Шесть учеников Великодолецкой школы в составе областной команды отправятся на республиканский этап соревнований «Снежный снайпер»

Cпорт

Шэсць выхаванцаў Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага адабраны ў склад абласной каманды для ўдзелу ў заключным этапе біятлонных гонак “Снежны снайпер” – тры ў асноўны і тры ў запасны састаў. І гэта пры тым, што на трасе школы алімпійскага рэзерву ў Віцебску нашай камандзе фатальна не шанцавала.

№4 – К.Бука.

На абласным узроўні гонар раёна адстойвала 12 ушацкіх вучнях вучняў, 10 з якіх – з Вялікадолецкай школы. Такая статыстыка на карысць менавіта гэтай установы, канечне, не здзівіла. Колькі фізічную культуру выкладае Уладзімір Мікалаевіч, столькі літаральна ўсе яго выхаванцы выдатна гуляюць у тэніс, а таксама бегаюць на лыжах і страляюць. Гэта два фаворныя віды трэнера. І не маючы выбару, а калі і снегу, ён ухітраецца ўсіх не проста паставіць на лыжы, але і адтачыць “чыстыя ногі”.

– Бегам нашых спартсменаў я задаволены. У першы дзень, калі выступалі старэйшыя біятланісты, мы былі на першым месцы і мелі фору 6 хвілін (!). Можна было 24 разы прамахнуцца, каб на роўных ісці з іншымі, бо за “малако” накідвалі дадатковых 15 секунд. Паказалі, на што здольныя, бо кожны меў магчымасць па чарзе стаць на адзіныя нашы добрыя лыжы. А на наступныя старты, лічу, падвяла менавіта амуніцыя. Мікіту Жаваранку за ўдалы прабег у мінулагодніх спаборніцтвах у Раўбічах аддалі іх, астатнія ставіліся на тое, што было. У дадатак да ўсяго нас спаткалі няўдачы. У Мікіты Белякова зламаліся палкі і першы круг бег без іх, тым не менш, толькі на 2 секунды адстаў ад чацвёртага месца. У Маргарыты Стрыжонак заклінавала вінтоўку, і 4 выстралы проста не залічылі. Малодшая група 2012-2013 гадоў, у якой выступалі Аляксандра Асіпёнак, Антон Рэут, Ксюша Бука, Іван Карпёнак, проста разгубілася на стральбе, тым не менш Ксюша, якая ляцела як страла, адабралася ў запасны склад зборнай вобласці, а Іван страляў без промахаў і ўвайшоў у асноўны.

У.Лапіцкі сочыць за стральбой А.Асіпёнак.

Сярэднюю групу прадстаўлялі Яна і Мацвей Лабецкія – брат якіх раней станавіўся срэбраным прызёрам “Снежнага снайпера” на рэспубліцы. Яна заняла 8 месца сярод 50 удзельнікаў-аднагодак.

Вельмі вырасла за год Аліна Папова са старэйшай падгрупы: летась займала 23 пазіцыю, а сёлета ўжо пятую. Яна разам з Мікітам Беляковым таксама ўвайшлі ў запасны склад каманды. І напрамую ў асноўны адабраны Маргарыта Стрыжонак і Мікіта Жаваранак, якога ад “срэбра”, як і летась, зноў аддзяліла толькі дзве секунды.

На абласным этапе «Снежнага снайпера» старэйшая група нашай каманда заняла 1 месца, сярэдняя – 14, а малодшая – 4. Увогуле зборная нашага раёна заваявала 5 месца.

– Перад спаборніцтвамі асабіста думаў аб адным – толькі б ніхто не захварэў, бо замены няма і пад пагрозай удзел у спаборніцтвах. – прыгадвае У.Лапіцкі. – А ўвогуле вельмі прыемна, што каторы год Ушаччына, а фактычна Вялікадолецкая школа, канкурыруе з Оршай і Аршанскім раёнам ці Наваполацкам. А наша мясцовая траса не саступае раўбіцкай, і трэніраваліся мы нават у дажджлівы Новы год.

І вельмі хацелася б, каб акрамя здароўя і ўдачы на будучыя старты ўшацкія біятланісты прыхапілі з сабой і дастойныя лыжы. Крыўдна, што зоркавая каманда не мае адпаведнай яе ўзроўню амуніцыі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *