Вечер встречи в Ушачской школе. Выпуск 1970 года.

Наши земляки

Ёсць дзень у лютым, калі спякотна ад цеплыні школьных сустрэч, калі збіраюцца разам тыя, хто сядзеў побач за партамі, а таксама хто вучыў і выхоўваў. Першая субота названага месяца адметная вечарамі сустрэч выпускнікоў. Адміністрацыя, педагогі, вучні школ загадзя рыхтуюць такія мерапрыемствы. І, трэба сказаць, без памочнікаў ім не абысціся. Звычайна асобныя прадстаўнікі бяруць на сябе немалую арганізацыйную частку – збор былых вучняў юбілейных выпускаў. Трэба яшчэ, каб клас са школьных гадоў быў калектывам, меў свой адметны вобраз, абавязкова – касцяк, які б і праз гады не даў распасціся класнаму братэрству.Такія думкі наведалі мяне, калі прысутнічала на вечары сустрэчы выпускнікоў ва Ушацкай сярэдняй школе. Але гэта прамільгнула толькі калі размова вядучых зайшла пра тых, хто выйшаў на дарогу самастойнасці пяцьдзесят гадоў таму. Такія выпускнікі не сабраліся, хаця арганізатары вельмі стараліся. P1010048

Увогуле ж вечар атрымаўся цёплым і, як заўсёды, мнагалюдным. Вялі яго вучні. Традыцыйна выступіла сённяшняя дырэктар школы С.К.Турло.

Яна вітала выпускнікоў, вучняў (назвала і іх дасягненні), канечне, настаўнікаў, асабліва тых, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Далей ішоў сюжэт адпаведна юбілейным выпускам, з аповедам вядучых, з мультымедыйным паказам фотаздымкаў былых дырэктараў школы, выпускных класаў.

 

На гэты раз юбілейная дата ў нашага выпуску 1970 года. Адразу скажу, адметны ён цягай значнай часткі яго прадстаўнікоў да навукі. У маім былым класе «А» ганарымся доктарам медыцынскіх навук Людмілай Кірпічонак (дзявочае – Карабань), якая працуе ў Віцебску. І добра, што яна прыехала на вечар. Як і кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры інавацыйнага менеджмента Рэспубліканскага інстытута інфармацыйных тэхналогій Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Сяргей Кірпіч. У час урачыстай сустрэчы ён зачытаў зварот са словамі ўдзячнасці школе і настаўнікам. Была прадстаўлена і сям’я Шрубкоў, якая склалася, дзякуючы юнацкаму захапленню ў час вучобы. Ала тады насіла прозвішча Махонька, выдатна вучылася, паступіла ў інстытут замежных моў. Працуе яна вядучым рэдактарам БЕЛТА. Яе муж Рыгор увесь час служыў у органах унутраных спраў, цяпер – у галіновай службе бяспекі. Па першым паведамленні накіраваліся яны з Мінска ва Ушачы на сустрэчу з аднакласнікамі. Па першым званку памяняў сваё дзяжурства ў выхадны дзень загадчык тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Літвінаў. А Наталля Казлова (Селязнёва) паспяшалася аж з Калінінграда, дзе жыве і працуе даўно. Бацька яе працаваў ва Ушачах настаўнікам, сакратаром райкама партыі, маці – настаўніцай. Потым жылі ў Віцебску. Іх няма ўжо, а дачка вось убачыла абноўлены райцэнтр, зусім іншую школу, такую светлую і незнаёмую для старэйшых выпускнікоў. Прыехала і яшчэ адна наша аднакласніца, таксама з сям’і настаўніка, дачка Яўгена Пятровіча Васілеўскага – Ала, якая жыве ў Мінску. Сяргей Хвасціёнак – дырэктар завода ў Барані, Генадзь Гаўрылаў і Васіль Шчэрбік – начальнікі ўчасткаў: «Нафтана» і нашага раённага вузла электрычнай сувязі. P1140441

У «Б» класе выпуску 1970 года вучыўся вядомы рэжысёр, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай краіны Валерый Маслюк, які, на жаль, ужо ніколі не прыедзе ў сваю родную школу. А вось доктар медыцынскіх навук, былы рэктар Гомельскага медыцынскага універсітэта, які і цяпер займае прыкметную пасаду ў Мінску, Сяргей Жаваранак проста на гэты раз не змог адарвацца ад мноства спраў, якія даводзіцца вырашаць. Пра «Б» клас таксама можна шмат гаварыць. Напрыклад, Валерый Казьянін – афіцэр у адстаўцы, жыве ў Севастопалі, Галіна Маслоўская (Дук) шмат гадоў адпрацавала галоўным эканамістам «Райаграсервіса», Тамара Мялешка (Конах) – у сферы дашкольнага выхавання.

Цікавым было выступленне Ігара Пятроўскага, прадстаўніка выпуску на пятнаццаць гадоў пазнейшага, 1985-га. Ён сканцэнтраваўся на выпускніках школы, якія абралі ваенную справу. Сам — падпалкоўнік у запасе, служыў у розных месцах. Шануе аднакласнікаў, родную школу, педагогаў. І невыпадкова паднёс падарунак свайму былому настаўніку пачатковай ваеннай падрыхтоўкі С.Т.Белавусаву.

А выпускнікі 2000 года папоўнілі школьную калекцыю карцін.

Вядучыя задавалі пытанні прадстаўнікам гэтага і іншых выпускаў, якія сядзелі ў зале. Са сцэны гучалі музычныя падарункі ад сённяшніх вучняў і былых. Дзяўчаткі прыгожа танцавалі.

Пасля мерапрыемства некаторыя госці падыходзілі да дырэктара школы, выказвалі ўдзячнасць за шчыры прыём.

А пасля для многіх пачалася другая частка адной працяглай сустрэчы. Месцы ў рэстаране і кафэ «Еўропа» заказваюцца выпускнікамі за паўгода да такога вечара.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымках:

падарунак – школе; выпускнікі 1970 года.

 

 

 

 

 

 



1 комментарий по теме “Вечер встречи в Ушачской школе. Выпуск 1970 года.

  1. Александр Селезнев из Санкт-Петербурга:

    Благодаря работникам газеты нашел сестренку которую не видел 40 лет — Селезневу Наташу(на фото краяняя слева в первом ряду)
    Большое спасибо редакции!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *