Деноминация в Беларуси

Общество

З 1 ліпеня 2016 года ў нашай краіне будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009­-га ў суадносінах 10000:1. Гэта значыць, самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае зараз – 100 рублёў – будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага рада – 1 капейку. Па прынцыпе 1:10000 пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны таксама зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшта грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў.

Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята ў мэтах далейшага ўдасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў у краіне, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы. Працэс дэнамінацыі не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных, фактычны ўзровень інфляцыі.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года ўключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009­га будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў. Каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да такіх змяненняў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў суб’екты гаспадарання абавязаны будуць пазначаць дзве цаны – у старым і новым маштабе цэн.

На працягу наступных пяці гадоў (з 1 студзеня 2017-­га па 31 снежня 2021­-га ўключна) будзе праводзіцца абмен грашовых знакаў у любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання. Пры гэтым абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе: з 1 студзеня 2017 па 31 снежня 2019 года ўключна – у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна­фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь; з 1 студзеня 2020 па 31 снежня 2021 года ўключна – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі (страціўшымі сілу законнага плацежнага сродку).

Усяго з 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў. Упершыню ў навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь у наяўным грашовым абарачэнні з’явяцца металічныя манеты. Усяго восем наміналаў – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *