Сила и красота всегда в моде. Представители движения “Street Workout в Витебске” выступили в Ореховском Доме культуры

Cпорт

Што такое “Street Workout”? Напэўна, толькі лічаных ушачан гэтае пытанне не паставіць у тупік. А вось жыхары аграгарадка “Арэхаўна”, якія напрыканцы чэрвеня пабывалі на адмысловым мерапрыемстве ў мясцовым Доме культуры, з лёгкасцю адкажуць, што гэта – сучасны маладзёжны рух, удзельнікі якога практыкуюць масавыя фізкультурныя заняткі на аснове гімнастычных практыкаванняў.

Зрэшты, у гэтым няма амаль нічога новага: ва ўсе часы старэйшыя школьнікі збіраліся па вечарах на спартыўнай пляцоўцы, каб паказаць сваю сілу і спрыт на брусах ці перакладзіне – падцягваліся, рабілі пад’ёмы з пераваротам, круцілі “сонейка”. Усе гэтыя і шматлікія іншыя элементы асвойваюць на штодзённых трэніроўках і ўдзельнікі прыгаданага вышэй руху: акцэнт робіцца на работу з уласнай вагой, развіццё сілы і вынослівасці. Адметна, што для “вулічных трэніровак” (так можна перавесці сэнс англійскага выразу) дастаткова мінімальнага набору спартыўных збудаванняў – турнік, шведская сценка, гарызантальная лесвіца. А можна нават абысціся і без стацыянарных канструкцый: гэта прадэманстравалі падчас паказальных выступленняў перад арэхаўцамі прадстаўнікі руху “Street Workout у Віцебску”. Як аказалася, функцыю “апор” для перакладзіны з лёгкасцю выконваюць самі спартсмены. Канечне, такая “лёгкасць” здабываецца гадзінамі ўпартых заняткаў, аднак тое таго варта – на хлопцаў, якія прыехалі ў госці да жыхароў аграгарадка, проста прыемна глядзець – моцныя, падцягнутыя, з прыгожай мускулатурай. Ёсць сярод прыхільнікаў вулічных трэніровак і дзяўчаты. Дарэчы, адна з актывістак віцебскай суполкі – ураджэнка Арэхаўна Ніна Качурына, менавіта ёй, а таксама яе сястры Алене Асяпёнак, якая працуе загадчыцай Арэхаўскага СДК, належыла ідэя прэзентацыі руху ў аграгарадку. Яе з гатоўнасцю падтрымаў адзін з кіраўнікоў “Street Workout у Віцебску” Андрэй Самсонаў, які адзначыў наступнае: “Галоўны сэнс нашай дзейнасці – прапаганда здаровага ладу жыцця, дэманстрацыя таго, што моладзь можа весела і цікава жыць без згубных звычак. “Street Workout” – папулярны ў свеце рух, ну а пра тое, што яго ідэі блізкія беларускім юнакам і дзяўчатам, сведчыць факт, што за зусім кароткі час толькі ў абласным цэнтры да нас ужо далучылася каля тысячы чалавек. Мы праводзім паказальныя выступленні ў навучальных установах і на гарадскіх пляцоўках, расказваем пра сябе праз сацыяльныя сеткі. Не сакрэт, што ў сельскай мясцовасці праблема правядзення моладдзю вольнага часу стаіць асабліва востра, вось чаму мы ахвотна адгукаемся на прапановы паказаць сваю праграму ў маленькіх населенных пунктах, прычым, робім гэта бясплатна”.

Цікавым дапаўненнем да паказальных выступленняў стаў невялічкі канцэрт, які прапанаваў слухачам віцебскі рэпер Ілья Дарвін. Малады выканаўца запісаў некалькі трэкаў у падтрымку руху, актывістам якога з’яўляецца. І спартсменаў, і музыканта арэхаўцы віталі шчырымі апладысментамі – а паглядзець на выступленне прыйшлі людзі самага рознага ўзросту. “Вельмі добра, што ў нашай краіне ўзнікаюць і развіваюцца падобныя маладзёжныя праекты, – адзначыў інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Аляксандр Бандарэнка, які таксама ўдзельнічаў у мерапрыемстве. – Дарэчы, ў зале прысутнічалі дзеці, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, і спадзяюся, што ўбачанае падштурхне іх да заняткаў фізічнымі практыкаваннямі”.
Здароўе, сіла і прыгажосць заўсёды ў модзе – гэты дэвіз прыхільнікаў вулічных трэніровак застаецца актуальным ва ўсе часы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *