19-20 кастрычніка споўнілася роўна трыццаць год з дня правядзення першага Усебеларускага народнага сходу. З таго часу УНС склікаўся сем разоў, а ў 2022-м яго рашэнні атрымалі сілу закона. Мы ж працягваем успаміны дэлегатаў нашага раёна – былы дырэктар Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалай Аляксеевіч Гвоздзь прымаў удзел у рабоце народнага форуму двойчы – у 2001-м і 2010 гадах.
– “За моцную і квітнеючую Беларусь” – лозунг другога Усебеларускага народнага сходу стаў крылатым і лічу яго прымальным як для стратэгічных праектаў, так і планаў любога самага маленькага прадпрыемства. Менавіта гэта і адчуваў кожны з прысутных – мы на сваім працоўным месцы імкнуліся, каб наша дзяржава станавілася мацней. Гэта не пафасныя словы. Я перакананы, што ўсё і ва ўсе часы залежыць ад саміх людзей. І ў канцы 90-х-пачатку двухтысячных, калі моцна скарацілася фінансаванне многіх дзяржаўных праектаў, і не толькі па рэканструкцыі меліярацыйных аб’ектаў, Ушацкае ПМК-50 трымалася на плыву, асвойваючы новыя віды работ. Мы навучыліся ўкладаць плітку і падводзіць да дамоў ваду, мы ўзводзілі ачышчальныя станцыі і пракладалі газаправоды, атрымлівалі новыя ліцэнзіі і дзве з трох брыгад зараблялі не на профільных, а на другарадных работах.
Хаця форум 2001 года не быў такім вострым у палітычным плане, як першы, ён стаў яшчэ больш важны, паколькі ў падведзеных выніках работы першай пяцігодкі, мы не на словах, а на лічбах пераконваліся ў правільнасці эвалюцыйнага курсу. Мы захавалі суверэнітэт, у краіне не было больш разрухі, беззаконня, карупцыі і хаосу, а ў эканоміцы беларусы атрымалі найвышэйшыя вынікі, чым любая краіна былога СССР. У 2000-м у параўнанні з 1994-м у паўтара раза павялічылася колькасць сямей, якія палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. І ўсё гэта мы бачылі на сваіх, ушацкіх прыкладах. З’явіліся тавары, зышла ў нябыт талонная сістэма, пачаў расці жылы мікрараён на Віцебскай.
Закончыўшы аграрную акадэмію, я ўсё жыццё прысвяціў меліярацыі. Зразумела, што для мяне асабліва блізкімі былі планы па харчовай бяспецы, культуры земляробства. Калі езджу на сваю малую радзіму ці да сябра ў Смаленск, заўсёды прыглядаюся да зямель уздоўж трас і радуюся. Меліярацыя ў Беларусі не закансервавана, асушаныя землі, а гэта 3 мільёны гектараў ці трэцяя частка ўсіх ворыўных, запатрабаваны, на іх працягваецца рэканструкцыя, што асабліва бачна ў апошнія часы. Хоць і знаходжуся на пенсіі, аднак выпісваю спецыялізаваныя перыядычныя выданні і сачу за гэтым працэсам – штогод дзяржаўныя сродкі выдзяляюцца на “рамонт” прыкладна сёмай часткі зямель. Прыярытэт надаецца жытніцам краіны – 40 працэнтаў прыпадае на Брэсцкую вобласць, аднак ёсць ў Праграме меліярацыі і раёны Віцебшчыны.
На кожным Усебеларускім сходзе прымалася праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. І хачу звярнуць увагу на тое, як мяняліся з цягам часу арыенціры. Калі раней ставіліся мінімальныя планы на ўтрыманне эканомікі, на недапушчэнне беспрацоўя, то паступова эканамічны рост усё больш служыць павышэнню ўзроўню жыцця беларусаў. Колькі гадоў існуе падтрымка шматдзетных сямей, беспрэцэдэнтная яна ў нашай краіне і для пенсіянераў, працягваецца будаўніцтва жылля і стварэнне суперсучасных медыцынскіх цэнтраў. А на ІV Усебеларускім сходзе ў 2010 годзе было асобна сказана пра неабходнасць адкрыцця ў малых гарадах спартыўна-аздараўленчых комплексаў – і праз 7 гадоў мы ўжо наведвалі “Юнацтва-
Ушачы”, у які прыязджаюць з усёй краіны і нават замежжа. Гэта красамоўны прыклад таго, што прынятыя на форуме праграмы ніколі не разыходзіліся са справамі, а планавая эканоміка служыць інтарэсам людзей.
Вольга Караленка.

