«Рад тому, что живу..» История сложного жизненного пути ушачанина Артура Дробота

Общество

За невялікі жыццёвы шлях на долю гэтага трыццацігадовага хлопца выпала столькі цяжкіх выпрабаванняў, што іх замнога было б і на некалькіх старыкоў.

Жанчыну, якая дала яму жыццё, прывезлі ў радзільнае аддзяленне Верхнядзвінскай райбальніцы з турмы. І калі іншых немаўлят, перавязаных каляровымі стужачкамі, сустракалі на ганку шчаслівыя родныя з вялікімі букетамі, прыход у гэты свет маленькага Артура Дробата быў нікому непатрэбны. Хлопчык, які стаў сёмым дзіцем у сям’і, пры жывых маме з татам аказаўся сіратой, бо тых пазбавілі бацькоўскіх правоў. Не правёўшы ў родным доме ніводнага дня, ужо ў месяц ён пачаў самотнае падарожжа па дамах “казённых” – яслі для сірот, дзетдом, школа­інтэрнат…

Гэта зараз малышоў, якія трапілі ў падобнае становішча, у асноўным размяркоўваюць па дамах сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’ях, а ў канцы 80­х дзіцячыя дамы былі “класічнымі” – з усімі адпаведнымі атрыбутамі: зневажэннем слабых больш моцнымі, нярэдкай грубасцю і абыякавасцю дарослых. Былі, канечне, і добрыя моманты, але ў памяць найбольш урэзаліся іншыя. Неяк 5­гадовы Артур упаў з моста ў возера і пачаў тануць. На беразе было шмат старэйшых дзяцей, але на працягу некалькіх хвілін усе толькі назіралі, як малы адчайна пялёхаецца, і ўжо калі той пачаў захлёбвацца, за ім у ваду скокнуў чацвёртакласнік. Ад дарослых жа ледзь выжыўшы хлопчык атрымаў толькі нахлабучку за тое, што “палез у возера” – і ні слова радасці, што застаўся жывы. Асеў у памяці і такі эпізод: на тэрыторыі дзіцячага дома раслі вішнёвыя дрэвы, і аднойчы малышу вельмі захацелася паспытаць прыгожыя ягадкі. Убачыўшы, што Артур сарваў вішаньку, старэйшыя хлопцы пачалі яго лупцаваць – пасля такога “ўроку правільных паводзін” хлопчык некалькі дзён не мог узняцца з ложка… І, канечне, дзіцяці вельмі хацелася сапраўднага цяпла – жаночага, мацярынскага. Годзіка ў тры­чатыры хлопчык убачыў у газеце здымак рок­спявачкі. Выява прыгожай жанчыны яго уразіла: схаваўшы выразку ў навалачку, малы падоўгу разглядваў яе, уяўляючы, што гэта мама. І як жа горка ён плакаў, калі аднойчы, вярнуўшыся ў пакой, не знайшоў сваю рэліквію: нянечка памяняла бялізну і выкінула паперку…

Школьнае жыццё Артур пачаў у Віцебску. У мясцовым інтэрнаце ён сустрэў сваю родную сястру. Тая ахвотна ўзяла шэфства над малодшым брацікам: праводзіла з ім шмат часу, дапамагала рабіць урокі, ды толькі гэтыя “сямейныя” адносіны чамусьці вельмі не падабаліся адной з выхавальніц – магчыма, яны не ўпісваліся ў “інтэрнатаўскую” канцэпцыю, а можа не былі рэкамендаваны тагачаснай педагагічнай літаратурай, якая лічыла шкоднымі кантакты паміж членамі былой нядобранадзейнай сям’і. Так ці інакш, але жанчына ініцыявала перавод хлопчыка ў другую ўстанову – так ён аказаўся ў Верхнядзвінскай школе­інтэрнаце. Вучыўся Артур добра, апераджаючы многих аднагодкаў. Асабліва хлопца цікавілі дакладныя навукі, радыётэхніка. Ён сам сканструяваў шматканальную навагоднюю гірлянду, якая мяняла колер, а бывала, што ставіў у тупік настаўніцу матэматыкі, напрыклад, прапанаваўшы свой, больш просты варыянт рашэння задачы па раскладанні кораня. Зрэшты, пасля заканчэння вучобы ў інтэрнаце яго навучэнцаў адпраўлялі выключна ў ПТВ: атрымаўшы спецыяльнасці муляра, зваршчыка, слесара, трактарыста, Артур трапіў на Ушаччыну – у паперах значылася, што справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў разглядалася ў судзе нашага раёна, а значыць малады чалавек павінен жыць тут. Хлопец уладкаваўся ў райаграсэрвіс, атрымаў пакой у інтэрнаце, завёў новых сяброў, марыў стварыць сям’ю, каб назаўсёды адысці ад ненавіснага сіроцтва і адзіноты. Але жорсткі лёс падрыхтаваў яму чарговае, яшчэ больш цяжкае выпрабаванне…

Знайсці сапраўдную прычыну боляў у жываце, якія раптам сталі яго непакоіць, медыкі адразу не здолелі: спісвалі іх на грыжу ці няправільнае харчаванне. Калі ж у маладога чалавека выявіўся анкалагічны дыягназ, пухліна ўжо паспела “разгуляцца” па арганізме. Не абяцаючы вялікіх шансаў, урачы віцебскага анкадыспансера ўзяліся за складаную аперацыю: па іх словах, такі выпадак трапіўся ім упершыню за 25 год існавання медустановы. Пацыента цэлы дзень пазменна аперыравалі дзве хірургічныя брыгады. Каб не спынілася сэрца, яму двойчы рабілі анестэзію. Аперацыя прайшла паспяхова: пухліну выдалілі разам з паражонымі органамі. Пазней урач тлумачыў Артуру, што жыць яму цяпер прыйдзецца без дзвюх частак арганізма, і дадаў, што, магчыма, праз некалькі год пэўныя функцыі можна будзе аднавіць. Як аказалася, былі гэта медыцынскія “хітрыкі”: доктар баяўся, каб 20­гадовы хлопец не ўпаў у дэпрэсію, даведаўшыся, што паўнапраўным яго жыццё ўжо не будзе ніколі…

Вопытны медык меў рацыю. Падчас працяглага лячэння і рэабілітацыі, і пазней, калі Артуру давялося прывыкаць да горкага статуса інваліда, чорныя думкі аб нікчэмнасці існавання былі неадступнымі, і спатрэбілася вялікая сіла духа, каб захаваць прагу да жыцця. Дапамаглі ж яму ў гэты цяжкі момант добрыя людзі, з якімі лёс звёў хлопца на ўшацкай зямлі: заўсёды быў побач лепшы сябар Барыс Шчэрбік, а яго маці Валянціна Іванаўна, для якой Артур стаў хрэсным сынам (абрад хрышчэння яны правялі ў віцебскай царкве напярэдадні аперацыі), узяла на сябе асноўныя клопаты па яго доглядзе падчас і пасля хваробы. Артур доўгі час жыў у іх доме ў Двор Пліне, пакуль не атрымаў сацыяльнае жыллё ў райцэнтры. Шмат дапамагала маладому чалавеку таксама сяброўка Валянціны Іванаўны Людміла Елісеева. Вядома ж, адчуў Артур і дзяржаўную падтрымку. Значна больш якасным зрабілі яго жыццё кватэра з выгодамі, мэбля і бытавая тэхніка, набытая ў тым ліку за сродкі сацыяльных дапамог. Малады чалавек удзячны работнікам сацыяльнай службы, якія заўсёды ідуць яму насустрач, калі гэта магчыма. Канечне, жыць на невялікую пенсію, якая выплачваецца інвалідам другой групы, даволі няпроста, тым больш што значная яе частка ідзе на абавязковыя для прыёму лекі. Артур хацеў бы ўладкавацца на работу, ён нават прайшоў перанавучанне па спецыяльнасцях бухгалтара і кладаўшчыка, ды толькі знайсці патэнцыяльнага працадаўцу ў яго выпадку надзвычай складана. Ну а пакуль не атрымліваецца з работай, прысвячае сваё жыццё захапленням, якіх у гэтага цікаўнага чалавека вельмі шмат. Ён любіць рыбалку, турыстычныя паходы, захапляецца рок­музыкай, фатаграфіяй, гісторыяй, прымае ўдзел у рыцарскіх фестывалях, спрабуе сябе і ў якасці пазаштатнага аўтара нашай газеты. А яшчэ стараецца не губляць аптымізму, падтрымліваць тых, хто таксама мае праблемы са здароўем. Ён актыўны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў.

Ведаеце, далёка не кожны чалавек з абмежаванымі магчымасцямі згадзіцца на шчыры і публічны аповед пра сябе. Артур жа сказаў наступнае: “Мне няма чаго хаваць, няма чаго саромецца, я не хачу, каб мяне шкадавалі: ёсць людзі, якім значна горш за мяне. Я рады ўжо таму, што жыву, што бачу гэты цудоўны свет. Магчыма, прачытаўшы маю гісторыю, нехта зразумее, што нельга марнаваць сваё існаванне шэрасцю будзённых спраў, лянотай, дурманам згубных звычак. Іншы раз варта пастаяць на краі бездані, каб пачаць цаніць кожную хвіліну жыцця…”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *