Васіль Мікалаевіч Калітуха і яго сыны Дзмітрый і Мікіта працуюць у адной гаспадарцы, але каб сабраць трох механізатараў разам, трэба было крыху зрушыць іх вытворчы графік, а Дзіму нават ахвяраваць абедам. Затое на мехдвары “Ільюшынскага” побач стаялі два новыя аднолькавыя МТЗ, якія бацька і старэйшы сын атрымалі толькі два месяцы таму і не хавалі сваёй радасці.
Ім дасталіся ўніверсальныя Беларусы-952, работа для іх знаходзіцца і на пасяўной, і на перавозцы грузаў. Вось і зараз яны літаральна нарасхват – заданні на працягу дня мяняюцца ў залежнасці ад першачарговасці: на фермы кармы падвозяць, са сцірт забіраюць рулоны саломы, сена, сенажу. Дзмітрый ужо абжыў кабіну, усталяваў у ёй уласную магнітолу і параўноўваў трактар з апошняй мадэллю МТЗ-82.3, у якой пасядзеў на абласных “Дажынках”: “Там, канечне, дызайн зусім іншы, з-за вялікіх колаў выглядае як усюдыход, фары святлодыёдныя, а прайгравальнік і кандыцыянер – ужо ў базавай камплектацыі. Затое наш агрэгат – паўнапрывадны цягач, прычапное абсталяванне ўключаеш не рычагом, а кнопкай, што намнога прасцей”.
Мікіта, які адзін з сям’і не быў сёлета ў Міёрах у складзе дэлегацыі хлебаробаў і “не памацаў” сваімі рукамі навінкі Мінскага трактарнага завода, тым не менш ведае пра іх і таксама марыць папрацаваць на стыльнай машыне, тым больш што зараз і кіруе МТЗ-82. Разганяцца і лічыць кіламетраж яму давялося толькі летам, цяпер жа за трактарам замацаваны кормараздатчык “Гаспадар”, які абслугоўвае статкі ільюшынскага комплексу. Работа засталася яму ў спадчыну ад старэйшага брата, які ўгаварыў дзембеля-пагранічніка часова падмяніць яго. “Дамаўляліся толькі на час адпачынку, а аказалася – на пастаянна”, – кажа Мікіта, які, аднак, зусім не засмучаецца, што працягвае хлебаробчую дынастыю. “Водпуск брату тэрмінова хоць летам спатрэбіўся?” – пытаюся ў 23-гадовага юнака і чую ў адказ: “Зімой, канечне, пра лета мы і не марым, за тры апошнія месяцы ў мяне выхадных толькі два было”. Невыпадкова, што М.Калітуха зусім крыху адстаў ад раённых пераможцаў па выпрацоўцы эталонных гектараў.
За штурвал бацька садзіў сыноў зусім малымі. Дзмітрый памятае нават першы камбайн Васіля Мікалаевіча – гусенічны “Енісей”, хоць і было яму гады чатыры.
“А мы на ім нават у лідары выбіліся, я, дзевяцікласнік, яшчэ кавамолку атрымаў як памочнік. Мабыць такі зернеўборачны рарытэт застаўся ў канцы дзевяностых адзіным у раёне, таму мы без канкурэнтаў аказаліся”, – жартаваў калега і сваяк Калітухаў Дзмітрый Бурак. Васіль Мікалаевіч жа пацвердзіў, што машына дасталася яму хоць зношаная, але ніякіх нізін і вымачак па-ранейшаму не баялася.
Потым былі “Ніва” і “Палессе”, – ён і сам “знасіў” ужо тры камбайны. І хоць вельмі многія механізатары адзначаюць, што гэта самая цяжкая работа ў хлебаробстве, галава сямейства сцвярджае, што на новым, як у яго зараз, GS-12A1 – зусім не цяжка. Ды і наогул жартаваў, што складанай работы для яго няма. Мабыць таму, што даўно ўцягнуўся ў аграрны цыкл, які не падпарадкоўваецца ні календару з яго “чырвонымі” выхаднымі, ні 8-гадзіннаму графіку, паколькі кожнага селяніна работа заўсёды чакае яшчэ і дома. А Васіль Мікалаевіч вырас у вёсцы Пораўна, што на мяжы з ільюшынскімі землямі, і ўсяму, што ўмее, навучыў сыноў.
Упраўляцца з пілой, сабраць з асобных вузлоў трактарок можа нават Мікіта, ну а Дзмітрый у сваёй гаспадарцы мае два такія, а па доме робіць усё, “што павінен умець мужчына”. Давялося нават удакладніць, што ён укладае ў слова “ўсё”, бо многія яго равеснікі ў 32 гады не абцяжарваюць сябе ніякай фізічнай працай. “Шклопакеты набылі без устаноўкі і аддзелкі – зрабіў сам, лазню пабудаваў, а кацёл у яе зварыў пад патрэбны памер – пэўны час працаваў газаэлектразваршчыкам, дзіцячую горку з пясочніцай і ўсімі атрыбутамі змайстраваў, саджалку выкапалі, ды і зараз будоўля працягваецца”, – пералічаў малады мужчына, які атрымліваў катэгорыі і “корачкі”, каб з рознарабочага ператварыцца ў запатрабаванага спецыяліста.
Васілю Мікалаевічу і Дзмітрыю гаспадарка выдзеліла газіфікаваныя катэджы па вуліцы Сонечнай, якія ўжо прыватызаваны. Хоць жывуць праз некалькі дамоў, але бачацца пераважна на рабоце раніцай ці ўвечары. Графік часта не супадае.
Уладзімір Мікалаевіч і Мікіта падчас жніва стварылі сямейны экіпаж – сын адвазіў намалочаныя бацькам бункеры. А Дзмітрый чапляў граблі, бочку з хіміяй, а потым прычэп пад зялёнку. Як шматдзетны бацька ён скарыстаўся прывілеяй і мае па панядзелках няхай не дадатковы, затое адзіны стабільны выхадны. Канечне ж, калі вытворчая неабходнасць не перакрэслівае ўласныя багатыя планы.
Вольга Караленка.

