В церкви Великомученицы Параскевы Пятницы в агрогородке Ореховно прошёл храмовый праздник

Общество

У дзень памяці вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы сваё прастольнае свята адзначыў храм аграгарадка Арэхаўна. Сумеснай малітвай раздзяліць з прыхаджанамі радасць падзеі прыбылі вернікі з усяго Ушацкага раёна, прадстаўнікі мясцовай улады, святары розных епархій.

Ля прыбранай і ўпрыгожанай кветкамі царквы адразу прыкмячаем нямала моладзі. Да яе ў настаяцеля, прыхаджан – адносіны асаблівыя: будзе каму працягваць годныя традыцыі.
– У нашай школе наладжана цеснае ўзаемадзеянне з храмам, таму прапусціць сённяшняе мерапрыемства проста не маглі – прыйшлі практычна поўным саставам, – падзяліліся арэхаўскія дзевяцікласнікі. – З цікавасцю паназіралі за ходам набажэнства, паставілі свечкі за здароўе ды шмат цікавага пра веру ад землякоў даведаліся.

Самаму ж юнаму госцю свята Андрэю Зеленіку – усяго сем. Як заўсёды, прыйшоў разам з татам Дзмітрыем і дзядзькам Вадзімам, якія многае робяць для прыходаў Ушаччыны: займаюцца будаўніцтвам, рамонтам, добраўпарадкаваннем. “Сёння ўсю службу выстаяў!” – з гонарам прызнаўся хлопчык. У трохгадовым жа ўзросце, калі ўпершыню аказаўся ў царкве, з рук бацькі не злазіў, але той упэўнены, што далучаць дзяцей да веры трэба з самага ранняга ўзросту.

Пасля набажэнства, якое ўзначаліў настаяцель прыхода протаіерэй Вячаслаў Лобец, прысутныя прайшлі хрэсным ходам вакол храма. Усе жадаючыя мелі магчымасць паспавядацца і прычасціцца.

За ўменне настаяцеля, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, захоўваць сілу і веліч духа, праяўляць гаспадарлівасць ад імя вернікаў ушацкага храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры дзякаваў В.Лобецу Аляксандр Радзюш. Віншавалі бацюшку, які стаў для іх сапраўды блізкім чалавекам, удзельнікі мясцовага прыхода. А ад раённага кіраўніцтва слова трымаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак. Ён павіншаваў настаяцеля, яго спадарожніцу жыцця і памочніцу – матушку Любоў, усіх вернікаў са святам, пажадаў далейшага развіцця і дабрабыту храму.

Не шкадаваў цёплых слоў у адрас землякоў і В.Лобец – дзякаваў за падтрымку, непасрэдны ўдзел у няпростых, але патрэбных справах праваслаўных прыходаў. Дзякуючы ўсім нераўнадушным людзям, салідны па ўзросце храм у Арэхаўне зараз сустракае нас такім светлым, абноўленым. І работы па далейшым яго ўдасканаленні працягваюцца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *