Социальный работник Наталья Малахова в числе лучших сотрудников территориального центра социального обслуживания населения

Общество

Калі напярэдадні зімовых святаў мы спяшаемся дамоў з думкамі пра багатае застолле, гулянні ля навагодняй ёлкі, сацыяльны работнік Наталля Леанідаўна Малахава найперш плануе чарговы абход сваіх падапечных: аднаму трэба прадуктаў занесці, другому – ціск змерыць, а ўсіх без выключэння – з надыходзячай датай павіншаваць. Зразумела, апошняе не ўваходзіць у пералік яе працоўных абавязкаў – гэта жанчына робіць па закліку шчырага сэрца.

Зараз на абслугоўванні Н.Л.Малахавай знаходзіцца сямёра грамадзян, якія любяць і цэняць сваю памочніцу. Між тым, у гэтую прафесію Наталля Леанідаўна трапіла выпадкова. З дзяцінства марыла стаць медыкам, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскае медвучылішча. Заставацца ў абласным цэнтры ўраджэнка вёскі Стаі не збіралася: тут, на Ушаччыне, знайшла другую палавінку – у хуткім часе выйшла замуж, нарадзіла дзіця.

Сваю прафесійную дзейнасць жанчына пачынала з паштальёна, не перастаючы пры гэтым марыць пра белы халат медыка. Калі ж у Дубраўскай бальніцы з’явілася пасада лабаранта, без ваганняў згадзілася яе заняць. Вось толькі доўга радавацца такой удачы не атрымалася: аўтобус з Двор Усвеі, дзе пасялілася сям’я Малахавых, хадзіў сюды толькі па аўторках. З­-за асаблівасцяў службы не мог пастаянна вазіць Наталлю Леанідаўну ў Дубраўку і муж, супрацоўнік глыбацкага пажарнага паста. Ад мары Н.Л.Малахавай прыйшлося адмовіцца. Шукаючы новае месца, яна прыйшла ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ёй і прапанавалі пасаду сацыяльнага работніка.

Двор Усвея – Усвея – Бальбінава – Рацькава – Капусціна – такі немалы маршрут некалькі разоў на тыдзень пераадольвае Наталля Леанідаўна, каб наведаць сваіх падапечных. У кожнага ў доме прыбярэ, і смачны абед прыгатуе, і ціск змерыць. Аплата камунальных паслуг, набыццё прадуктаў, лекаў – таксама на плячах сацработніка.

– І ўсё ж я наўрад ці заслугоўваю таго, каб пра мяне пісалі ў газеце, – сціпла зазначае жанчына. – Сярод маіх калег ёсць больш дастойныя. Напрыклад, Анатолій Арсенцьевіч Маціеўскі. На яго абслугоўванні знаходзіцца адзіная жыхарка Пеннай Нівы, і каб наведаць яе, сацработніку даводзіцца пастаянна пераадольваць вялікія адлегласці. Чакаюць мужчыну і іншыя грамадзяне, з якімі А.А.Маціеўскі працуе і сябруе доўгі час. Не магу не назваць яшчэ аднаго сацыяльнага работніка – Леаніда Іванавіча Драгуна. Калі нядаўна цяжка захварэла бабуля, якая знаходзіцца на яго абслугоўванні, мужчына кожны дзень гатаваў дома смачныя стравы і на ўласным аўто адвозіў падапечнай.

Сціпласць, вядома ж, добрая рыса, але і сама Наталля Леанідаўна адносіцца да ліку лепшых работнікаў – так лічыць і кіраўніцтва ТЦСАН, і тыя, каго яна абслугоўвае.

Трэба дадаць, што сапраўдным гонарам для Н.Л.Малахавай з’яўляюцца яе дзеці: дачка – будучы імунолаг – і сын, які атрымлівае ў Горках дзве вышэйшыя адукацыі. Ёсць у гераіні нашага аповеду і надзейны тыл – каханы чалавек, з якім любыя цяжкасці не палохаюць.

Здаецца, кожны дзень у сацыяльнага работніка падобны адзін на другі: аднолькавы маршрут, аднолькавыя задачы… Але ж чакаюць Наталлю Леанідаўну не толькі для работы. Ёй  вядомы ўспаміны і сакрэты, схаваныя за сетачкай маршчын на тварах падапечных. Для многіх Н.Л.Малахава стала не проста памочніцай, але і сябрам, аднадумцам, слухачом. Гэта патрэбна многім адзінокім пажылым. Патрэбна, каб і на схіле гадоў адчуваць сябе самадастатковымі і незалежнымі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *