26 чэрвеня ў Беларусі сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі органаў пракуратуры, якая ўжо 104 гады стаіць на варце законнасці і правапарадку. І сённяшні наш аповед – пра дзейнасць людзей, што прысвяцілі жыццё гэтай найважнейшай справе.
Прафесійны і зладжаны калектыў пракуратуры Ушацкага раёна трэці год узначальвае Наталля Аваднёва. У яе асноў
ных абавязках – каардынацыя дзейнасці органа, нагляд за следствам і дазнаннем. Адметны факт: у нашай краіне падобныя пасады займаюць усяго тры прадстаўніцы прыгожага полу, прычым дзве з іх – на Віцебшчыне.
Што дапамагае спраўляцца з адказнай справай і карыстацца аўтарытэтам у падначаленых? Па-першае, вопыт: у пракуратуры Наталля Фёдараўна працуе ўжо 15 год і прайшла шлях ад памочніка пракурора да кіраўніка. У тым жа, што з’яўляецца мясцовай ураджэнкай, бачыць больш станоўчага, чым адмоўнага: добра ведае людзей і арганізацыі, пры гэтым умее раздзяляць сяброўства і работу.
“Канечне, прапанова ўзначаліць калектыў была сур’ёзным выклікам, аднак лічу, што гендэрны аспект ключавой ролі ў нашай справе не адыгрывае. Куды важней валодаць базавымі якасцямі: цвёрдасцю, прынцыповасцю, – разважае Наталля Фёдараўна. – Такі стыль сфарміравала з пачатку кар’еры. Памятаю адно з судовых пасяджэнняў, дзе выступала ў ролі дзяржаўнага абвінаваўцы: падсудзімы-рэцыдывіст, убачыўшы дзяўчыну ў пракурорскай форме, паспрабаваў вывесці мяне з раўнавагі, дазваляў сабе саркастычныя рэплікі, аднак на наступны дзень… папрасіў прабачэння і прызнаўся: “Прасцей таварняк спыніць на хаду, чым з Вамі спрачацца”.
Пракурорскім работнікам трэба ўмець ладзіць карэктныя зносіны і з разгубленым чалавекам, якому патрэбна дапамога, і з вар’ятам, здольным на зверскія ўчынкі. Нядаўна, напрыклад, Н.Аваднёва падтрымлівала абвінавачанне ў рэзананснай справе аб педафіліі, перададзенай на разгляд з іншага рэгіёну вобласці. Працэс праходзіў з удзелам народных засядацеляў, і ў сваім вердыкце суд Ушацкага раёна падтрымаў прапанову пракурора прызначыць гвалтаўніку пакаранне ў выглядзе 11 год пазбаўлення волі. Гучнай была і сёлетняя справа аб прымяненні насілля ў адносінах супрацоўніка міліцыі і пагрозе забойствам тром асобам – суд таксама згадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінаваўцы і прызначыў злачынцу 4 гады абмежавання волі.
Дарэчы, за тым, ці адпавядаюць закону судовыя рашэнні па крымінальных і грамадзянскіх справах, наглядае намеснік пракурора Раман Гурчонак. Таксама пад яго ўвагай – правамернасць дзеянняў органаў, што выконваюць пакаранні, захаванне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, іншыя пытанні. У багажы гэтага адказнага спецыяліста – дзевяцігадовы стаж у пракуратурах Полацкага і Ушацкага раёнаў.
Законнасць прававых актаў у сферы працоўнага, падатковага, прыродаахоўнага заканадаўства, звароты грамадзян, прафілактыка карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў – гэтыя і іншыя напрамкі кантралюе памочнік пракурора Віталь Жыгімонт. Вопытны работнік, які прысвяціў пракурорскай справе 18 год, сёлета ўмацаваў ушацкі калектыў і вельмі хутка ў ім асвоіўся. Дакладную дзейнасць пракуратуры дапамагаюць забяспечваць загадчык канцылярыі Таццяна Латышава, вадзіцель Пётр Клачок.
Неўзаранае поле, падзеж жывёлы, рэцыдыўная злачыннасць, зарплата ў канверце – пракурорскія работнікі адказваюць за тое, каб парадак быў ва ўсім.
“Калі нехта думае, што нашы праверкі абавязкова цягнуць за сабой штрафы ды вымовы – дык гэта не так! Мы прыходзім, каб ацаніць сітуацыю і падказаць, што варта выправіць і ўдасканаліць, калі ж усё адпавядае нормам, кантрольнае мерапрыемства завяршаецца простым абмеркаваннем яго вынікаў з кіраўніцтвам арганізацыі, – адзначае Н.Аваднёва. – І канечне, імкнёмся ўстанавіць вяршэнства закона ва ўсіх сферах. Нярэдка грамадзяне звяртаюцца да нас па пытаннях працоўных адносін – несвоечасовага разліку, законнасці звальнення. Бывае, што выказваюць нязгоду з тым, што ім адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Дарэчы, бясплатную юрыдычную кансультацыю можна атрымаць падчас выязных прыёмаў у сельсаветах, сустрэч, якія сумесна з прафсаюзамі ладзім на прадпрыемствах”.
Пракурорскія работнікі шмат увагі надаюць прафілактычнай дзейнасці. Сярод самых злабадзённых тэм – інтэрнэт-махлярствы: ва Ушацкі РАУС літаральна штотыднёва паступаюць адпаведныя заявы. Але ёсць і станоўчыя моманты: пракурор раёна адзначыла плён намаганняў сацыяльнай службы, супрацоўнікі якой вядуць актыўную тлумачальную работу з пажылымі людзьмі – у выніку ўшацкія пенсіянеры сталі больш пільнымі і радзей трапляюць на ўлоўкі тэлефонных злодзеяў.
Як вядома, поспех любой справы залежыць ад людзей – і можна не сумнявацца, што прафесійнаму і адказнаму калектыву нашай пракуратуры па плячы любыя задачы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
