Молодые исполнители Ушаччины проявляли свои таланты на конкурсе «Песни юности наших отцов»

Образование и молодежь

У песень, як і ў людзей, свае лёсы. Адны, стаўшы папулярнымі на час, бясследна знікаюць, іншым жа прыгатавана доўгае жыццё – яны пераходзяць ад аднаго пакалення да другога, застаючыся своеасаблівым залатым запасам нашай культуры. Менавіта ім і быў прысвечаны раённы конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, што праходзіў ва Ушачах на мінулым тыдні. Праявіць сцэнічнае майстэрства, артыстызм і вакальныя здольнасці пажадалі вучні школ Ушаччыны, а таксама працоўная моладзь.

Больш за сем дзясяткаў гадоў прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай, але жорсткае ліхалецце дагэтуль пякучым болем адгукаецца ў сэрцах людзей. Франтавым будням ваеннага журналіста была прысвечана песня Марыны Андзінай, супрацоўніцы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Лірычны настрой падарылі прысутным спевы вучаніцы Ільюшынскай школы Аксаны Маккавеевай і прадстаўніцы Плінскай школы Маргарыты Федарэнка (на здымку). Шчодрымі апладысментамі сустрэлі  гледачывыступленне дуэта ў складзе Галіны Бурак і Анастасіі Станько (на здымку) – вучаніцы Ушацкай школы выканалі “запальную” рок­н­рольную кампазіцыю. Парадавала гледачоў вясёлай песняй “Канечне, Вася” з рэпертуару групы “Брава” вучаніца Арэхаўскай школы Кацярына Клопава. Прадстаўніца гэтай жа ўстановы Ірына Вітко “ўзяла залу” патрыятычнай песняй на беларускай мове “Родны мой горад”. Усім прысутным цяжка было ўтрымацца на месцах, каб не пусціцца ў танцы, калі на сцэну з кампазіцыяй “Вдруг, как в сказке, скрипнула дверь…” з усімі любімай кінастужкі “Іван Васільевіч мяняе прафесію” выйшаў супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Арцём Бірукоў. Ну а песню з рэпертуару “Песняроў” у выкананні маладога педагога Ушацкай школы Эльвіры Цвірбут падпявалі ўсе прысутныя.

Як адзначыла, падводзячы вынікі конкурсу, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня журы Надзея Іванаўна Гардзіёнак, выканаўчы ўзровень удзельнікаў гэтага творчага фестывалю не можа не радаваць – кожнаму выступленню былі ўласцівыя індывідуальнасць, яркасць і творчы каларыт. Выбраць пераможцу было складана – без узнагарод і падарункаў у гэты дзень не застаўся ніхто.

Сёлетні конкурс патрыятычнай песні ва Ушачах стаў асаблівым: яго правядзенне было прымеркавана да яшчэ аднаго яркага культурнага мерапрыемства – вечарыны з нагоды 75­годдзя з Дня нараджэння беларускага музыканта, спевака і кампазітара У.Мулявіна. Ушачане, што прыйшлі на мінулым тыдні ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, даведаліся пра цікавыя факты з жыцця Уладзіміра Георгіевіча, з задавальненнем паслухалі яго песні, у тым ліку аўтарскія. Ну а юныя канкурсанты “Песень юнацтва нашых бацькоў”, думаецца, узялі на ўзбраенне многія творчыя знаходкі гэтага таленавітага чалавека.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *