Палацу Незалежнасці ў гэтым годзе спаўняецца 13 гадоў, за гэты час ён паспеў стаць неад’емнай часткай нацыянальнай гісторыі, мастацкай галерэяй і выставай дасягненняў беларускіх майстроў. Аднойчы Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што гэта агульнанародная рэзідэнцыя, яна стваралася, каб стаць гонарам, адметнасцю Беларусі, і прапанаваў адкрыць Палац для экскурсій. Першая адбылася летам 2015-га для моладзі. Сёння тысячы жадаючых у чарзе для таго, каб пабываць у Палацы Незалежнасці. Нягледзячы на рэжымнасць аб’екта і загружаны графік, штогод пляцоўку наведвае каля 7 тысяч чалавек. Жыхаркі Віцебшчыны адправіліся ў незвычайную паездку ў сталіцу ў рамках праекта, які рэалізуе БСЖ у Год беларускай жанчыны. У Палацы ўжо пабывалі прадстаўніцы прыгожай паловы большасці абласцей.
Мы пацікавіліся ва ўдзельніц ад нашага раёна іх уражаннямі.
– Перапаўняюць эмоцыі і гонар, якая ж велічная, прыгожая і моцная ў нас краіна! Запрашэнне на экскурсію асабіста для мяне стала сапраўдным і самым незвычайным падарункам якраз да дня нараджэння, – расказвае галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Вольга Качынская. – Цудоўную экскурсію правяла для нас прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. З першых хвілін яе шчырыя, цёплыя зносіны сцерлі афіцыйныя бар’еры і мы пагрузіліся ў дзіўную атмасферу. Дарэчы, яна з задавальненнем фатаграфавалася з усімі жадаючымі, з’явіўся і ў нас здымак з гэтай медыйнай беларускай жанчынай. А пачалося знаёмства з Палацам з самай вялізнай і светлай залы – урачыстых цырымоній, з вокнаў якой адкрываецца панарама на плошчу Дзяржаўнага сцяга. Пабывалі мы і ў іншых памяшканнях, якія бачылі толькі ў выпусках навін па тэлебачанні: ад афіцыйных цырымоній да легендарнай зялёнай залы, дзе вырашаюцца пытанні вялікай палітыкі. Кожны куток Палаца здзіўляе маштабам, вытанчанасцю і, галоўнае, тым, што ўсё гэта створана рукамі нашых беларускіх майстроў! Цікава было паслухаць, як праходзіць падрыхтоўка Кіраўніка дзяржавы да адказных міжнародных сустрэч, і зазірнуць у закуліссе дыпламатычнай працы.
- Наведаць Палац Незалежнасці прама зараз і разгледзець яго інтэр’еры, не выходзячы з дому, дазваляе віртуальны тур, які запрацаваў у пачатку 2021 года на абноўленым сайце Прэзідэнта Беларусі president.gov.by.

– Можна сказаць, што Палац Незалежнасці – яшчэ і своеасаблівая яркая выстава дасягненняў нашай краіны. Манументальны шэдэўр, створаны практычна цалкам з айчынных матэрыялаў. Інтэр’еры кожнага памяшкання ўнікальныя, але ўсё вытрымана ў класічным стылі, – дадае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Святлана Акулёнак. – Асаблівае ўражанне пакінуў музей падарункаў Прэзідэнту. Разглядаючы ўнікальныя сувеніры з усяго свету, разумееш, як высока цэняць і паважаюць нашу Беларусь на міжнароднай арэне. Але яшчэ больш кранае тое, з якой душэўнасцю Кіраўнік дзяржавы ставіцца да падарункаў, зробленых звычайнымі людзьмі ад чыстага сэрца. Палац – гэта не проста рэзідэнцыя, а сапраўдны народны здабытак і сімвал нашай сілы.
Кульмінацыяй экскурсіі стала ўнясенне фрагмента Віцебшчыны ў агульную “Карту адзінства”. На пано ў выглядзе контуру краіны паступова з’яўляюцца фатаграфіі беларусак з розных абласцей, якія пабылі на экскурсіі, кожны партрэт – асобная гісторыя, але разам яны складаюцца ў адзіны вобраз моцнай, прыгожай, працавітай
Беларусі.
Вольга КАМАРКОВА.

