В Бычках Ушачского района прошло мероприятие, посвящённое 92-й годовщине со дня рождения народного писателя Беларуси Василя Быкова

Наши земляки

18 чэрвеня ў сядзібе­-музеі Васіля Быкава было мнагалюдна. У двары з’явіліся мікрафоны і лавы, якія запоўніліся гледачамі і ўдзельнікамі, на сцяне дома і шчыльнай агароджы вывешаны партрэты Васіля Уладзіміравіча і пейзажы навакольных мясцін, а пад шыльдай музея на лаўцы абавязкова збіраюцца жыхары Бычкоў.

– Валянціна Яфімаўна Цар, аднавяскоўка, – прадстаўляецца маладжавая жанчына.

– Святлана Аляксандраўна Быкава, – жонка Васіля Быкава, сваяка.

– Павел Барысавіч Быкаў, – траюрадны брат, нашы бацькі былі дваюраднымі, а дзяды роднымі. Я вам многа магу расказаць пра партызаншчыну, блакаду. А вось і яшчэ адзін стрыечны брат класіка ідзе.

Здымаючы шырокі капялюш, з усімі вітаецца Сямён Барысавіч Быкаў – самы блізкі сусед бацькоўскай хаты Васіля Быкава. У Бычках не здзівіш прозвішчам Быкаў, ды і практычна ўсе жыхары вёскі адзін аднаму сваякі. А вось Мілана – сталічная праўнучка Сямёна Быкава, усё ж здзівіла. Дзяўчынка прыйшла на ўрачыстасць у квяцістай хустцы і так удала далучылася да нашых работнікаў культуры ў нацыянальных касцюмах, што апошнія запрасілі дзяўчынку да ўдзелу ў іншых святах Ушаччыны. Яна ж аж падскоквала ад радасці. Бойкае дзяўчо кожны год прыязджае на канікулы ў Бычкі да сваёй бабулі – Валянціны Сямёнаўны Казіцкай, якая даглядае бацькоў, і з цікавасцю ўбірае ўсё, што бачыць. “Бабуля, я цяпер лепш за ўсіх аднакласнікаў у Мінску ведаю пра Быкава”, – казала яна пасля галоўнай часткі свята. І калі для дзяўчынкі ўсё яшчэ ў навіну, то здавалася, чым можна здзівіць выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры. Аднак яны, госці сёлетняй урачыстасці з розных раёнаў Віцебшчыны, якія гэтымі днямі знаходзіліся на курсах павышэння кваліфікацыі ў Віцебску, вырашылі  дапоўніць веды цікавай практычнай часткай, пабываўшы на радзіме Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна.

– Практычна ўсе мы ўпершыню на Ушачыне, вельмі ўражаны вашай гасціннасцю, – кажа выкладчыца школы № 9 горада Оршы Тамара Феафанаўна Шэдава, пакідаючы запіс у кнізе водгукаў. – Хаця мая калега была тут аднойчы ў мінулыя гады і так расказала пра радзіму Быкава, што вельмі хацелася пабываць. Столькі талентаў. Якія галасы! Усе так чыста, мілагучна спявалі. А як ігралі ўрыўкі па Быкаву. Гаспадынька ў “Сваяках” – гэта ж каларытнейшая асоба, дзе вы знаходзіце такіх адкрытых, шчырых, таленавітых людзей? – пыталася ў сваю чаргу настаўніца. Ёй адказвалі, што гэта нашы, мясцовыя паэты Галіна Варатынская, Тамара Барадзёнак, Аляксандр Лосеў, Сяргей Каранеўскі і полацкая паэтка Галіна Загурская чыталі ўласныя вершы. Што спяваў фальклорны калектыў “Дубравушка”, а гаспадыню іграла вопытны культработнік Галіна Рудзёнак.  Наогул жа сцэнарый свята, як і выставу твораў Васіля Быкава, сувенірную прадукцыю рыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.

– Больш за ўсё сярод сёлетніх гасцей музея­сядзібы – менавіта аршанцаў. З горада, дзе створаны выдатны музей яшчэ аднаму беларускаму класіку, сучасніку нашых знакамітых землякоў Уладзіміру Караткевічу, які, дарэчы, неаднойчы быў на Ушаччыне. Выкладчыкі ж, якія самі знаёмяць вучняў з біяграфіяй Васіля Быкава, заказваюць экскурсію ў Бычках, а потым уважліва слухаюць школьнікаў Кубліцкай школы – экскурсаводаў мясцовага кутка, прысвечанага В.Быкаву. Усё фатаграфуюць і нават запісваюць, як Г.Л.Случанка. “Многа новага даведаліся, ніколі раней не чула падрабязнасцей пра дзяцінства, з цікавасцю праслухалі прачытаныя лісты з фронту Быкава, што захоўваюцца ў школьным кутку. Абавязкова буду выкарыстоўваць на ўроках”.

І ўсюды за намі сочыць з партрэта Васіль Уладзіміравіч. Чалавек, які прайшоў, перажыў і нават падмануў вайну, паколькі значыцца ў спісе загінуўшых ва ўкраінскай Вялікай Севярынцы яшчэ з 1944 года. Не стала ж вялікага класіка 13 гадоў таму. Не стала па іроніі лёсу менавіта 22 чэрвеня. Быццам бы схамянулася вайна, забраўшая амаль усіх яго аднагодкаў. Неабстраляных юнакоў, якім у 1941-­м толькі споўнілася 18.

Вольга КАРАЛЕНКА.

на здымках: В.Цар, С.Быкава, А.Быкава, С.Быкаў, П.Быкаў. Мілана з бабуляй




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *