Патриотическая акция «Призывник» прошла в Ушачах. 13 юношей этой весной призваны в ряды Вооружённых Сил Республики Беларусь

Образование и молодежь

Прызыўная кампанія ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Вясна-­2016” наблізілася да свайго завяршэння. Праз лічаныя дні 13 юнакоў Ушаччыны стануць салдатамі, наперадзе ў іх – няпростыя армейскія будні, работа над фізічнай і духоўнай узмужнеласцю.

Сімвалічна, што традыцыйная для Ушацкага раёна патрыятычная акцыя “Прызыўнік”, якую арганізуе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з ваенным камісарыятам, сёлета праходзіла напярэдадні знакавай даты – Дня Вялікай Перамогі. Будучыя салдаты ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, якія абаранялі нашу Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай, усклалі вянок да падножжа мемарыяла.

Мудрымі парадамі, як годна прайсці першы сур’ёзны іспыт на сталасць, мужнасць і вынослівасць, падзяліліся з хлопцамі старшыня раённага савета ветэранаў Фёдар Раманавіч Пацэйка, прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіль Фаміч Бяльковіч і Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі. Дарэчы, апошні прыйшоў на ўрачыстасць не толькі ў якасці ганаровага госця, але і як тата аднаго з навабранцаў.

Няпроста даваліся віншавальныя словы Наталлі Міхайлаўне Латышавай. Яно і не дзіўна, паколькі ў гэты прызыў таксама трапіў яе сын.

– Будзьце гонарам для сваіх родных, праявіце сябе добрымі справамі, – ледзь стрымліваючы слёзы, казала жанчына. – І пастарайцеся як мага часцей тэлефанаваць дамоў: блізкім гэта вельмі важна.

“Служба ў арміі была, ёсць і будзе не толькі абавязкам, але і гонарам, асаблівай адзнакай мужчынскай годнасці”, – падкрэсліў падчас мерапрыемства намеснік ваеннага камісара камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Аляксей Валер’евіч Еўстаф’еў. Ён і ўручыў прызыўнікам павесткі.

Пасля заканчэння ўрачыстасці хлопцы наведалі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, а таксама храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры г.п.Ушачы. Бацюшка Вячаслаў прачытаў малебен на ўсялякую добрую справу, блаславіўшы навабранцаў. Ну а каб Заступнік пастаянна аберагаў іх ад усяго злога, юнакам былі падораны асвечаныя крыжыкі.

Зусім хутка ў жыцці маладых людзей пачнецца новы этап. Пажадаем ім поспехаў, годна і сумленна несці службу і не баяцца цяжкасцей!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *