Выкананне дзяржаўных праграм на прыкладзе работы санаторыя “Лясныя азёры” аналізавалі на гэтым тыдні члены працоўнай групы па развіцці лячэбна-аздараўленчага турызму Міжведамаснага савета па турызме пры Савеце Міністраў.
“Санаторый вельмі дынамічна развіваецца. Гэта здраўніца вышэй сярэдняга ўзроўню. Тут мы вывучылі вопыт па прыцягненні замежных гасцей, паколькі экспарт паслуг апошнія гады прырастае больш чым на 25 працэнтаў”, – такой была ацэнка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя Балбатоўскага, які ўзначальваў рабочую групу.
У нас гаючая прырода
Першым аб’ектам для азнаямлення сталі крыніцы з мінеральнай вадой, якую ўсе змаглі і прадэгуставаць. Дырэктар санаторыя Сяргей Сляцкі падрабязна расказаў аб уласцівасцях і ўнікальнасці саставу кожнай з шасці мясцовых крыніц, а таксама аб перспектыўным накірунку ў іх выкарыстанні, у прыватнасці, намеснік дырэктара па медыцынскай часці Наталля Аляксеева распрацоўвае методыку прымянення мінеральнай вады пры аказанні стаматалагічных паслуг. Абсалютна ўсім адпачываючым прапаноўваюцца лекавыя гразі – паўтоны якіх закупляюцца кожныя 2 месяцы. Лечыць і сама прырода. Санаторый размешчаны ў сасновым бары, а для прагулак распрацавана некалькі сцяжын здароўя. Для прыняцця сонечных ваннаў на тэрыторыі і на пляжы ўсталяваны лавачкі, шэзлонгі, маецца шырокі пракат лодак, катамаранаў.
Менавіта ў прыродным патэнцыяле бачыць будучыню развіцця турызму ў краіне Г.Балбатоўскі: “У нашы здраўніцы людзі прыязджаюць за паслугамі з выкарыстаннем прыродных лячэбных фактараў, якія яны не могуць атрымаць ні ў якім іншым месцы – апаратныя даступны і ў клініках. У краіне існуе 47 радовішчаў гразі і больш за 50 свідравін з мінеральнай вадой, якія пакуль не эксплуатуюцца і ля якіх можна будаваць сотню санаторыяў, сапбордаў.
У рамках рэалізацыі праграмы па развіцці турызму абсалютна ў кожным раёне Беларусі знойдзены пляцоўкі для будаўніцтва новых здраўніц, баз адпачынку, кемпінгаў – перад турыстычнай галіной Прэзідэнтам і ўрадам пастаўлена амбіцыйная задача: да 2030 года павялічыць долю экспарту паслуг у два разы і дасягнуць укладу ва ВУП каля 4 працэнтаў. Абмен вопытам невыпадкова праходзіў менавіта на Віцебшчыне, некалькі раёнаў якой уключаны і ў дзяржпраграму “Паазер’е”.
На розны густ і кашалёк
Большую частку пуцёвак (90 працэнтаў) ушацкая здраўніца рэалізуе без пасрэднікаў. Пераважна – праз афіцыйны сайт, праз які адразу можна зрабіць аплату. У санаторыі працуюць над тым, каб ён заставаўся ў першых радках пошукавых сістэм. Пры раннім браніраванні, а менавіта так рэалізуюцца практычна ўсе пуцёўкі на лета, кліент аплачвае 50 працэнтаў кошту. Льготу маюць толькі члены Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – 30 працэнтаў. Такія прапорцыі ўстанавілі на падставе свайго і чужога вопыту, каб усе, хто браніраваў, даязджалі да здраўніцы. Для гэтага ж адмовіліся і ад тураў выхаднога дня, якія замежныя госці нярэдка выкарыстоўвалі выключна як падставу для перасячэння мяжы. Удзел у міжнародных выставах, рэклама ў інтэрнэце, праз сродкі масавай інфармацыі, білборды (таксама і ў сталіцы рэспублікі) таксама прыносяць карысць. Аднак галоўнае – гэта гібкасць, якую прымяняюць у здраўніцы пры вызначэнні ўмоў, правядзенні акцый. Напрыклад, мінімальны час, на які можна заказаць лячэбную пуцёўку – 7 дзён (у Расіі – 10). Пры раннім браніраванні – 10% зніжка, як і для пенсіянераў, для членаў прафсаюзаў – 25. Загрузка санаторыя на працягу года склала 89 працэнтаў, а сярэдняя працягласць адпачынку – 11 дзён. Палова адпачываючых прыязджаюць да нас з Расіі – гэтаму спрыяюць блізкасць размяшчэння, а таксама суадносіны якасці і кошту паслуг.
Алеся Чорная, начальнік прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні: “Санаторны комплекс Прыдзвіння ўключае 11 сучасных аб’ектаў, разлічаных на прыём 100 тысяч гасцей. За 3 месяцы 2026 года курортнае лячэнне ў здраўніцах Віцебскай вобласці прайшлі каля 19 тысяч чалавек, з іх 30,5% – замежныя грамадзяне. Выручка ад экспарту паслуг па выніках першага квартала склала 12 мільёнаў рублёў, што на 2 мільёны вышэй у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам”.
“Лясныя азёры” маюць не толькі традыцыйныя для ўсіх здраўніц медыцынскія, але і рэдкія, як ударна-хвалевая тэрапія, біяметрычная кінезіялогія, рэфлексатэрапія, паколькі пастаянна абнаўляюць абсталяванне, абучаюць сваіх і прыцягваюць іншых спецыялістаў. Штогод за ўласныя сродкі пашыраецца нумарны фонд: будуюцца катэджныя домікі, якія хоць і даражэй па кошце, аднак карыстаюцца павышаным попытам. Дзяржаўнай праграмай “Турызм” на 2026-2029 гады запланавана мадэрнізацыя будынка сталовай, водагразелячэбніцы, спальных карпусоў, кацельні, а таксама будаўніцтва катэджа і спартыўнай залы. Пры харчаванні адпачываючых перайшлі на прызнаны самым аптымальным метад заказнога меню з выкарыстаннем шведскага стала.
Вольга Караленка.



