Демография Ушачского района

Общество

На нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта быў разгледжаны ход рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Ушацкага раёна на 2007-2010 гады. З адпаведным дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама В.І.КАРЧЭЎСКАЯ.
– Нягледзячы на значную работу, праведзеную дзяржаўнымі органамі з мэтай рэалізацыі Праграмы, дэмаграфічная сітуацыя як у краіне, так і ў раёне застаецца складанай.
На працягу 2006-2010 гадоў колькасць насельніцтва рэгіёна зменшылася на 2,6 тысячы чалавек і склала на першае студзеня 2010 года 15,8 тысячы. На сённяшні дзень асаблівую трывогу выклікае смяротнасць насельніцтва. Колькасць памерлых у 2010 годзе ў тры разы перавысіла колькасць народжаных. Толькі за дзесяць месяцаў памерла 332 чалавекі (з іх 68 – людзі працаздольнага ўзросту), у 2009 годзе гэты паказчык складаў 168 чалавек.
Сёлета зарэгістраваны тры выпадкі патапленняў, дванаццаць самазабойстваў, два забойствы, шэсць выпадкаў атручвання алкаголем, два чалавекі загінулі ў выніку ДТЗ, тры – падчас пажараў. Асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў сталі злоўжыванне спіртнымі напіткамі, вядзенне асацыяльнага ладу жыцця, псіхічныя хваробы і іншыя.
У 2010 годзе ўдалося знізіць колькасць памерлых ад асноўных сацыяльна значных прычын: самазабойстваў – на 20 працэнтаў, атручванняў алкаголем – на 33,3, траўм і атручванняў – на 12, захворванняў сістэмы кровазвароту – на, інсультаў – на 19 працэнтаў.
Каб пэўным чынам паўплываць на паляпшэнне сітуацыі, у раёне арганізавана папераджальная работа. Праводзяцца лекцыі, медыцынскія работнікі выступаюць у СМІ. На базе лячэбна-прафілактычных устаноў раёна функцыянуе шэсць “школ здароўя” для дыспансерных пацыентаў. Для ранняга выяўлення хвароб і ўмацавання здароўя дарослага насельніцтва праводзіцца іх дыспансерызацыя з выяўленнем фактараў рызыкі. Сёлета медыцынскія агляды прайшлі 93 працэнты грамадзян. Для паляпшэння якасці дыягностыкі і лячэння насельніцтва раёна на працягу 2010 года закуплена медыцынскае абсталяванне на суму 191,856 мільёнаў рублёў. Праведзены бягучыя рамонты хірургічнага аддзялення і жаночай кансультацыі, Глыбачэнскай бальніцы. Сёлета ва Ушацкую ЦРБ прыйшлі працаваць 12 маладых спецыялістаў (у 2009 годзе іх было 5, у 2008 – 2). Колькасць пралечаных хворых склала 3399 (пры плане 2407). Перавыкананы дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна.
На жаль, у 2010 годзе захоўваецца тэндэнцыя зніжэння нараджальнасці. За дзесяць месяцаў у раёне нарадзілася 108 дзяцей, што на 24,5 працэнта менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Зарэгістравана 111 шлюбаў (у 2009 годзе – 112), скасавана – 35. Для стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі, стымулявання нараджальнасці і ўмацавання сям’і ў раёне праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне статусу і прэстыжу сям’і ў грамадстве. Сем’ям, дзе ёсць дзеці, аказваецца юрыдычная, псіхалагічная і сацыяльна-педагагічная дапамога.
Дзяржаўную падтрымку ў выглядзе адраснай сацыяльнай дапамогі атрымліваюць усе грамадзяне, якія маюць у гэтым патрэбу. Сёлета яна была назначана 113 заяўнікам. Для падрыхтоўкі дзяцей да школы 58 сем’яў атрымалі дапамогу на агульную суму 15,6 мільёна рублёў. Бясплатным харчаваннем забяспечана 165 дзяцей першых двух гадоў жыцця. Матэрыяльную дапамогу атрымалі таксама 13 сямей, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід.
Як вядома, сітуацыя на дарогах таксама значна ўплывае на дэмаграфічнае становішча. За дзесяць месяцаў 2010 года на тэрыторыі раёна зафіксавана адзінаццаць дарожна-транспартных здарэнняў, выяўлена 1701 парушэнне правілаў дарожнага руху. Каб зменшыць колькасць аварый і іх наступствы, супрацоўнікі аддзялення ДАІ пастаянна праводзяць прафілактычную работу з вадзіцелямі і пешаходамі, абследуюць утрыманне дарожнай сеткі, праводзяць праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў.
У ліку фактараў, якія павялічваюць смяротнасць, – пажары. Сёлета іх адбылося 22. За дзесяць месяцаў 2010 года супрацоўнікамі райаддзела МНС абследавана 8374 жылыя дамы грамадзян, праведзена 188 сельскіх сходаў.
Працягваецца работа па рэалізацыі мэтавых праграм, што датычацца падтрымкі пажылых людзей. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны банк дадзеных на 30 катэгорый грамадзян. На ўліку стаяць 6377 чалавек, з іх 392 – адзінокія, 2177 – адзінокапражываючыя, 519 – інваліды. Спецыялісты ТЦСАН пастаянна абследуюць матэрыяльна-бытавыя ўмовы гэтых катэгорый грамадзян, праводзяць неабходныя мерапрыемствы. З першага красавіка 2008 года функцыяніруе аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей на 30 месцаў, якое на сённяшні дзень цалкам запоўнена. Дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў 2010 годзе атрымалі 28 малазабяспечаных пенсіянераў на суму 6,9 мільёна рублёў, матэрыяльную дапамогу – 159 пенсіянераў на суму 11,5 мільёна рублёў.
Прымаюцца захады па працаўладкаванні грамадзян. За справаздачны перыяд створана 241 новае працоўнае месца. Пастаянную работу знайшлі 368 чалавек. На прафесійнае навучанне і перападрыхтоўку накіраваны 32 беспрацоўныя.
Усе названыя фактары значна ўплываюць на дэмаграфічную бяспеку ў раёне. У ліку найбольш адмоўных з’яў – высокі ўзровень смяротнасці, таму асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на здароўе людзей. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яно на 7-10% залежыць ад узроўню аказання медыцынскай дапамогі, на 19-20% – ад асяроддзя, на 20-22% – ад генетычных фактараў і аж на 50-55% – ад ладу жыцця і сацыяльных умоў. Таму наша мэта – намаганнямі ўсіх службаў і ведамстваў пераканаць чалавека не адносіцца бяздумна да свайго здароўя, фарміраваць ідэалогію, здольную абудзіць неабыякавасць да жыцця. Спадзяюся, што сумеснымі сіламі мы выканаем пастаўленую задачу.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *