В Ушачском районе в выборах Президента Республики Беларусь приняли участие более 96 процентов граждан

Общество

Адкрыцця ўчастка №1(у будынку райвыканкама) чакала каля дзясятка ўшачан. Прычым першымі на выбарчы ўчастак прыйшлі не пенсіянеры, а маладыя людзі. За ходам выбарчай кампаніі назіралі як міжнародныя, так і ўнутраныя назіральнікі. Яшчэ да 8 гадзін участак №3 (школа мастацтваў) наведалі наглядальнікі ад СНД, а ўчастак №8 у Ільюшыне – ад місіі АБСЕ – прадстаўнікі ЗША і Фінляндыі.

Яўка ўшачан была высокай як непасрэдна ў дзень выбараў, так і падчас датэрміновага галасавання. Напрыклад, на ўчастку ў аграгарадку Глыбачка датэрмінова прагаласавала 200 з 537 выбаршчыкаў. На ўчастку нумар 1 – 822 з 1804. Па Віцебскай вобласці датэрмінова прагаласавала 39,49 працэнта, а па рэспубліцы – 36,05 працэнта. На думку старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, рэкордная колькасць чалавек аддалі свой голас датэрмінова дзякуючы добра праведзенай інфармацыйнай рабоце.

А апоўдні 11 кастрычніка СМІ абвясцілі аб тым, што выбары адбыліся – у іх на гэты час прыняло ўдзел 51,2 працэнта занесеных у спісы выбаршчыкаў. Увогуле па ўсёй Беларусі народ вельмі актыўна ішоў на ўчасткі. Яўка выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах склала 87,2 працэнта. Лідарам па яўцы зноў аказалася Віцебская вобласць (91 працэнт грамадзян). Наша вобласць лідзіравала і па колькасці празрыстых скрынь – 1987 з 5008 па краіне. Усяго для галоўнай электаральнай падзеі на 6080 выбарчых участках выкарыстоўвалася 24 283 скрыні для галасавання. 49 участкаў было створана за мяжой.

Калі на  ўчастку №1 ля апоўдні з’явіўся Яўген Сухастаўскі, член камісіі Наталля Анатольеўна Шарыпа павіншавала былога вучня са святам. “18 Жэні споўнілася толькі першага кастрычніка. Ён самы малады ўдзельнік галасавання не толькі па нашым участку, але, напэўна, і ў раёне”.

У гэты дзень яму, як і астатнім шасці маладым людзям, якія  галасуюць упершыню, старшыня камісіі Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі і прадстаўнік раённай арганізацыі “Белая Русь” Ганна Генадзьеўна Кандрацкая ўручылі памятныя сувеніры з сімволікай Беларусі (на здымку).

– Што адчуваеш? – запыталася ў навучэнца будаўнічага ліцэя, пасля таго як ён апусціў бюлетэнь.

– Адчуваю сябе дарослым, паўнапраўным членам грамадства, да голасу якога прыслухоўваюцца. І крыху няёмка, хоць і прыемна ад таго, што менавіта мяне і маіх равеснікаў на ўчастку чакалі, прадумалі, каб гэты дзень першых выбараў застаўся ў памяці.

Такія ж памятныя падарункі ўручалі маладым людзям і падчас датэрміновага галасавання. Яўген з роднымі пакідае ўчастак, а падыходзяць усё новыя сем’і. Аляксандра Андрэеўна Смык – разам з дачкой і зяцем. “Мы заўсёды ходзім галасаваць разам, ніколі не паўстае пытанне – не пайсці, прымаем актыўны ўдзел у палітычнай кампаніі, сачылі за яе ходам, жыва  абмяркоўвалі”.

Практычна ўсе выбаршчыкі з дзецьмі, якім, як правіла, давяраюць укінуць бюлетэнь, па­святочнаму прыбраныя, выканаўшы свой абавязак, яны не спяшаюцца пакідаць участкі, а набываюць там прысмакі і абавязкова застаюцца паслухаць канцэрт, як напрыклад Валянціна Андрэеўна Бутоўская з унукам Яўгенам на ўчастку ў музычнай школе. Яны як і некаторыя іншыя прагаласаваўшыя слухалі гукі скрыпкі ў выкананні Алега Касцюковіча. “Музыка ў нас заўсёды, – гаворыць старшыня ўчастковай камісіі №3 Сяргей Васільевіч Парашкін, які і сам напярэдадні рыхтаваў музычныя нумары для выбаршчыкаў. Акрамя гэтага на ўчастках гарпасёлка выступаў квартэт  “Натхненне”, хор клуба “Ветэран”,  у сельскай мясцовасці на кожным участку культработнікі падрыхтавалі канцэрты, усюды было музычнае суправаджэнне, панавала атмасфера свята.

Радасна сустрэла членаў камісіі на доме Вера Усцінаўна Дзямешка з вуліцы Каранеўскага. Жанчына ва ўзросце, у Вялікую Айчынную ўсёй сям’ёй яны пайшлі ў лес да партызан, зараз ветэрана абслугоўваюць сацыяльныя работнікі, па стане здароўя галасуе на доме. “Я канечне ж – за дзеючага Прэзідэнта, – не скрывала свайго выбару жанчына. – За спакой у краіне і стабільнасць, за тое, што мы, пенсіянеры, маем годныя пенсіі і падтрымку з боку дзяржавы”.

Да самага вечара ішлі на галасаванне выбаршчыкі. Да самага вечара гучала на ўчастках музыка. А ўшачане ўважліва сачылі па тэлебачанні за ходам галасавання і вынікамі экзітполаў, якія, дарэчы, супалі з вынікамі Цэнтрвыбаркама.

Я ж папрасіла ацаніць ход выбараў ва Ушацкім раёне міжнароднага наглядальніка ад СНД Міхаіла Аляксандравіча Іванова (Расія).

– Пабываў практычна на ўсіх участках для галасавання. Ніякіх парушэнняў заканадаўства не заўважыў. І не таму, што я прадстаўнік СНД, а таму што аб’ектыўна ацэньваю сітуацыю на месцы, давяраю таму, што бачу. У асобных сродках масавай інфармацыі можна сустрэць меркаванне, што ў Беларусі галасуюць. Я такога не бачыў. Людзі ідуць на выбары сем’ямі, ідуць добраахвотна, ідуць з настроем. Я трэці раз працую наглядальнікам за ходам выбарчых кампаній Беларусі. Быў і на Віцебшчыне – у Чашніцкім раёне. І магу сказаць, што мне падабаецца выбарчае заканадаўства Беларусі – з расійскім ёсць некаторыя разыходжанні. У вас пяць дзён адводзіцца на датэрміновае галасаванне, і людзі гэтым актыўна карыстаюцца. Цудоўна, што выбаршчыкі могуць прагаласаваць на доме – той, каму цяжка па стане здароўя ці каму складана дабрацца, аднак чалавек не жадае заставацца ў баку ад важнай палітычнай кампаніі. Так што ўражанне ад выбараў пазітыўнае, такое, як і настрой у вашых выбаршчыкаў”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Вынікі галасавання

(Па папярэдніх даных).

Па краіне ў выбарах Прэзідэнта Беларусі ўдзельнічала 6102896 грамадзян, што складае 87,2 працэнта выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. Аляксандр Лукашэнка, паводле папярэдніх даных, набраў 83,49 працэнта галасоў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,4 працэнта выбаршчыкаў. За Таццяну Караткевіч па краіне аддалі галасы 4,42 працэнта выбаршчыкаў. Сяргей Гайдукевіч набраў 3,32 працэнта галасоў, Мікалай Улаховіч – 1,67 працэнта. “Магчыма неістотнае змяненне паказчыкаў, паколькі яшчэ не атрыманы дадатковыя звесткі аб галасаванні грамадзян за мяжой”, – растлумачыла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

Па Віцебскай вобласці прагаласавала 798015 чалавек са 876896 занесеных у спісы або 91 працэнт. За С.Гайдукевіча прагаласавала 3,95 працэнта выбаршчыкаў, Т.Караткевіч аддалі свае галасы 3,56 працэнта, А.Лукашэнку – 87,3 працэнта, М.Улаховічу – 1,4 працэнта. Супраць усіх кандыдатаў па Віцебскай вобласці прагаласавала 25483 выбаршчыкі.

Ва Ушацкім раёне ў спісы было ўнесена 11210 выбаршчыкаў. Прыняло ўдзел у галасаванні 10817 чалавек або 96,5 працэнта. За С.Гайдукевіча прагаласавала 1,82 працэнта выбаршчыкаў, за Т.Караткевіч 2,51 працэнта, за А.Лукашэнку – 92,72 працэнта, за М.Улаховіча – 0,76 працэнта. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 190 выбаршчыкаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *