На базе «Юность-Ушачи» впервые прошли соревнования по волейболу и настольному теннису под эгидой Витебского обкома профсоюза работников АПК

Cпорт В общественных организациях

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” заваёўвае папулярнасць сярод усё новых прыхільнікаў. Так, напрыклад, ён стаў пастаянным месцам правядзення спаборніцтваў па асобных відах спорту сярод работнікаў структурных падраздзяленняў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, Полацкіх электрычных сетак. А ў мінулую суботу на базе “Юнацтва-Ушачы” ўпершыню праходзілі спаборніцтвы па валейболе і настольным тэнісе пад эгідай Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Спаборніцтвы атрымаліся прадстаўнічымі. Удзел у іх прынялі як калектывы буйных прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу кшталту “Экамола”, Лепельскага і Полацкага малочнакансервавых камбінатаў, Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода,так і зборныя пяці раёнаў, у тым ліку ўпершыню і нашага – усяго трынаццаць каманд.

Валейбольныя дружыны праводзілі свае паядынкі ў фармаце “мікст”, кампанію 4 мужчынам складалі 2 прадстаўніцы цудоўнай паловы. Каманды былі падзелены на 3 падгрупы, а ў фінальны раўнд выходзілі толькі пераможцы. Ушацкая зборная, складзеная пераважна са студэнцкай і вучнёўскай моладзі, трапіла ў кампанію вельмі моцных сапернікаў і ў барацьбе за медалі не ўдзельнічала. Перамогу ж у выніку атрымалі прадстаўнікі Віцебскага раёна, другой стала каманда Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, а “бронза” дасталася іх землякам з малочнакансервавага камбіната.

Затое ўшачане адзначыліся ў спаборніцтвах па настольным тэнісе. У мужчын трэцяе месца заняў Артур Новікаў з Глыбачкі, а ў жанчын не было роўных ураджэнцы Вялікіх Долец Крысціне Карзянок. Дзякуючы ўдалым выступленням абаіх удзельнікаў, нашы сталі мацнейшымі і ў камандным заліку.

Аднойчы ацаніўшы створаныя на “Юнацтва-Ушачы” ўмовы, аматары здаровага ладу жыцця з іншых рэгіёнаў стараюцца вяртацца сюды зноў. Старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Аркадзьевіч Магільніцкі і звыш 150 удзельнікаў з розных раёнаў вобласці і Віцебска, таксама засталіся ў захапленні ад пляцовак комплексу і ад спартыўных баталій, арганізаваць якія дапамагалі работнікі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і Ушацкай ДЮСШ.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *