Генерал Міхаіл Бураўлёў

Наши земляки

Нават постаць выдавала ў ім генерала. Падцягнуты, упэўнены ў сабе, і вельмі маладжавы. Срэбра валасоў не старыла, а толькі прыдавала асаблівы лоск. І сярод сваіх аднакласнікаў на сцэне Ушацкай школы праз 50 гадоў яго зялёная генеральская форма падкрэслівала: так, гэта ўсё той жа Міхаіл Бураўлёў – актывіст, выдатнік вучобы, спартсмен і пястун лёсу.

Хоць з апошнім выказваннем Міхаіл Георгіевіч, канечне, не пагадзіцца. І будзе правы, бо толькі з боку можа падацца, што ўсё лёгка, а на справе гэта праца, перш за ўсё над сабой.

Бацькі пастаянна былі на рабоце – абодва медыкі, яны часта затрымліваліся там і ў пазаўрочны час. Дзеці раслі самастойнымі і адказнымі. Сярод школьных прадметаў Міхаілу Георгіевічу цяжка вылучыць асобныя не толькі таму, што з усімі спраўляўся на выдатна (школу скончыў са срэбраным медалём). У іх выкладалі поўнасцю адданыя сваёй справе настаўнікі. А вось фізруку, былому ваеннаму, Аляксею Пятровічу Ляцягіну Міхаіл Георгіевіч усё ж удзячны асобна. Ён не проста любіў яго прадмет, а ўсур’ёз займаўся і яшчэ ў школьныя гады выканаў нарматыў першага спартыўнага разраду па валейболу, прымаў удзел у раённых спаборніцтвах па скачках. Дарэчы, са спортам ён сябруе ўсё жыццё. Не толькі падчас службы ў арміі, але і зараз. Прабежкі, турнік, гантэлі – 40 хвілін кожны дзень, таму і біцэпсы мае, як не кожны малады. Штодзённыя працэдуры – абавязковыя і без прымусу. “Трэба любіць сябе і, канечне, сачыць за станам свайго здароўя”, – перакананы Міхаіл Георгіевіч. Асабіста яму яшчэ дапамагае актыўная жыццёвая пазіцыя. Гэта, бадай, яго асноўны стымулятар, не лічачы БАДаў.

Сёння ідуць гарачыя спрэчкі наконт таго, варта ўжываць біялагічна актыўныя дабаўкі, ці не. Міхаіл Георгіевіч не толькі ўжывае, але і прапагандуе, распаўсюджвае і з’яўляецца заўзятым прыхільнікам фітатэрапіі. Як супрацоўнік Маскоўскага універсітэта Дружбы народаў, рыхтуе прэзентацыі і нават складае праграмы ўжывання фітапрэпаратаў, праводзіць асветніцкую работу сярод насельніцтва па санітарыі. І на тэрыторыі яго дачы акрамя кветак, якіх больш за 70 сартоў, уладараць лекавыя расліны.

За багатую жыццёвую практыку атрымана столькі ведаў! Сваю прафесію Міхаіл Георгіевіч па праву лічыць самай лепшай і самай патрэбнай. І ў выбары шляху ён ні на хвіліну не вагаўся. Вытрымаў вельмі вялікі конкурс у медыцынскі інстытут – 16 чалавек на месца, а ў працэсе вучобы вырашыў служыць у арміі.

Яго кар’ера як ваеннага медыка, развівалася вельмі хутка. Трапіў ён у ракетныя войскі стратэгічнага назначэння і ўвесь час займаўся эпідэміялогіяй. Даволі рызыкоўны, трэба зазначыць, занятак, бо чума ды халера ў той час сустракаліся яшчэ не рэдка. І за пяць першых год у Забайкаллі ён атрымаў багатую і карысную практыку. Калі ж стаў начмедам, у падпарадкаванні падпалкоўніка медыцынскай службы было 5 тысяч медыкаў, 12 дывізій з паўтысячным шпіталем у кожнай. І большую частку свайго часу ён правёў у шматлікіх камандзіроўках.

Закончыўшы вайсковую службу, канечне ж, не стаў адпачываць на дачы. Да 2002 года Міхаіл Георгіевіч з’яўляўся намеснікам старшыні Смаленскага абласнога камітэта аховы навакольнага асяроддзя. У адрозненне ад Беларусі – эколагі Расіі носяць пагоны, і Міхаіл Георгіевіч – генерал-майор менавіта экалагічнай службы. За ўклад у развіццё міжнародных сувязей, партнёрства з гарадамі-пабрацімамі і ахову навакольнага асяроддзя Смаленшчыны М.Г.Бураўлёў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Без лішняй сарамлівасці адзначае, што яго прозвішча многае значыць на Смаленшчыне, і зараз, калі выйшаў у адстаўку, актыўна займаецца грамадскай работай, з’яўляецца намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі Задняпроўскага раёна.

Вось такая біяграфія ў нашага земляка. Не проста цікавая, але і павучальная. Яго дэвіз: “Любіць сябе і займацца сабой трэба штодзённа” варта ўзяць на ўзбраенне ўсім.

М.Бураўлёў.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *