В непростое время ставят перед собой высокие цели. Как проходит практически финиш уборочного марафона у КУСХП «Великодолецкое»?

Сельское хозяйство

Убраўшы з палёў больш 24 тысяч тон збожжа, аграрыі раёна ўжо ўдвая перасягнулі мінулагодні намалот. І прыемная лічба яшчэ падрасце: на рашаючым адрэзку жніўнага марафону ўшачане, заручыўшыся падтрымкай калег-суседзяў, прадпрымаюць фінішны рывок, каб дастойна завяршыць складаную дыстанцыю. Набліжаецца да фіналу і наш марафон рэпартажаў з залатых ніў – сёння яго героямі стануць работнікі гаспадаркі, якая мае трэцюю ў раёне плошчу збожжавых палеткаў і ўжо паклала ў засекі больш 3 тысяч тон зерня. Размова ідзе пра КУСГП “Вялікадолецкае” – прадпрыемства, работнікі якога нават у няпростыя часы ставяць перад сабой высокія мэты.

Я.Мацюш.

А яшчэ фірменнымі рысамі мясцовых аграрыяў заўсёды былі адказнасць і прафесіяналізм. Каб упэўніцца ў гэтым, новаму кіраўніку гаспадаркі Антону Уладзіміравіча Сафонаву хапіла месяца работы. Выпускнік Горацкай сельгасакадэміі перад тым як трапіць у наш раён працаваў галоўным спецыялістам райсельгасхарча ў Чашніках, меў чатырохгадовы вопыт кіраўніцтва мясцовым сельгаспрадпрыемствам “Кашчынскае”.

– Хоць Ушаччына і лічыцца неспрыяльнай для земляробства, але па асобных параметрах выглядае не толькі не горш, а нават лепш за іншыя рэгіёны. Маю на ўвазе, напрыклад, неблагую ўкамплектаванасць спецыялістамі – за прыкладамі хадзіць далёка не трэба: ужо паспеў ацаніць веды і вопыт галоўнага агранома “Вялікадолецкага” Аляксандра Віктаравіча Зенюка, спадабаўся сталы падыход да справы маладога галоўнага інжынера Аляксея Шчэпты, а які моцны ў гаспадарцы механізатарскі касцяк! – дзеліцца першымі ўражаннямі А.Сафонаў.

У.Вусько.

Жніво ў сельгаспрадпрыемстве выдалася няпростым. Да выхаду на старт удалося падрыхтаваць шэсць камбайнаў, і выпрацоўка на кожны склала 380 гектараў – лічба высокая, асабліва з улікам таго, што ўся зернеўборачная тэхніка няновая. Калі ж узнікалі паломкі, вопытныя камбайнеры вельмі стараліся як мага хутчэй вяртаць тэхніку ў строй. “Сіта пашкодзілася, але думаю, гадзіны праз дзве ўжо выеду ў поле”, – тлумачыў пастаянны ўдзельнік уборачных кампаній Уладзімір Вусько, якога ў адну з раніц жніўня мы сустрэлі на далецкім мехдвары. Засяроджана даводзіў да толку тэхніку і Віктар Заруба – быў настолькі захоплены працэсам, што “вывудзіць” яго з-пад камбайна для памятнага здымка нам не ўдалося. “Няма калі, ды і выгляд у мяне не для фотасесій”, – зазначыў работнік. У якасці камбайнера ён апошні раз праводзіў жніво год 10 таму, потым перасеў за руль грузавіка і вось сёлета, калі ўзнікла тэрміновая патрэба, вярнуўся за штурвал. Прыйшоў на дапамогу гаспадарцы і 63-гадовы Ягор Мікалаевіч Мацюш. “Я ўжо на заслужаным адпачынку, але вось зноў сеў у знаёмую кабіну “Палесся”, у якой правёў раней столькі ўборачных!” – адзначыў мужчына. Каторы год кіруюць “караблямі палёў” Юрый Альбіновіч і Рыгор Філімонаў, а Сяргей Вусько ў 22-і раз вывеў на палеткі “Ліду-1300” – і традыцыйна замацаваўся ў лідарскай тройцы сярод работнікаў раёна, якія працуюць на камбайнах невялікай магутнасці.

Сёлета ніхто з вялікадальчан не дасягнуў буйных намалотаў – няпроста спаборнічаць з тымі, хто жне на новай тэхніцы, ды і ў згуртаваным калектыве не ставілі мэтай штучна вылучаць лідара. Затое кожны ўнёс у каравай гаспадаркі прыкладна роўны важкі ўклад.

І.Гоман.

Выдатнай падтрымкай на фінішным коле марафона стала далучэнне суседзяў: з глыбоцкіх палеткаў пераехаў на ўшацкія Дзмітрый Кандрацёнак, а экіпаж у складзе Сяргея Абычайкіна і Роберта Скавародка прыбыў з Расоншчыны. “З памагатымі нам пашанцавала! Хлопцы вельмі старанныя і ўмелыя!” – зазначае кіраўніцтва. У сваю чаргу вялікадальчане пастараліся найлепш наладзіць іх быт: кватаруюць памочнікі ў гасцініцы райцэнтра, сняданак ім накрываюць у кафэ, абед і вячэру прывозяць на поле, у аграгарадок дастаўляюць на аўтамабілі. Такім чынам, абодва бакі цалкам задаволены супрацоўніцтвам.

Б.Бука.

Нельга не адзначыць і важны ўклад у жніво вадзіцеляў-адвозчыкаў: на гэтым працэсе сёлета заняты Міхаіл Клопаў, Сяргей і Барыс Бука, а таксама Іван Гоман, які дастаўляе збожжа на трактары. Не адзін дзясятак сезонаў адбегаў па палявых дарогах старэнькі ГАЗ, але дзякуючы ўмелым рукам Б.Букі транспарт і сёлета ў справе. “Нагрузка выпадае немалая, у нас жа палі ў розных кутках наваколля, сёння, напрыклад, з Новага Жыцця зерне адвозіў”, – падзяліўся старажыл гаспадаркі.

Што датычыцца ўраджаю, то ён сёлета дастойны. Асобныя ж культуры ўвогуле парадавалі: напрыклад, яравая пшаніца, якая дала 28 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, менавіта на гэту культуру, у тым ліку азімую, мяркуюць зрабіць асноўную стаўку на наступны год, а яшчэ на азімы рапс, якім ужо засеяна больш за 300 гектараў плошчаў. Хоць уборцы ў жніўні надавалася першачарговая ўвага, не забываліся вялікадальчане і пра іншыя работы – жніўны марафон амаль завершаны, але да фінішу аграрнага яшчэ далёка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *