На экотропе Ушачского лесхоза появился новый элемент

Общество

У адказ на наша пытанне “Хто з вас раней бываў на экалагічнай сцяжыне?” літаральна ўсе чацвёртакласнікі Ушацкай школы ўзнялі рукі і пачалі ажыўлена тлумачыць, што гулялі ўжо тут з бацькамі. Так, гэты аб’ект Ушацкага лясгаса за год свайго існавання заваяваў папулярнасць у аматараў актыўнага адпачынку на прыродзе. Прычым, не толькі ў мясцовых: экскурсійную прагулку па сцяжыне ў Турцэнтры Ушацкага раёна заказваюць і прыезджыя падарожнікі. Што і нядзіўна, бо тут сапраўды прыгожа і цікава.

Лесаводы ж не спыняюцца на дасягнутым і пастаянна дапаўняюць аб’ект новымі элементамі. Так, гэтым летам на лясным маршруце з’явілася “басаногая сцяжына” – і менавіта з яе распачалося невялічкае падарожжа, у якое мы адправіліся ў пагодлівы суботні дзянёк разам са школьнікамі, іх настаўніцай, спецыялістамі турцэнтра і раённай экалагічнай інспекцыі. Што гэта за сцяжына такая і чаму па ёй трэба хадзіць без абутку? Зараз усё вам і раскажам.

“Басаногая сцяжына” – а знаходзіцца яна непадалёк ад Ушацкага лясніцтва – гэта 25-метраў ляснога шляху, дзе чаргуюцца натуральныя прыродныя пакрыцці: спілы дрэў, шчапа, кара, галінкі, шышкі, ігліца. Здымаем абутак і асцярожна ступаем на першы яе ўчастак… Калі ісці зусім павольна, дыскамфорту для ног практычна няма, затое ёсць цікавыя тактыльныя адчуванні. А на фінішы маршруту дадаецца і прыемнае пачуццё ад пераадоленага выпрабавання.

Для цяперашніх дзяцей гэта экстрым, ім цяжка ўявіць, што калісьці іх аднагодкі па лясных дарогах да самых халадоў басанож у школу бегалі. Так што на сцяжыне можна і практычны экскурс у гісторыю зрабіць.

“Нам і супрацоўнікам Турцэнтра, якія таксама прынялі ўдзел у стварэнні аб’екта, захацелася прапанаваць турыстам нешта арыгінальнае, што дазваляе рэальна дакрануцца да лясной прыроды, стаць да яе бліжэй, – расказвае намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка. – Да таго ж, такая прагулка мае і фізіялагічны эфект: па меркаванні навукоўцаў, на ступнях у разы больш рэцэптараў, чым на іншых участках нашага цела, і хадзьба без абутку па неаднароднай паверхні паляпшае цыркуляцыю крыві, актывізуе дробныя мышцы і кропкі, звязаныя з унутранымі органамі, папярэджвае развіццё плоскаступнёвасці, а яшчэ гэта загартоўка і трэніроўка каардынацыі”.
Абсталяваць “басаногую сцяжыну” лесаводам і тураператарам дапамаглі ўдзельнікі студатрада “Юнацтва”, якія і сталі яе першымі выпрабавальнікамі. У цёплы час тут было нямала пешаходаў, а некаторыя рызыкуюць разуцца і ў гэтыя восеньскія дні.

Разам з тым, лясгасаўцы папярэджваюць, што карыстацца навінкай трэба вельмі асцярожна, бо гэта хоць і мінімальны, але экстрым. Не варта выходзіць на сцяжыну тым, у каго скура ступняў занадта ўразлівая і схільная да пашкоджанняў, хто лёгка прастуджваецца. А пасля прагулкі пажадана памыць ногі (прыхапіце з сабой бутэльку з вадой), апрацаваць іх антысептычнымі сурвэткамі.

Ну а падарожжа па ўшацкай экасцяжыне стала адным з мерапрыемстваў Тыдня мабільнасці, які праходзіў у Беларусі з 16 па 22 верасня па ініцыятыве Мінпрыроды і быў закліканы прыцягнуць увагу да забруджвання паветра выкідамі аўтатранспарту. Падчас прагулкі экскурсавод турцэнтра Кацярына Грачава і галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Святлана Акулёнак расказалі дзецям пра лясных несельнікаў і пра тое, якія яны безабаронныя перад воляй чалавека, а таму ні ў якім разе нельга разбураць мурашнікі і птушыныя гнёзды, пакідаць у лесе шкляныя бутэлькі, ад якіх можа ўзнікнуць пажар.

Моцна шкодзяць флоры, фауне і самім людзям і аўтамабільныя выхлапы. Увогуле праблема гэта больш сур’ёзная, чым камусьці можа падацца.
Разам з тым, літаральна кожны з нас можа паспрыяць змяншэнню гэтай лічбы, калі хаця б перыядычна будзе пакідаць сваё аўто ў гаражы і дабірацца да вучобы ці работы на грамадскім транспарце, веласіпедзе, або пешшу. У Дзень без аўтамабіля, які адзначаўся 22 верасня і стаў кульмінацыяй акцыі, беларусаў заклікалі аддаць перавагу менавіта прыгаданым экалагічным спосабам руху. І сотні тысяч нашых суайчыннікаў далучыліся да годнай ініцыятывы. Былі ў іх ліку і чацвёртакласнікі, якія, дарэчы, прызналіся нам, што практычна ва ўсіх з іх ёсць веласіпеды, а многія пастаянна ходзяць у школу пешшу.

Наталья БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *