“Віцьба” ўжо даўно заваявала аўтарытэт у спажыўцоў. Першыя сухія сняданкі і падушачкі з начынкай кандытарская фабрыка выпусціла ў 1991 годзе. За тры дзесяцігоддзі марка значна пашырыла лінейку сваёй прадукцыі і пераўтварылася ў буйное прадпрыемства, якое разам з філіяламі ў Полацку і Аршанскім раёне выпускае амаль 12 тысяч тон вырабаў у год.
Прадукцыю “Віцьбы” можна набыць амаль у кожнай краме нашага райцэнтра – у гэтым мы пераканаліся, наведаўшы гандлёвыя кропкі.
Так, магазін “Тры цаны” ў многіх асацыіруецца з прамысловымі таварамі, але ёсць тут і харчовы асартымент. Прычым, прадстаўлены на паліцах толькі самыя папулярныя вырабы, у ліку якіх, канечне, і “Віцьба”. “У нас ахвотна купляюць падушачкі, трубачкі, стабільна ўваходзяць у спіс самых запатрабаваных прысмакаў вафелькі”, – расказала нам прадавец Юлія Лёля.
У “Капеечцы” выбар таксама вялікі. Так, ушачанка Тамара Іванова прызналася нам, што аддае перавагу вафелькам “Вітоша”, а для ўнука заўсёды бярэ “Трубачкін” – гэта яго любімы ласунак на канікулах. Многія дзеці і дарослыя любяць сухія сняданкі: заліў малаком ці ёгуртам – і гатовы хуткі перакус.
“Віцьба” стала часткай штодзённага жыцця пакупнікоў і ўпэўнена займае сваю салодкую нішу ў сэрцах спажыўцоў. Папулярнасць жа брэнда тлумачыцца простымі рэчамі: стабільнай якасцю, натуральнымі інгрэдыентамі, шырокім асартыментам і пастаяннай прысутнасцю
ў крамах.
Цікавыя факты:
Фабрыка “Віцьба” – у пяцёрцы найбуйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёвую марку віцебскіх кандытараў добра ведаюць і за мяжой – у Расійскай Федэрацыі, Кітаі, Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, В’етнаме.
Прадукцыя прадпрыемства неаднойчы была ўдастоена высокіх узнагарод і станавілася пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў “Прадукт года”, “Выбар года”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, “Наша марка” і іншых.
Анастасія ПОЛАЗАВА.

