Активистка Великодолецкой школы Настя Реут завоевала на районном конкурсе красоты титул «Вице-мисс-Ушачанка»

Образование и молодежь

Нячаста можна ўбачыць, каб удзельніца конкурсу прыгажосці выходзіла на подыум практычна без касметыкі, але ж Насцю Рэут прырода надзяліла такой яркай натуральнай прывабнасцю, што штучныя фарбы ёй зусім не патрэбны. Дзесяцікласніца Вялікадолецкай школы, якая атрымала сёлета тытул “Віцэ­-міс Ушачанка”, літаральна паразіла гледачоў і журы конкурсу сваім абаяннем, творчымі талентамі і сціпласцю, якая арганічна спалучаецца з упэўненасцю ў сабе.

Натуральна, што пабываўшы днямі ў школе, дзе вучыцца дзяўчына, мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з юнай вялікадолецкай прыгажуняй. І зусім не здзівіліся, калі дырэктар установы Рыма Леанідаўна Аніскевіч ахарактарызавала Насцю як адну з лепшых вучаніц, актывістку грамадскіх спраў і нязменную ўдзельніцу ўсіх культурных мерапрыемстваў. Але ж галоўнае для вучаніцы перадвыпускнога класа – гэта, канечне, вучоба. Насця пакуль дакладна не вызначылася з выбарам будучай прафесіі, а вось сваёй любімай школьнай дысцыплінай называе біялогію, што і нядзіўна, бо выкладае прадмет выдатны педагог Віктар Мікалаевіч Шышоў, кожны ўрок якога – нібы маленькае падарожжа ў дзівосны свет прыроды. Дзяўчына любіць родную мову і хоча дасканала ёй валодаць, таму з задавальненнем наведвае факультатыў па гэтым прадмеце. А яшчэ яна не ўяўляе жыцця без музыкі – падчас вучобы ў школе мастацтваў асвоіла такі складаны інструмент, як скрыпка, мае выдатныя вакальныя і харэаграфічныя здольнасці.

– У танцавальны гурток Насця хадзіла з самага дзяцінства, без яе ўдзелу не абыходзіўся ніводны наш канцэрт, – расказвае дырэктар навучальнай установы, дэманструючы архіўныя здымкі школьных мерапрыемстваў.

Знаходзіць дзяўчына час, каб дапамагчы маме, якая працуе ў мясцовай бальніцы медыцынскай сястрой, з хатнімі справамі. А тое, якія смачныя Насця пячэ пірагі, заўсёды гатовы ацаніць малодшы брат – другакласнік Ваня. Трэба сказаць, што з сястрычкай яму пашанцавала: яна і пагуляе з хлопчыкам, і дамашняе заданне выканаць дапаможа.

– Жыццё ў вёсцы можа быць не менш цікавым і змястоўным, чым у горадзе, – упэўнена Насця Рэут. – Трэба толькі самому да гэтага імкнуцца, напаўняць яго падзеямі і захапленнямі. Ну і, канечне, мець добрых сяброў – такіх, напрыклад, як Ніна Шунто, Ліза Спірыдовіч, Маша Рабыка, побач з якімі ніколі не засумуеш! Я ўвогуле лічу, што мне пашанцавала нарадзіцца ў самым прыгожым месцы Беларусі і жыць побач з маімі цудоўнымі працавітымі землякамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *