Молодёжь ставит рекорды. Экипаж в составе Владимира Урбана и Игоря Ковшеля в числе лидеров жатвы-2015

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Адзін мой знаёмы нядаўна звольніўся з арганізацыі райцэнтра (маючы нядрэнную зарплату) і, узяўшы жонку і маленькага сына, адправіўся “ў горад” у пошуках лепшага жыцця. “Тут сумна, ніякіх перспектыў і менш магчымасцей ва ўсім. Ты мне назаві хоць аднаго маладога чалавека, які б вельмі хацеў працаваць у вёсцы і не прамяняў вясковую прафесію на гарадскую. Пэўна, такіх няма”. Я ж з ім не пагадзілася, паколькі ведаю ў раёне, на шчасце, не аднаго патрыёта малой радзімы. Выдатны прыклад таму і маладыя ільюшынскія хлопцы, пераможцы жніва.

– Яго ж з камбайна не выгнаць! Так рвецца працаваць, што і ніякія выхадныя яму не патрэбны, за якую справу не возьмецца – усё ладзіцца, – гаворыць пра свайго работніка Уладзіміра Урбана дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка.
Пацвярджэннем гэтаму стала і сёлетняе жніво, на якім Уладзімір у ліку лідараў не толькі ў сваёй гаспадарцы, а і ў раёне. Упартасць і старанне дазволілі яму стаць у адзін рад з такімі вопытнымі перадавымі механізатарамі, як У.Лёля і А.Спірыдзёнак. Апошняга нават абышоў і раней за яго другім у раёне намалаціў тысячу тон зерня. Дарэчы, самастойна сеў за штурвал камбайна У.Урбан упершыню. “У спадчыну” яму сёлета дастаўся камбайн КЗС-­1218 яшчэ аднаго перадавіка гаспадаркі С.Клопава, які не ўдзельнічае ў сёлетняй уборачнай кампаніі па стане здароўя. Але старэйшы калега дапамагаў навічку рыхтаваць тэхніку, даваў парады, Валодзя лавіў усё з паўслова, паколькі да машын цягнуўся яшчэ з дзяцінства, калі ў калгасе працаваў яго бацька, таму і не дзіўна, што з тэхнікай ён на “ты”.

Прывесці ў прыклад менавіта Уладзіміра Урбана захацелася і па яшчэ адной прычыне – гэта якраз той чалавек, які ўжо не імкнецца ў горад, бо паспытаў “лёгкага хлеба”. Пасля работы пэўны час у “Ільюшынскім” малады чалавек памяняў вясковае месца працы на работу ў райцэнтры, але адпрацаваўшы ў ДРБУ­105 паўтара года, зразумеў, што сельскагаспадарчая галіна яму намнога бліжэй. Асэнсаванне, што гэта не яго, прыйшло намнога раней, ды саромеўся прасіцца назад, маўляў, здрадзіў гаспадарцы. Ведаючы, што ён сумленны работнік, кіраўніцтва пайшло насустрач маладому чалавеку і зноў прыняло яго ў рады аграрыяў.

– Не стану казаць, што ў сельскай гаспадарцы працаваць лёгка – гэта вельмі складаная работа, з неба нічога не зваліцца, але гэта маё. Зарабіць жа таксама можна, асабліва ў час сяўбы, касавіцы, жніва. На нашым прадпрыемстве добра наладжана і дадатковае прэміраванне падчас асноўных работ. Да таго ж таварыства выдзеліла маёй маладой сям’і дом у аграгарадку Ільюшына, які мы ўжо паспелі прыватызаваць – такога не сустрэнеш у гарадах, дзе маладыя людзі толькі і паспяваюць пераязджаць з адной з’ёмнай кватэры на другую. А сумаваць тут няма калі – трэба працаваць. І мне гэта падабаецца, нічога мяняць не збіраюся, – адзначыў малады работнік.

І Уладзімір не падвёў. У час сёлетняй пасяўной працаваў на сеялцы, у перыяд корманарыхтоўкі быў у ліку лепшых на касьбе траў. Сёлетні дэбют на жніве ў якасці камбайнера стаў вельмі ўдалым. Разам з ім памочнікам працуе і не менш працавіты прадстаўнік моладзі Ігар Коўшаль. Ён на трактары МТЗ­-1221 заняты цэлы год на розных работах, а ў час уборачнай непасрэдна на камбайне. Сёлетняе жніво – другое ў яго працоўнай біяграфіі. Летась дапамагаў Анатолю Спірыдзёнку, а ў гэтым годзе далучыўся да Уладзіміра, у выніку атрымаўся чыста маладзёжны экіпаж.

Абодва вельмі адказныя і хварэюць за справу. З раніцы, як толькі падсохне, хутчэй выязджаюць на поле, а ўвечары не спяшаюцца вяртацца і працуюць да апошняга. Калі ўбіралі палеглую пшаніцу, ужо познім вечарам у камбайне адбылася сур’ёзная паломка – у нахільную камеру трапіў камень. Гэта, безумоўна, засмуціла: прастой у такія пагодлівыя дзянькі не ўваходзіў у іх планы. Вярнуўшыся ўжо пры святле фар на мехдвор, хлопцы не адправіліся па дамах адпачываць, а ўзяліся рамантаваць тэхніку. Аб’ём быў вялікі – толькі зняць і сабраць жняярку – далёка не хвілінная справа. Практычна ўсю ноч “варажылі” над камбайнам, але з раніцы змаглі выехаць у поле! Ва ўсім падтрымліваюць і чакаюць дома хлопцаў родныя. Ва Уладзіміра гэта любячая жонка і тры дачушкі, якія радуюцца яго поспехам, у Ігара – маці.

Сёння на рахунку У.Урбана і І.Коўшаля ўжо больш за 1200 тон зерня. І хоць жніво ў “Ільюшынскім” набліжаецца да фінішу, маладыя і энергічныя хлопцы не стаміліся, а наадварот, шкадуюць, што заканчваюцца зерневыя ўчасткі і яны не намалоцяць паўтары тысячы тон.
У гаспадарцы працуе шмат моладзі, але каб маладзёжны экіпаж станавіўся тысячнікам і выходзіў у лідары на раённым узроўні, не прыпомняць за апошнія гады. А значыць, у раёне ёсць працавітая моладзь, ёсць кім ганарыцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *