Операторы по выращиванию телят КУСХП «Великодолецкое» — лучшие в районе

Сельское хозяйство

Год таму напярэдадні свята аграрыяў мы прыязджалі на ферму “Цыганок”, бо работніцы гэтага аб’екта “Вялікадолецкага” занялі ўвесь “п’едэстал” у спаборніцтве даярак Ушаччыны, ну а сёлета нагоду для візіту далі аператары па вырошчванні цялят: звяно ў складзе Наталлі Салавей, Святланы Міхаль і Кацярыны Паршонак атрымала самыя высокія ў раёне сярэднясутачныя прывагі.

Усе дзяўчаты – касарскія і дабіраюцца на службу на “экалагічным” двухколавым транспарце. Маршрут ад вёскі да працы праехалі б, напэўна, і з завязанымі вачыма, бо штодня пераадольваюць яго па шэсць разоў: сняданак у жывёлы пачынаецца ў 6.00, вячэра заканчваецца пасля васьмі. Мы ж прыехалі ў час дзённай трапезы і з задавальненнем назіралі, як малыя бычкі ласаваліся мукой, а крыху старэйшыя цялушкі актыўна выцягвалі з кармушак успушанае даглядчыцамі сена. У рацыёне тых, хто толькі паступіў з прафілакторыя – камбікорм “адзінка”, які праз тыдзень пачынаюць змешваць з “двойкай”, а ў “старажылаў” у меню яшчэ і сянаж.

У абавязках даглядчыц – не толькі раздаць кармы і напаіць жывёлу, а і абнавіць подсціл у загонах, агледзець, ці няма ў каго сімптомаў хваробы. Найважнейшая задача – не дапусціць падзяжу, і работніцы з гэтым сёлета паспяхова справіліся.

Лагічна было б меркаваць, што ўсе аператары перадавога звяна – са значным стажам, а насамрэч вялікі вопыт у прафесіі мае толькі Н.Салавей. “Я на “Цыганку” – амаль усё жыццё, і больш 15 год – у гэтым цялятніку. Пасля школы атрымала прафесію абутніка, але вярнулася на малую радзіму. Пра тое, што выбралі вёску, мы з мужам, які, дарэчы, працуе майстрам лесу ў Касарскім лясніцтве, ніколі не шкадавалі”, – расказвае Наталля Канстанцінаўна. Святлана Міхаль мела пэўны вопыт работы даяркай, апошнім часам працавала ў сацслужбе, а ў звяно трапіла паўтара года таму – адразу асвоілася і прыўнесла ў працоўныя будні ўласцівыя ёй энергічнасць і аптымізм. А сярод якасцяў Кацярыны напарніцы вылучаюць надзвычайную працавітасць.

Калі ж размова зайшла пра фактары сёлетняга поспеху, работніцы пачалі старанна пералічваць усіх, з кім павінны яго раздзяліць. “У цялятак, якіх мы атрымліваем з прафілакторыя, ужо ўкладзена карпатлівая праца Ларысы Станкевіч і Уладзіміра Лося. Апошняга даглядчыка хочам адзначыць асабліва, бо ён і са сваёй групай спраўляецца, і нам паспявае дапамагаць – бачыце, ужо каня запрог, зараз мяшкі са склада падвязе”, – зазначае Н.Салавей. “А галоўны фактар – што мы кармамі забяспечаны, мука ў нас заўсёды пад патрэбу – і дзякуй за гэта варта сказаць дырэктару прадпрыемства Антону Уладзіміравічу Сафонаву, механізатарам, занятым на “зялёным жніве”. Не было б годных вынікаў без намаганняў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Тамары Генадзьеўны Карчэўскай, ветурача райветстанцыі Кацярыны Бялко”, – развівае тэму С.Міхаль.

А тым часам да нас падыходзіць і яшчэ адна пераможца аграрнага спаборніцтва – загадчыца жывёлагадоўчага аб’екта Таццяна Клачок. Добра спрацавалі сёлета не толькі даглядчыкі, а і даяркі “Цыганка” Людміла Шараева, Алена Бажанава, Аксана Раманоўская. У памяшканнях фермы зараз утрымліваецца 434 галавы жывёлы, у тым ліку 172 – дойнага статку, і ўся гэтая гаспадарка – пад пільным кантролем Таццяны Сямёнаўны.

На пасаду загадчыцы Т.Клачок заступіла 9 год таму, змяніўшы вопытнага Івана Іванавіча Сініцу. Дастойна працягнуць яго справу было няпроста, але адказная і старанная жанчына з гэтым справілася.

Праца ў жывёлагадоўлі застаецца адной з самых складаных, тут па-ранейшаму шмат ручных працэсаў і відавочна, што гэты сектар вытворчасці трэба пераводзіць на новы сучасны ўзровень. Шчыра адданыя сваёй справе работнікі дакладна гэтага заслугоўваюць. “Люблю сваю прафесію!” – напрыканцы размовы прызналася нам Наталля Салавей – вымавіла гэта без усялякага пафасу. Менавіта на такіх рупліўцах і трымаецца наша вёска.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *