Бытовое убийство

Закон - один для всех

Гэтая справа з разраду “бытавых”. Нічога незвычайнага, аднак менавіта такія злачынствы распаўсюджаны як ва Ушацкім раёне, так і ў цэлым па краіне. І матыў адсутнічае, няма, як кажуць, зацікаўленасці ў смерці іншага чалавека, аднак і чалавека няма.

Адным снежаньскім днём 2009 года ў доме вёскі Старынка сабралася кампанія. Пяць мужчын рознага ўзросту распівалі спіртное, гулялі ў карты, мерыліся сіламі на руках… Мірна да пары да часу бавілі вечар, пакуль градусы не ўзялі верх. На добрым падпітку былі, таму і з цяжкасцю прыгадвалі пасля здарэння, хто першым пачаў сварку, бойку. Ды і не ў гэтым зараз справа – хто, таму што мала чым саступалі адзін аднаму і па стане ап’янення, і па паводзінах. Спрачаліся, біліся, выклікалі нават “хуткую дапамогу”.

Палонскі атрымаў удар па галаве, і яму фельчар спрабаваў перабінтаваць рану, угаворваў паехаць у бальніцу, каб накласці швы. Той не толькі не пагаджаўся, але і сарваў бінты, паводзіў сябе агрэсіўна, таму і выйшлі з дома Раманоўскага і фельчар, і маці Палонскага, якая таксама спрабавала выправіць сітуацыю. Выклікалі міліцыю і брата Палонскага, калі ж той прыехаў і зайшоў у дом, застаў там толькі гаспадара з вілкамі ў грудзях.

Калі чытаеш заключэнне судова-медыцынскай экспертызы, разумееш, што паводзінамі Палонскага кіравала на той момант толькі агрэсія. Ён нанёс гаспадару дома Раманоўскаму 14 цяжкіх удараў, смерць магла наступіць па любой з прычын. Біў рукамі, нагамі, металічнымі прадметамі. А наступіла з-за таго, што вілкамі прабіў аорту і лёгкае. Пацярпелы ад вялікай страты крыві памёр у бальніцы праз некалькі гадзін. Забойца ж хваліўся пазней аднавяскоўцам, што “забіў двух казлоў”, меркаваў, што пакараў і яшчэ аднаго ўдзельніка.

На бытавой глебе, калі вось так – чарка за чаркай людзі губляюць над сабой кантроль, а слова за слова знаходзіцца прычына некага “правучыць”, і адбываецца вялікая колькасць трагедый. У гэтым здарэнні няма змякчаючых віну абставін, толькі абцяжарваючая – алкагольнае ап’яненне. Менавіта яно па сутнасці і з’яўляецца прычынай трагедыі, спіртное аб’яднала пад адным дахам людзей розных па ўзросце, аднак з адным захапленнем – спіртным. Яно адабрала жыццё нестарога яшчэ мужчыны, а другога, 32-гадовага, на 9 гадоў пазбавіла магчымасці распараджацца сваім лёсам. Аляксей Палонскі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, калі мог працаваць, выхоўваць дзяцей, жыць паўнацэнным жыццём. Толькі ён пазбавіў сябе гэтай магчымасці сам, і раней, чым адбылося забойства.

А.МАЦЯЙКОВІЧ,

памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *