Пожилые люди Ушаччины собрались вместе на свой праздник

Общество

Ёсць сваё хараство ў кожнай пары года, але восень сярод іх асаблівая. Прагрэтае сонцам, абмытае ліўнямі, загартаванае непагаддзю лісце на дрэвах набывае каларытныя фарбы. Так і жыццё чалавека: яго “восень” спалучае веды з разважлівасцю, рашучасць з мудрасцю – нездарма гэты ўзрост называюць паважаным. А каб людзям узросту восені нагадаць, што яны не адзінокія і не забытыя, што кожнае новае пакаленне памятае і цэніць зробленае імі, штогод у першы дзень кастрычніка адзначаецца Дзень пажылых людзей.

Прыгожа апранутыя, з памаладзелымі, усмешлівымі тварамі пенсіянеры сабраліся на мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на адно з любімых свят. Усе былі рады сустрэцца, пагутарыць пра гаспадарчыя справы, дзяцей і ўнукаў, ды проста некалькі гадзін адпачыць ад хатніх абавязкаў.

Напачатку мерапрыемства шмат цёплых, сардэчных слоў сказала ветэранам старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Яна пайменна назвала старшыняў і актывістаў пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна, якія вядуць вялікую грамадскую работу, шчодра дзеляцца з моладдзю жыццёвай мудрасцю. Пад гучныя апладысменты прысутных Вольга Мікалаеўна ўручыла ім Лісты падзякі раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама.

Старшыня ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец называў прозвішчы актывістаў ветэранскага руху раёна, якім ён удзячны за высокую грамадзянскую пазіцыю. Кветкамі, падарункамі ў гэты дзень былі адзначаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў, Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, а таксама старэйшына вёскі Вацлавова Галіна Мікалаеўна Марковіч – 1 кастрычніка яна адзначае дзень нараджэння.

Аб тым, што робіць дзяржава для абароны пажылых людзей, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская. Са словамі падзякі да мудрага пакалення, якое здолела захаваць мір і спакой у краіне, выступіла намеснік старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Іна Фёдараўна Сыроўчанка. А старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Таццяна Міхайлаўна Малак асобна спынілася на міратворчай дзейнасці ўшачан паважанага ўзросту – яна расказала, што ветэраны і пенсіянеры раёна не толькі ахвяруюць сродкі на рахунак арганізацыі, але і з’яўляюцца добраахвотнымі памочнікамі ў іх зборы. Самым актыўным у гэты дзень былі ўручаны кветкі і падарункі. Дарэчы, апошнія набыты ў знак павагі да пажылых людзей раёна за спонсарскую дапамогу ўшацкай прадпрымальніцы Аліны Казіміраўны Крацёнак.

Прыемным падарункам для прысутных сталі выступленні хору народнага клуба “Ветэран”, работнікаў культуры і самадзейных артыстаў Ушаччыны. Дарагія сэрцу песні, гарэзлівыя харэаграфічныя нумары на нябачных крылах перанеслі людзей паважанага ўзросту ў маладосць. Сваімі ўражаннямі ад свята падзялілася з намі старэйшына вёскі Градзянец Вера Мікалаеўна Жукава:

– Мерапрыемства атрымалася цёплым, па­сямейнаму шчырым. Мы пачулі шмат прыемных слоў, якія прымусілі ў чарговы раз задумацца аб сэнсе існавання на зямлі, зразумець, што ў восені жыцця ёсць нямала сваіх радасцей. Адна з іх – такія вось сустрэчы з цудоўнымі, мудрымі людзьмі, здольнымі дарыць маленькае шчасце.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *