В магазине «Придорожный» в Слободе всегда рады покупателям

К профессиональному празднику

Той, хто даў магазіну ў Слабадзе назву “Прыдарожны”, безумоўна меў рацыю: калі едзеш па бойкай трасе Ушачы-­Віцебск, так і хочацца спыніцца ля гэтага прывабнага будынку, каб прыкупіць марожанае ці мінералку. Калі ж уваходзіш у магазін, бачыш, што не менш прывабныя і яго гаспадыні – загадчыца Марына Яфрэмчанка і прадавец Юлія Лёля, якія сустракаюць усіх пакупнікоў з нязменнай ветлівасцю. Калі чарговы наведвальнік адчыняе дзверы, над імі гучыць званочак – і работніцы гандлю спяшаюцца задаволіць патрэбу, з якой прыйшоў чалавек.

Па выхадных сярод пакупнікоў шмат гараджан, аматараў рыбалкі і актыўнага адпачынку на азёрах, якімі багата наваколле. Будзённай жа раніцай, калі давялося тут пабываць, у гандлёвую кропку заходзілі ў асноўным мясцовыя жыхары – і ўсе, як адзін, на пытанне аб якасці абслугоўвання адказвалі: “У нас выдатны магазін і цудоўныя прадаўцы!”

– Тут заўсёды парадак, тавар прыгожа раскладзены, а дзяўчаты абавязкова параяць, што лепш набыць, – адзначае жыхарка Слабады Галіна Дзмітрыеўна Палякова.

– У горад за пакупкамі амаль не ездзім – навошта, калі ўсё можна набыць тут? – разважае Ларыса Пятроўна Казлова. – Мы ў нашым магазіне і халадзільнік купілі, і маразільную камеру – вельмі зручна, варта толькі заказ зрабіць.

– Вось бачыце, цвікі “пяцёрка” – якраз такія шукаў, каб агароджу бацькам адрамантаваць. У іншым магазіне не знайшоў, а тут ёсць: адразу бачна, што работніцы вывучаюць попыт, своечасова заказваюць тавар, – адзначыў малады мужчына, які зазірнуў у “Прыдарожны”, спыніўшы ля яго машыну.

Нават нам прыемна было слухаць усе гэтыя кампліменты, а што ўжо казаць пра прадаўцоў. “Вось бачыце, якія ў нас пакупнікі! А вы пытаецеся, ці не хацела б я перайсці працаваць у горад!”, – усміхаецца Марына Мечыславаўна. У слабадскім магазіне яна ўжо 17 год, прыйшла сюды пасля вучылішча, пазней, атрымаўшы накіраванне райспажыўтаварыства, завочна скончыла Полацкі кааператыўны тэхнікум, так што для работы хапае і ведаў, і вопыту, і адпаведных якасцяў характару. Прызнаецца, праўда, што быў паўгадавы перапынак, калі вырашыла змяніць прафесію, але кіраўніцтва райспажыўтаварыства папрасіла вярнуцца, і жанчына не змагла адказаць. Працоўны стаж яе маладой напарніцы меншы, аднак за чатыры гады работы за прылаўкам Юлія таксама дасканала асвоіла гандлёвую справу. І хоць абаім даводзіцца дабірацца ў Слабаду з іншых месцаў (Марына жыве ў Арэхаўне, Юлія – у Ціханятах), транспартнае пытанне іх не засмучае. Галоўнае, каб работа падабалася, каб у іх “Прыдарожным” не змаўкаў срэбны гук прыветнага званочка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *