Семья Кравченко переехала из столицы в Глыбочку и активно занимается благоустройством своей усадьбы

Общество

Шчыра прызнацца, каву я не вельмі люблю і магу выпіць яе толькі за кампанію ў выключных выпадках – каб не пакрыўдзіць гасцінных гаспадароў. Такіх, як Барыс Іванавіч і Святлана Мікалаеўна Краўчанкі, якія незнаёмага госця, няхай і карэспандэнта, сустракаюць як даўно вядомага калі не сябра, то прыяцеля. У Глыбачцы Глыбачанскага сельсавета, дзе гэтыя людзі праводзяць большую палову года, іх сядзіба размешчана на ўскрайку – праязджаеш праз усю вёску, і нават знак з указаннем населенага пункта ўжо застаецца за спіной. Дагледжаныя дабротны дом і прылеглую тэрыторыю не ўбачыш з дарогі, таму створаныя і пануючыя тут парадак і чысціня ў першую чаргу не для чужых вачэй, а для сябе – гэта стыль жыцця гаспадароў.

“Ну, уладкоўвайцеся спрытней, зараз лекцыю ад майго “нафтавіка” праслухаеце”, – усміхаецца гаспадыня. – Гэтага пазбегнуць нікому не ўдаецца”. Барыс Іванавіч – акадэмік Беларускай горнай акадэміі, кандыдат геолага­мінералагічных і тэхнічных навук, усё жыццё прысвяціў нафтагазавай галіне. Родам сам з кубанскіх казакоў і ў Краснадарскім краі маленькім хлопчыкам разам з бабуляй перажыў акупацыю, пакуль бацька ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, у абодвух Краўчанкаў бацькі – вайскоўцы­франтавікі. І муж, і жонка па пашпарце рускія, хаця Святлана Мікалаеўна і нарадзілася ў Барысаве. Дакладней, у Печах, дзе праходзіў службу яе бацька. Ужо ў мірны час яго пераводзілі з месца на месца, і сям’і давялося пакалясіць па неабсяжных прасторах былога Савецкага Саюза, таму Святлана Мікалаеўна павандравала, была і на Камчатцы, і на Далёкім Усходзе, а ў Сталінградзе, калі горад яшчэ не аднавіўся пасля страшэннай ваеннай навалы. Там яна вучылася ў педагагічным інстытуце і сустрэлася з будучым мужам.

– З Краснадара, дзе пачынаў вучобу, перавёўся ў Маскоўскі нафтавы інстытут, які скончыў у 1967 годзе, – расказвае Барыс Іванавіч. – Цікава было: у той час нафтагазавая галіна бурна развівалася, многа было наватарскіх рашэнняў, вынаходніцтваў. Абараніў дыплом у Маскве і прадоўжыў працу ў Краснадары. У Валгаградскай вобласці даследаваў адпрацаваныя свідравіны, якія пачалі фантанаваць нафтай праз 11 гадоў пасля закрыцця.

Сахалін і Сібір, Калінінград і Каўказ, Украіна і Беларусь… У складзе экспедыцый Барыс Іванавіч аб’ехаў паўсвету, і за мяжой даводзілася бываць не аднойчы, у тым ліку ўжо і пасля распаду савецкай дзяржавы. Ён з’яўляецца аўтарам больш паўсотні навуковых прац, звыш 60 вынаходніцтваў, з якіх у прамысловую здабычу ўкаранёна 17. На Беларусі Барыса Іванавіча зацікавіла складаная будова Прыпяцкага прагіну – асноўнага нафтагазавага басейна краіны. Пра пераразмеркаванне ціску газу ў пластах, рух горных парод і іншыя тонкасці Б.І.Краўчанка можа расказваць практычна бясконца, і калі б не Святлана Мікалаеўна, то прыйшлося б праслухаць кароткі курс гісторыі зараджэння і развіцця здабычы нафты ў Беларусі. Ад яго даведаўся, што “Беларуснафта” вядзе здабычу нафты і газу больш чым на 60 радовішчах у Беларусі, на 13 – у Венесуэле і на некалькіх – у Расійскай Федэрацыі, што большая частка радовішчаў нашай краіны адносіцца да ліку цяжкадаступных. Максімальны ўзровень здабычы беларускай нафты быў дасягнуты праз 10 год пасля таго, як першы фантан “чорнага золата” забіў з нетраў Прыпяцкага прагіну – у 1975 годзе гадавы аб’ём склаў амаль 8 мільёнаў тон. З­за пагаршэння структуры запасаў у наступныя гады здабыча рэзка знізілася, да сярэдзіны дзевяностых яна перастала дасягаць 2 мільёнаў тон. Зараз нафты ў краіне здабываецца 1,5­1,7 мільёна тон. Для небагатай карыснымі выкапнямі Беларусі першачарговай задачай становіцца эфектыўная распрацоўка вядомых нафтавых басейнаў, максімальнага іх асваення. Барыс Іванавіч якраз і шчыраваў над вырашэннем пытанняў рацыянальнай і эфектыўнай распрацоўкі запасаў.

Да 2008 года ён актыўна працаваў, ездзіў у камандзіроўкі, выкладаў у Цюменскім нафтагазавым інстытуце. І зараз, нягледзячы на значны ўзрост, Барыс Іванавіч поўны энергіі, кажа: “Вось у Сірыі хутка навядуць парадак і паеду ўзнаўляць там нафтавую галіну”. У адказ на гэта Святлана Мікалаеўна сцвярджае, што далей Глыбачкі яго не адпусціць: “А тут хто будзе парадак наводзіць?”.

У Мінск яны пераехалі на пачатку дзевяностых. “Згушчанае малако мясцовае вельмі падабалася мужу, – жартуе Святлана Мікалаеўна. – А калі сур’ёзна, то ўзровень жыцця ў Беларусі быў вышэй, ды і працы ў мужа тут хапала”. А сёлета Краўчанкі адзначылі своеасаблівы пятнаццацігадовы юбілей з таго моманту, як сталі дачнікамі – менавіта столькі часу прайшло, як набылі дом у Глыбачцы. На маё пытанне, чаму менавіта тут, сцвярджаюць, што выпадкова.

– Трэба, каб месца было прыгожае, непадалёк вадаём, лес, – расказвае Барыс Іванавіч. – Люблю прыроду, збіраць грыбы і ягады, рыбалку. Вывучалі аб’явы і ў выніку спыніліся на Глыбачцы – вельмі спадабалася гэта месца.

– Сядзіць на беразе возера з вудай, а я яму каву нашу з дому, – смяецца Святлана Мікалаеўна. – Чаму ж так не рыбачыць!

Ветэраны навуковай і педагагічнай працы (Святлана Мікалаеўна – настаўнік матэматыкі вышэйшай катэгорыі) з моманту набыцця новай маёмасці актыўна ўзяліся за яе добраўпарадкаванне. Прыдамавая тэрыторыя іх сядзібы вылучаецца перш за ўсё густам – тут усё арганічна, хоць і суседнічаюць розныя віды ядлоўцу са спірэяй з язмінам махровым, піхтай і воцатным дрэвам. Асабліва прыгожы па восені канадскі дуб, а на вугле ўчастка “чырвоны д’ябл” суседнічае з залацістай туяй. Ад ранняй вясны да позняй восені ля сядзібы цвітуць кветкі. Краскі падмяняюць адна адну па чарзе – ірысы, бадан, клімацісы, ружы, бружмелі і іншыя. Ды і наогул муж з жонкай ніколі не сядзяць без справы, заўсёды ў руху, у пошуку нечага новага. На прысядзібным участку вырошчваюць бульбу, агародніну, і кладоўка заўсёды поўная слоікаў з рознымі нарыхтоўкамі. У доме гаспадароў таксама пануе гармонія і лад. Гаспадыня вышывае, пляце кручком карункі, любіць і умее гатаваць, эксперыментуе.

Чысціня і парадак паўсюдна. Таму і не дзіўна, што іх сядзіба прызнана лепшым ветэранскім падворкам Глыбачанскага сельсавета на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні. Беражлівыя адносіны да наваколля яны лічаць нормай і не прымаюць неахайнасці ад іншых. Людзі з тонкім успрыманнем прыгажосці не разумеюць тых, хто пакідае смецце ў лесе, на беразе возера.

– Мяне як педагагічнага работніка хвалюе сучасная школа, выхаванне падрастаючага пакалення – ім працягваць жыць у гэтай краіне, працаваць на яе карысць, ствараць і будаваць, – кажа Святлана Мікалаеўна, якая працавала ў сталічнай гімназіі з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. – Хоць і выязджалі за мяжу, але і ў Беларусі практычна няма такога куточка, дзе мы з дзецьмі не пабывалі на экскурсіях. Прычым вучні, як бы ні захапляліся прыгажосцю чужой краіны, ніколі не забывалі, адкуль яны. Памятаю, прыехалі ў Бургундзію, гістарычную вобласць і рэгіён на ўсходзе Францыі, а яны мне кажуць: “Святлана Мікалаеўна, так гэта мясцовасць на нашу Беларусь падобна”! Заўважце, не Беларусь на Францыю, а наадварот… Гэта вельмі важна – выхоўваць любоў да сваёй краіны, да гэтых елачак і бярозак. Хоць і не магу на ёй размаўляць, але вельмі люблю беларускую мову – такую чыстую, мілагучную. У гімназіі, калі была свабодная хвілінка, хадзіла на ўрокі беларускай мовы да сваёй калегі, каб паслухаць яе – так прыгожа яна гаварыла па­беларуску! Я не бачу асаблівай розніцы паміж рускімі, беларусамі, украінцамі. У нас, славян, душа чыстая, светлая, мы першапачаткова да ўсіх ставімся з любоўю, але і па руках дадзім, калі патрэбна. Лічу, што чым багацей душа ў народа, тым менш у яго амбіцый – нам не трэба чужога. А свой дом, дзяржаўнасць мы пабудуем самі – сваімі рукамі, розумам. Усё для гэтага ў нас ёсць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *