Мы не будзем спяшацца, а грунтоўна і прадумана рухацца па намечаным плане, каб нашы паслядоўнікі як мага пазней вярнуліся да рэстаўрацыі аднаго з самых значных помнікаў Віцебшчыны, – тлумачыў у першую чаргу рэспубліканскім і абласным журналістам А.Я.Ацясаў. – І хаця зараз вельмі няпросты ў фінансавым плане час, і гэта не адзіны аб’ект, уключаны ў інвестыцыйную праграму, мы  вымушаны пераглядаць і скарачаць выдаткі па многіх, аднак “Прарыў” для кіраўніцтва вобласці – вельмі знакавы аб’ект”. Пацвярджэннем слоў Аляксандра Ягоравіча стаў візіт на Ушаччыну і старшыні аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, які з­за запланаваных мерапрыемстваў у іншых рэгіёнах вобласці не паспеў на пасяджэнне штаба, аднак наведаў у гэты дзень мемарыяльны комплекс і падтрымаў рашэнне аб паэтапнай і грунтоўнай рэстаўрацыі знакавага аб’екта.

А.Я.Ацясаў сказаў, што рэстаўрацыя мемарыялу будзе праходзіць у некалькі этапаў. Першы – рэканструкцыя глыб, другі – скульптуры партызана, трэці – добраўпарадкаванне. Хаця магчыма іх стане больш, ужо зараз праглядаецца чацвёрты – падсветка трасы ля мемарыяла.

Літаральна пакрокава абмеркавалі будучыню “Прарыву” ўдзельнікі штаба непасрэдна на мемарыяле і вельмі многае змянілі ў першапачатковай задуме. Прапановы паступалі з розных бакоў, а калі знаходзілася новае цікавае рашэнне, задаволеныя архітэктары – Ю.Градаў і А.Зафатаеў паціскалі адзін аднаму рукі. Напрыклад, аўтар пагадзіўся на змяншэнні бетонных элементаў, таму дарогу мяркуецца пакласці з больш трывалага матэрыялу, напрыклад, каменю, і не ў адным стылі. Вырашылі перанесці ў зялёную зону на плошчы комплексу і Вечны агонь, які па прапанове А.Ацясава хутчэй за ўсё атрымае выгляд партызанскага вогнішча. А вось дарожак, якія меркаваліся ў зоне партызанскай алеі, не будзе, наадварот некранутымі пакінуць пакрытыя мхом бетонныя пліты насупраць кожнага дубка, як працяг цэльнага элемента – да разрыву глыб на звужэнне, а там на пашырэнне, як сімвал атрыманай волі.

Адно з самых важных рашэнняў пасяджэння – Юрый Градаў прыняў прапанову стаць навуковым кіраўніком аб’екта, а В.П.Макарэвіч – кансультантам. Каму як не ім, ствараўшым мемарыял 40 гадоў таму, сачыць за яго лёсам зараз. У адным з бліжэйшых нумароў мы прапануем нашым чытачам іх успаміны аб стварэнні мемарыяла.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *