Ушачане проявили себя на первой областной спартакиаде госслужащих

Cпорт

Не толькі выдатную фізічную падрыхтоўку, але і моцны камандны дух прадэманстравалі напрыканцы жніўня прадстаўнікі выканаўчай улады Віцебшчыны. Першая абласная спартакіяда дзяржслужачых, арганізаваная па ініцыятыве старшыні аблвыканкама М.М.Шарснёва, прайшла ў маляўнічым месцы – на беразе возера Будавесць ля вёскі Амбросавічы Шумілінскага раёна, на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” РУП “Віцебскаблгаз”. На працягу двух дзён 27 каманд пад кіраўніцтвам капітанаў – старшыняў райвыканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска – змагаліся за кубкі лідараў у спаборніцтвах на трапнасць, сілу, хуткасць і інтэлект. Удзел у іх прынялі і прадстаўнікі Ушацкага раёна.
Аб тым, наколькі маштабнай і прадстаўнічай з’яўляецца праводзімая спартакіяда, стала зразумела на цырымоніі яе ўрачыстага адкрыцця. Віталі гасцей і давалі старт спаборніцтвам старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў А.Я.Ацясаў, намеснік старшыні аблвыканкама У.У.Цярэнцьеў, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў І.К.Вазміцель, генеральны дырэктар РУП “Віцебскаблгаз” П.П.Шэршань і прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Каныгін. З прывітальным словам да ўдзельнікаў спартакіяды звярнуўся М.М.Шарснёў, капітан каманды аблвыканкама.

– Упэўнены, што спартакіяда пакладзе пачатак добрай традыцыі, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. – Будзем і надалей праводзіць аналагічныя мерапрыемствы, якія дазваляюць прадстаўнікам рэгіёнаў Віцебшчыны згуртавацца, у нефармальнай абстаноўцы падзяліцца вопытам, дасягненнямі і пасябраваць. Тут сабраліся тыя, хто неабыякавы да здаровага ладу жыцця. Сёлета гэтыя людзі, як і ўсе жыхары вобласці, даказалі: яны ўмеюць працаваць і дасягаць добрых вынікаў, у тым ліку спартыўных.

Дарэчы, апошняе пацвердзілі, актыўна ўключыўшыся ў барацьбу, ушацкія дзяржслужачыя. Сярод іх – Віктар Віктаравіч Родзіч, Наталля Мікалаеўна Марковіч, Ігар Пятровіч Шышко, Андрэй Вітальевіч Галяковіч, Наталля Эрыкасаўна Мончык, Таццяна Уладзіміраўна Ханяк, Ганна Генадзьеўна Кандрацкая, Міхаіл Аляксандравіч Шук, Святлана Леанідаўна Дулуб, Алег Леанідавіч Сыс і Аляксей Пятровіч Казлоўскі. Найбольш удалым на спартакіядзе стала выступленне І.Шышко і Г.Кандрацкай – у турніры па шашках яны сталі бронзавымі прызёрамі. І хоць па суме набраных балаў камандзе нашага раёна не ўдалося ўвайсці ў лік пераможцаў, яе ўдзельнікі не засмуціліся, бо галоўнае ў падобных мерапрыемствах не спартыўныя дасягненні, а ўдзел і эмоцыі, атрыманыя разам з калегамі з усёй вобласці.

Суправаджала спартыўную дэлегацыю Ушаччыны намеснік старшыні ФСК “Ураджай” Т.Л.Шарына. Яна, як і многія іншыя ўдзельнікі, была ўражана спартыўнай падрыхтоўкай губернатара вобласці, які па падняцці 32кілаграмовай гіры з вынікам у 75 разоў заваяваў чыстую перамогу і тым самым дапамог сваёй камандзе атрымаць агульнае першае месца.

Карыстаючыся выпадкам, Таццяна Леанідаўна выказвае ўдзячнасць райспажыўтаварыству, аддзяленню “Белаграпрамбанка”, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за дапамогу, аказаную камандзе.

– Такія спаборніцтвы – добры спосаб прыцягнення кіруючых работнікаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам, – кажа намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч. – Выходзячы на старты, мы аддаём свой голас у падтрымку спорту, здаровага ладу жыцця. І гэтым, спадзяюся, падаем станоўчы прыклад сваім падначаленым.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *