В Ушачской райбольнице завершился ремонт физиотерапевтического отделения и регистратуры

Общество

Гэтай падзеі чакалі даўно. Рамонт фізіятэрапеўтычнага аддзялення і рэгістратуры цэнтральнай раённай бальніцы, што актыўна разгарнуўся тут напачатку бягучага года, прыносіў пэўныя нязручнасці як пацыентам, так і медыкам. Але ж гледзячы на тое, што атрымалася ў выніку, разумееш: гэта таго каштавала!

– Чым камфортней умовы ў медустанове, тым хутчэй выздараўліваюць нашы пацыенты, – кажа галоўны ўрач бальніцы Сяргей Анатольевіч Маісееў. – А таму да пытання рамонту падыходзілі з асаблівай адказнасцю. На гэтыя мэты выдзелена 290 тысяч дэнамінаваных рублёў, 60 з якіх пайшлі на набыццё медыцынскага абсталявання і мэблі. Мы цалкам абнавілі кабінеты прыёму ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні, рэгістратуру, хол і асноўныя пераходы, у якіх стала значна святлей і ўтульней. Замянілі таксама інжынерныя сеткі – каналізацыю, водаправод, электрыку, устанавілі новыя вокны і дзверы.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і аб рабоце паліклінікі часта мяркуюць па тым, як спраўляюцца са сваімі абавязкамі медыкі пярвічнага звяна, як выглядае іх рабочае месца. І ў гэтым сэнсе хвалявацца за “твар” медустановы няма нагоды. Арганізацыя прыёму ў рэгістратуры прыкметна палепшылася са з’яўленнем тут новых многаканальных тэлефонаў, а таксама дадатковых камп’ютараў, падключаных да сістэм “Электронны рэцэпт” і “Электронная картка пацыента”, укаранёных у ЦРБ.

– Запісацца на прыём да ўрача нашы пацыенты могуць зараз нават не выходзячы з дому, – расказвае С.А.Маісееў. – Зрабіць гэта можна праз інтэрнэт – на сайце бальніцы. Ёсць і яшчэ адзін бонус – магчымасць атрымаць анлайн-кансультацыю нашых спецыялістаў праз Skype. У сельскай мясцовасці гэта выдатны спосаб наблізіць медыцынскія паслугі да насельніцтва. Скажам, засумняваўся работнік ФАПа ў пастаўленым пацыенту дыягназе – звязаўся з больш вопытным спецыялістам і хутка атрымаў кваліфікаванае тлумачэнне. Гэтак жа можна выслаць урачу зроблены фотаздымак кардыяграмы ці “паказаць” самога хворага.

Значнае пераўвасабленне – знешняе і тэхналагічнае – закранула сёлета і фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. Разумееш гэта адразу на ўваходзе: прыгожы хол хоць і стаў крыху карацейшым (за масажным кабінетам з’явіўся пакой для медперсаналу), аднак займеў яшчэ больш прасторны выгляд.

– Для нас праведзеныя рамонт і мадэрнізацыя – сапраўдны падарунак, – не хавае радасці старшая медыцынская сястра Таццяна Міхайлаўна Станевіч. – Працаваць у такіх умовах – адно задавальненне. Часта дзякуюць за створаны камфорт і пацыенты, а іх за дзень прыходзіць каля 70. Варта таксама адзначыць, што новае абсталяванне дазволіла нам пашырыць спектр аказваемых паслуг, у многім палепшыла іх якасць. Так што прыходзьце (лепш, канечне, з мэтай прафілактыкі захворванняў) і ацэньвайце!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *