Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну 24 лютага споўнілася б 85 гадоў

Наши земляки Юбилейные даты

“Я ўсё той жа ўшацкі малец…”

Народнаму паэту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Ленінскага камсамола, ганароваму грамадзяніну Ушацкага раёна Рыгору Іванавічу Барадуліну 24 лютага было б 85. А шэсць гадоў назад, 2 сакавіка, яго не стала. З нашага непрыкметнага кутка пайшоў у свет, тут і лёг у зямлю побач з самым дарагім чалавекам, бо “маме ў зямлі сцюдзёна”.

Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, пад самымі Ушачамі – куды пазней пераехала іх невялічкая сям’я. У вайну бацька загінуў, а маці, простая жанчына, выхавала сына, адправіла яго вучыцца ў Белдзяржуніверсітэт. У сталіцы застаўся і працаваць: у газеце ”Савецкая Беларусь”, часопісах “ ”Вожык”, “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура”.

“Мая Вушача мае сэрца…”

У 1984 годзе наш зямляк у складзе ўрадавай дэлегацыі БССР прыняў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Але гэта было не для яго. Той выезд выліўся ў прызнанне самому сабе: “Так надакучылі сінтэтычныя мяккія кілімы, штучнае паветра, што хочацца недзе каля Ваўчэнскага возера патрапіць пад золкі ды колкі вецер і завязнуць, каб аж падэшвы трашчалі, у разбітую машынамі і трактарамі гліну. І самому, як трактар, пыхкаць, дыхаць і чхаць, начхаўшы на ўсю гаварыльню”. А ў сваім вершы піша:

Там я зразумеў, што Нью-Ёрк не Ушачы

І Гудзон – не возера Вечалле.

У тыя, 1980-1990-я гады, Рыгор Барадулін пабываў з пісьменніцкімі дэлегацыямі ў Францыі, Польшчы, Балгарыі, Індыі, Непале і іншых месцах. У Кітаі зробіць запіс: “Па начах сніцца мама, ушацкая хата, многа знаёмых”. Часта Рыгор Іванавіч прывозіў на Ушаччыну калег па цэху. А ў канцы лета 1984-га нямала месцаў аб’ехаў з Васілём Быкавым. Пасля гэтага зрабіў такі запіс: “Я нямала пражыў на гэтай зямлі, але дзе б я ні быў, вобраз гэтага краю маленства – гэта нейкая дарожка, ручаёк, дуб і, вядома, людзі”. І далей: “Птушыны сон, праз кожную гадзіну прачынаешся. Да вайны Ушачы – людзей шмат, снуюць местачкоўцы, яўрэі, сяляне. У культмаг заходзіў на рэпрадукцыю (паглядзець) – як у музей”.

Дзе б ні быў Рыгор Іванавіч, усюды хата родная чакала, успамін пра родных вёў на Ушаччыну. І ў літаратурнай творчасці ніхто столькі не ўславіў сваю маці, як ён. У кожным зборніку – светлыя радкі пра яе. Самы маленькі, кішэнны, пад назвай “Босая зорка” выйшаў у 2001-м. У ім чытаем:

Я да скону заручаны з той стараною,

Дзе мама, як зорка, стаіць нада мною.

У зборніку “Ксты” – ёсць нават раздзел “З падстрэшша мамінае хаты”, дзе ў вершах сын увекавечвае сваю родненькую, вечна для яго жывую. Вось толькі некаторыя радкі: “Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль”, “Не адлучаўся я зусім з вушацкай хаты анікуды”, “Маміны вочы слухалі неба. Маміны рукі чыталі луг”…

І зусім ужо непадобная на іншыя зборнікі Рыгора Барадуліна – кніга ліставанняў яго з мамай (1954-1971) “Паслаў бы табе душу…”, якая выйшла ў 2009 годзе. Пра яе можна гаварыць бясконца і вучыць праз гэтыя пісьмы маладых людзей дабрыні.

“Мама перадала мне найвялікшы дар – мову нашую крывіцкую з вушацкаю падсветкаю, з вушацкім прысмакам”. Гэта ўжо словы з “Вушацкага словазбора Рыгора Барадуліна”: незвычайнага зборніка 2013 года, які ён так спяшаўся выпусціць, маўляў, “каб толькі не памерці”.

Сапраўднай скарбонкай жывога беларускага слова была для Паэта яго стрыечная сястра па бацьку Марыя Рыгораўна Трафімава, якая жыла на той жа вуліцы Школьнай, дзе да сённяшняга знаходзіцца хата Барадуліна. Голас яе “здорава коціцца”, гаварыў ён. Разважаў: “Маладзейшае пакаленне ўжо не чуе гэтага голасу. І не пачуе. Гэта трэба не ў запісе чуць, а душой, якая родам з паганства”. І яшчэ гаварыў: “Цікава, што песні аўтарскія бываюць і сучасныя, і мінулых гадоў, і толькі народныя нельга аб’явіць, назваць песнямі мінулых гадоў. Яны заўсягды надзённыя, сучасныя, бо вечныя, як зоры, як неба, як дол”.

Рыгор Іванавіч цесна супрацоўнічаў з кінадакументалістамі. Прыязджаў разам з імі на Ушаччыну. Тут ужо ён дзейнічаў як філолаг. Калі ў Глыбачцы, напрыклад, рабіўся запіс вяселля, ва Усвеі – жаніцьбы Цярэшкі, то выпісваў для сябе асобныя каларытныя слоўцы, што выйшлі з ужытку. Так і папаўняўся “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна”.

Любіў таленавітых землякоў

Таленавітых трэба падтрымліваць, бяздарныя праб’юцца самі. Ці не Рыгора Барадуліна гэта выслоўе. Бо ён якраз так паступаў са сваімі, нашымі літаратурна здольнымі землякамі.

Калі мы сем’ямі сустракаліся штолета з Барадулінымі, то я імкнулася расказаць Рыгору Іванавічу пра ўдасканаленне вершаў нашых мясцовых аўтараў. Аднойчы пазнаёміла яго з таленавітай маладой ушачаначкай Надзеяй Данішэўскай, якая пісала цудоўныя вершы на беларускай мове, друкавалася ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях. Дзяўчына пачытала вершы, і прайшла сустрэча настолькі хораша… Сталі фатаграфавацца, дык Рыгор Іванавіч з такім гонарам схіліў галаву да таленавітай зямлячкі!

А Алег Салтук, шумілінска-ушацкі паэт Беларусі, прызнаўся незадоўга да свайго адыходу ў іншы свет, што стаў набіраць вышыню ў прыгожым пісьменстве пасля таго, як у рэдакцыю “Патрыёта”, дзе тым часам ён працаваў, зайшоў Рыгор Барадулін.

Наогул, працуючы ў выдавецтве, наш знакаміты зямляк усяляк садзейнічаў станаўленню маладых аўтараў, а таксама прымаў непасрэдны ўдзел у выданні кніг вядомых пісьменнікаў… Свой талент і сэрца ён нястомна дарыў сваёй Радзіме, яе народу.

Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.

Непадуладнае гадам

Нядаўна мне ўдалося спраўдзіць даўнюю мару – пабываць на радзіме Рыгора Барадуліна. Пачалі мы экскурсію з магілы паэта, а потым прыбылі на яго сядзібу – убачылі яблыню, аб якой чыталі ў вершах, вяз ля весніц, паглядзелі новую школу… Пад уплывам гэтай паездкі ўзнікла думка падзяліцца з землякамі майго любімага аўтара ўспамінамі і каштоўнымі для мяне здымкамі.

Мая сустрэча з Рыгорам Іванавічам адбылася ў красавіку 1999-га. Ідэю запрасіць вядомага паэта на пасяджэнне гуртка “Наш родны край”, які я вяла ў 14-й гімназіі Мінска, ажыццявіць было не так проста з-за яго пастаяннай занятасці, аднак творца ўсё ж выкраіў час. Адзін з бацькоў нашых вучняў прывёз яго ў гімназію на ўласнай машыне і Рыгор Іванавіч адразу заваяваў вучнёўскую аўдыторыю. Рыхтаваліся ж пяцікласнікі да сустрэчы цэлы месяц: назубок вывучылі і прадэкламавалі ўрывак з паэмы “Куліна”, шматлікія іншыя вершы. Паэт, вядома ж, таксама прачытаў свае творы: жартоўныя кшталту “Акулы ў акуліста” і сур’ёзныя – як “Маленне за Беларусь”.

Божа, пашлі Беларусі

Ласку з Тваімі вачамі,

Сэрцы суцеш у скрусе,

Злітуйся над крывічамі…

Заварожана слухалі дзеці гэтыя радкі, а потым прыгадвалі ў творчых работах, якія пісалі пасля ўразіўшай іх сустрэчы. А яшчэ Рыгор Іванавіч адказаў на шматлікія пытанні: пра тое, напрыклад, што сваім лепшым сябрам лічыць Васіля Быкава, а літаратурнымі настаўнікамі – Янку Купалу і Максіма Багдановіча. Было бачна, што мерапрыемства спадабалася не толькі нам, але і самому паэту, пазней мы выбралі і адвезлі яму лепшыя малюнкі, здымкі і сачыненні. Напрыканцы ж хачу сказаць дзякуй цудоў­най ушацкай зямлі, якая ўзгадавала творцаў, уславіўшых нашу Беларусь.

Эма Іванаўна ВАСІЛЕВІЧ, г.Мінск.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *