Семинар-учёба по вопросам посевной кампании прошёл на базе КУСХП «Глыбочаны»

Общество Сельское хозяйство

Рана ў суботу рэйсавы аўтобус “Полацк­Касары” вымушаны быў замарудзіць ход у Вялікіх Дольцах – праезную частку дарогі ад тратуара да тратуара перакрыў шасціметровы пасяўны агрэгат, зачэплены за МТЗ­3022 Сяргея Філімонава. “Колькі будзем так за ім цягнуцца? Трэба пасігналіць, каб збочыў ды дарогу ўступіў!” – нервавалася кампанія маладых людзей, на што пасівелы і ўмудроны вопытам вадзіцель спакойна адказаў: “Колькі трэба, столькі і будзем… Мы паспеем, а сялянам зараз кожная хвіліна дарагая, нездарма ж у выхадны дзень працуюць!”

Стала неяк прыемна на душы ад гэтых слоў, ад думкі пра тое, што нават гараджане разумеюць цану нялёгкай дзейнасці аграрыяў у гэтую гарачую пару. Між тым, менавіта аб працы без выхадных, эфектыўным выкарыстанні часу, матэрыяльных рэсурсаў, людзей і тэхнікі, аб тэхналогіі правядзення пасяўной кампаніі і патрабаваннях да яе ішла гаворка на  прайшоўшым на мінулым тыдні раённым семінары­-вучобе. Мерапрыемства праводзілася на базе КУСГП “Глыбачаны”. “Па народным календары 8 красавіка – засеўкі, у добрую пару пачынаюць глыбачанцы”, – казаў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін М.В.Азевіч па дарозе ў гаспадарку. На яе мехдвары ўжо збіраліся арганізатары і ўдзельнікі семінара – калегі Мікалая Віктаравіча, спецыялісты райсельгасхарча, кіраўнікі, галоўныя інжынеры і аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Увага ўсіх прысутных адразу была накіравана на выстаўлены рад тэхнікі, якая працуе на сяўбе – ад складанага пасяўнога агрэгата да простых барон. Адкрываючы вучобу, першы намеснік начальніка райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў адзначыў, што паспяховае правядзенне пасяўной будзе ў многім залежыць ад выканання патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту, якаснай падрыхтоўкі і наладкі механізмаў. Гэта частка семінара выклікала цікаўнасць не толькі спецыялістаў інжынерных службаў. Кіраўнікі гаспадарак, аграномы таксама ўважліва сачылі за дэманстрацыяй наладкі пасяўнога агрэгата АПП-­6, каменціравалі асаблівасці рэгуліроўкі глебаапрацоўчай тэхнікі ў залежнасці ад выконваемых відаў работ.

– Неабходна пры кожнай загрузцы сеялкі правяраць насенняправоды, – каменціраваў свае дзеянні і прыводзіў прыклады галоўны спецыяліст райсельгасхарча Міхаіл Аляксандравіч Шук. – Нават у элітным зерні трапляюцца смецце, каменьчыкі або шчэбень.

Па словах С.А.Белагрыўцава, семінар арганізоўваўся не толькі для таго, каб абнавіць і асвяжыць веды, так як для большасці ўдзельнікаў сёлетняя пасяўная далёка не першая і асноўныя ўласцівасці тэхналагічнай каляіны ім добра вядомы. Галоўная мэта – данесці патрабаванні да механізатараў, якія павінны ведаць аб негатыўных наступствах няправільнай рэгуліроўкі машын, бо парушэнні тэхналогіі зводзяць да мінімуму эфект важнейшых мерапрыемстваў па павышэнні ўраджайнасці: унясення ўгнаенняў, хімічнай аховы раслін і іншых.

Скончыўшы “тэхнічную” частку праграмы семінара, яго ўдзельнікі перамясціліся ва ўрочышча Васілевічы, дзе механізатары “Глыбачан” рыхтавалі глебу і прыступілі да сяўбы ячменю сорту “Бацька”. Выпрацоўку поля, на якім яшчэ ў мінулым годзе расла кукуруза, з невялікімі агаворкамі ацанілі як “здавальняючую”. Тут працягнулася размова аб культуры земляробства, прыёмах апрацоўкі глебы ва ўмовах пераўвільгатнення, патрабаваннях па глыбіні ўзворвання, запрацоўкі насення і іншых нюансах сяўбы, кожны з якіх уплывае на канчатковы вынік. Глыбіня рыхлення, спецыфіка апрацоўкі ўчасткаў з рознай контурнасцю і рознымі відамі агрэгатаў, забяспечанасць гаспадарак насеннем, мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін, іх нормы і тэрміны ўнясення – здаецца, нічога не засталося па­за ўвагай. У некаторай ступені можна сказаць, што арганізатары правяралі веды спецыялістаў гаспадарак, задавалі ім пытанні. Дарэчы, непасрэдна на полі ўдзельнікі семінара ўбачылі і негатыўны прыклад – на суседнім участку, дзе вялося ўзворванне, з­за неадпаведнай рэгуліроўкі абарачальных плугоў уздымалася каля 5 сантыметраў “лішняй” глебы, што вяло да ўзняцця падзолістага гарызонту з павышанай кіслотнасцю і перарасходу паліва.

– На гэтым прыкладзе бачна, для чаго на полі пастаянна павінен быць адказны спецыяліст, – казаў М.А.Шук. – Каб на месцы падказаць механізатару аб недахопах, а магчыма нават і самому сесці за руль, праехаць і паказаць, як трэба рабіць…

На неабходнасці самых сур’ёзных адносін да справы ўсіх удзельнікаў сяўбы засяродзіў увагу прысутных і старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, які прыехаў на месца правядзення семінара разам з адказнымі асобамі – сваімі намеснікамі, кіраўнікамі некаторых арганізацый. Яны будуць дапамагаць гаспадаркам вырашаць арганізацыйныя пытанні, сачыць за ходам пасяўной, але на кожным полі павінны быць адказныя работнікі і з ліку сваіх спецыялістаў – з іх потым і будзе запыт за якасць, якой як заўсёды надаецца асаблівая ўвага. Тэрміны сяўбы вельмі сціслыя, таму працаваць трэба напружана, выкарыстоўваючы ўвесь светлавы дзень, тым больш, што ў некаторых гаспадарках яшчэ неабходна шмат узараць – у тых жа “Глыбачанах”, “Арэхаўне”, “Кублічах”, “Райаграсэрвісе”. Таму працягласць рабочага дня з 6 да 21 гадзіны выглядае адзіным выйсцем.

У той жа час неабходна забяспечыць належныя ўмовы і стымулы для прадукцыйнай працы. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што дзейнасць на сяўбе павінна быць менавіта “прадукцыйнай” і “эфектыўнай” – для працы дзеля “галачкі” няма ні часу, ні сродкаў. Аплачвацца будуць толькі якасныя работы, якія ў механізатараў павінны прымацца ў той жа дзень, а звесткі аб заробках удзельнікаў сяўбы неабходна вывешваць у дыспетчарскай, або іншым людным месцы, каб чалавек бачыў, колькі і за што ён зарабіў. Людзей трэба апрануць і накарміць – гэтыя пытанні павінны вырашацца аператыўна. “Кублічам” і “Агра­Селішчу” неабходна прывыкаць працаваць у звязцы, бо па­суседску яны праводзяць апошнюю сяўбу, а ў хуткім часе стануць адзінай гаспадаркай не толькі дэ­юрэ, але і фактычна. Паліва сельгаспрадпрыемствам выдзяляецца пад зробленыя аб’ёмы, а выкарыстоўвацца яно павінна вельмі эканамічна – лішняга няма і ўзяць няма адкуль. Персанальную адказнасць нясуць таксама кіраўнікі і інжынеры за стан тэхнікі – калі яна выйдзе са строю з­за чалавечага фактару, то вінаватыя павінны панесці пакаранне, бо трактароў, асабліва энерганасычаных, і так не хапае. У той жа час, правільна наладжаная тэхніка эканоміць час і паліва, павялічвае прадукцыйнасць працы.

Абмеркаваны і многія іншыя надзённыя пытанні ад дысцыпліны, патрабаванняў тэхнікі бяспекі і ўдзелу ў пасяўной іншых арганізацый, якія замацаваны за гаспадаркамі, да канкрэтных сітуацый, куды і каму трэба тэлефанаваць з прычыны ўзнікнення нейкіх праблем. Задачы ўсім зразумелыя, а старшыня райвыканкама па завяршэнні семінара справядліва паспадзяваўся на карысць яго вынікаў: “Хацелася б, каб пасля таго, як наведаю падчас сяўбы якую­небудзь з гаспадарак, было бачна, што гэтыя гадзіны не былі патрачаны для вас упустую… А такое будзе ў тым выпадку, калі пры развітанні з кіраўніком застанецца сказаць: “Малайцы, так трымаць і далей!”

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *