День защитников Отечества и Вооружённых Сил Республики Беларусь в Ушачах

Общество

Шэры змрок 23 лютага расквеціла чырвань гваздзікоў – ва Ушачах ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь усклалі кветкі і вянкі да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў і памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам.

Многа было ў гэты дзень шчырых віншаванняў, радасных сустрэч ды і проста мужчынскіх поціскаў рук, якімі абменьваліся прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва задоўга да пачатку ўрачыстага мітынгу. Удзел у ім прынялі кіраўніцтва раёна, ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Ушаччыны, грамадскіх аб’яднанняў. А вось ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны сёлета сярод прысутных не было – усё менш застаецца іх у страі, усё часцей падводзіць здароўе. Між тым, цёплых слоў у адрас герояў было сказана шмат. Менавіта на прыкладах ветэранаў выхоўваюцца сённяшнія абаронцы Айчыны – гісторыя нашай краіны захоўвае прыклады доблесці і адвагі, стойкасці і гераізму салдат і афіцэраў.

Адкрыў мітынг выконваючы абавязкі начальніка адасобленай групы Ушацкага раёна ваеннага камісарыяту Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёр А.С.Захараў. У сваім выступленні Аляксандр Станіслававіч адзначыў, што Дзень абаронцаў Айчыны – асаблівае свята, у якім закладзены высокі сэнс: любіць Радзіму і ўмець абараніць яе, прычым справа гэта ў нас заўсёды была ўсенароднай. “Нізкі паклон ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і ўсім, хто, не шкадуючы жыцця, вызваляў краіну ад ворага ў гады ваеннага ліхалецця, хто набліжаў вызваленне і Перамогу”. Прадстаўнік маладога пакалення, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Арцём Бірукоў заверыў, што годнымі пераемнікамі традыцый старэйшага пакалення з’яўляюцца цяперашнія вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структур, яны сумленна і адказна выконваюць свяшчэнны абавязак служэння Радзіме. Ветэранаў, вайскоўцаў, усіх прысутных сардэчна павіншаваў са святам, пажадаў міру, дабрабыту, поспехаў у справах дзеля далейшага росквіту Ушаччыны і роднай Беларусі нядаўна абраны старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Фёдар Раманавіч Пацэйка. Ён узначаліў дэлегацыю, якая ўсклала вянкі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, а астатнія ўдзельнікі мітынгу накіраваліся ў раённы Дом культуры.

Святочны канцэрт, напачатку якога гледачоў і ўдзельнікаў шчырымі словамі павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, стаў яркім аздабленнем урачыстых мерапрыемстваў – у чарговы раз свой высокі ўзровень пацвердзіла Ушацкая школа мастацтваў. Удалым рэпертуарам,  майстэрствам, артыстызмам гледачоў парадавалі і дарослыя, і маленькія артысты. На “ўра” прымалі гледачы ансамблі педагогаў і выхаванцаў, а таксама харэаграфічныя калектывы ўстановы. Атрымалі задавальненне як ад гучання музычных інструментаў, так і ад пранікнёных спеваў, выдатна пастаўленых танцавальных нумароў. Дарэчы, усе жадаючыя, якія прыйшлі паглядзець выступленні, нават не адразу маглі знайсці месца, а тым, хто спазніўся, давялося стаяць на праходах  – віншаванне абаронцаў Айчыны атрымалася масавым, яскравым і запамінальным.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “День защитников Отечества и Вооружённых Сил Республики Беларусь в Ушачах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *