Молодёжная Доска почёта-2016. Знакомьтесь с одними из лучших представителей работающей молодёжи

Образование и молодежь

Сярод працуючай моладзі Ушаччыны нямала старанных, адданых сваёй прафесіі людзей, актыўных, гатовых узяцца за любую даручаную справу. Стала добрай традыцыяй да Дня моладзі ўшаноўваць лепшых маладых работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама заносіць іх прозвішчы на своеасаблівую маладзёжную Дошку гонару, ну а “Патрыёт” традыцыйна знаёміць чытачоў з яе героямі.

Алена Федуковіч. Гэтую абаяльную дзяўчыну ва Ушачах, напэўна, ведае кожны. Дзяжурным электрамеханікам станцыйнай групы вузла электрасувязі яна працуе з 2008 года. Галоўная якасць Алены – працавітасць. Своечасова і якасна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі, здольна справіцца з вялікім аб’ёмам работы. Прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне і вобласці: спаборніцтвах па дартсе, лыжных гонках, зімняй спартакіядзе, а таксама ў разнастайных парадах і шэсцях. Больш таго, з’яўляючыся старшынёй прафкама РВЭС, Алена і сама арганізуе культурна­масавае жыццё калектыву. Вольны час стараецца праводзіць з сям’ёй: мужам і маленькім сыночкам.

Анастасія Лёля. Зусім нядаўна ўлілася ў калектыў ДРБУ­-105, скончыўшы Віцебскі індустрыяльна­будаўнічы каледж. Паспяхова спраўляецца з абавязкамі інжынера па якасці. Неаднаразова ўдзельнічала ў раённых спаборніцтвах па розных відах спорту. Тактычная і ўважлівая. Сядзець на адным месцы – не ў правілах Анастасіі. Актывістка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – ад грамадскага аб’яднання ў якасці назіральніка прымала ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з дабрачыннымі візітамі наведвала дом сямейнага тыпу ў Арэхаўне.

Наталія Курбака. Настаўніца пачатковых класаў Ільюшынскай школы заўсёды ў акружэнні сваіх вучняў, якія не толькі з задавальненнем прыходзяць на ўрокі, але і імкнуцца правесці з ёй вольны час. Знайсці падыход да маленькіх непасед, падрыхтаваць іх да асэнсаванай вучобы Наталіі дапамагае вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці, а таксама вялікая апантанасць сваёй прафесіяй. Стала пераможцам раённага конкурсу “Педагог года” ў намінацыі “Педагагічная надзея”. Любіць чытаць, маляваць, захапляецца батыкам. Дарэчы, многімі творчымі ідэямі дзеліцца са сваімі вучнямі, у якіх вядзе гурток выяўленчага мастацтва.

Ксенія Селезень. Гэтай усмешлівай адкрытай дзяўчыне штодзень даводзіцца бачыць тое, ад чаго многіх з нас кідае ў жар: пераломы, кроў, чалавечыя пакуты. Медыцынскай сястрой хірургічнага кабінета працуе ўжо больш 4 гадоў. Дагэтуль была загадчыцай Старасельскага ФАПа, медсястрой участковай дзіцячай кансультацыі. На ўсіх гэтых пасадах Ксенія атрымлівала толькі станоўчыя водгукі ад пацыентаў у свой адрас, заслужыла павагу і сярод калег. Спакойная і сціплая. Прапагандуе здаровы лад жыцця. А лепшым адпачынкам для сябе лічыць час, праведзены з сям’ёй.

Пётр Алексяёнак. Вельмі творчы чалавек – практычна ніводнае мерапрыемства на Ушаччыне не праходзіць без яго ўдзелу. Сваім артыстызмам, звонкім голасам і віртуознай гульнёй на гармоніку пакарыў ужо сэрцы многіх – ад малога да вялікага. Валодае рознымі рамёствамі. Сваім задорам і ўменнямі Пётр штодзень дзеліцца з юнымі ўшачанамі, працуючы педагогам­арганізатарам раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У гэтым навучальным годзе яго выхаванцамі заваявана 12 дыпломаў і грамат абласнога ўзроўню. Сам жа Пётр стаў дыпламантам абласнога агляду­конкурсу “Ёлка­ФЭСТ­2015”, адзначаны граматай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу вусных часопісаў “Прырода і чалавек у ёй”.

Мікалай Гаўрылюк. Прынцыповасць і бескампраміснасць – галоўныя рысы інспектара дарожна­патрульнай службы аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі. У наш раён Мікалай, ураджэнец Расоншчыны, прыехаў пасля заканчэння Себежскага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці правазнаўства, службы ў арміі і года працы ў Полацкім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Любіць сваю работу і дзеля забеспячэння парадку дарожнага руху гатовы ахвяраваць асабістым часам. Сябруе са спортам і пасля дзяжурстваў не супраць пабегаць на стадыёне.

Марына Жынь. Правізар-­рэцэптар цэнтральнай аптэкі №65 Ушацкага раёна бездакорна арыентуецца ў моры лекавых сродкаў. Гэтаму дзяўчына навучылася ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Любіць сваю прафесію, ганарыцца першым працоўным месцам, а таму і выконвае ўсе абавязкі старанна. Заўсёды з увагай абслугоўвае кліентаў, імкнецца даць ім кваліфікаваныя парады. Сёлета Марына стала прызёрам абласнога конкурсу УП “Фармацыя” сярод маладых спецыялістаў. Выдатна ладзіць з калегамі і карыстаецца сярод іх аўтарытэтам.

Вольга Цішкова. За правільнасць і хуткасць правядзення банкаўскіх аперацый у аддзеле рознічных паслуг РКЦ №37 г.п.Ушачы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” можна не хвалявацца: у гэтым сектары не першы год працуе граматны спецыяліст па аперацыйна­касавай рабоце ў асобе Вольгі. Яна паспяхова спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы і ўсімі абавязкамі. Любіць дакладнасць і акуратнасць. У зносінах з кліентамі заўсёды ветлівая, тактоўная. Мае многа сяброў. Захапляецца цырульніцкім мастацтвам – модную стрыжку ці ўкладку зробіць сабе і блізкім. Вольны ад работы час прысвячае сям’і.

Таццяна Кандрацкая. У магазіне “Родны кут” гарпасёлка Таццяна працуе прадаўцом з 2014 года. Заўсёды ўраўнаважаная і ўважлівая. Сумленна адносіцца да выканання ўскладзеных на яе абавязкаў і ўвогуле лічыць сваю гандлёвую кропку самай лепшай. Сёлета Таццяна стала прызёрам конкурсу прафесійнага майстэрства сярод работнікаў спажыўкааперацыі. Нават не верыцца, што па спецыяльнасці яна фельчар ветэрынарнай медыцыны. Вольны час праводзіць з блізкімі, выхоўвае двух дзетак. Захапляецца валейболам, не раз прымала ўдзел у раённых спаборніцтвах па гэтым відзе спорту.

Руслан Селезень. На складаным участку водаправодных і каналізацыйных сетак хлопец працуе з 2013 года: спачатку быў майстрам, зараз жа займае пасаду начальніка. Усё тэхналагічнае абсталяванне Руслан ведае як свае пяць пальцаў – гэта дазваляе хутка выяўляць няспраўнасці і прымяняць неабходныя меры для іх ухілення. Тактоўны, стараецца хутка аказаць дапамогу ўшачанам пры іх зваротах. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег. Любіць рыбалку, на якую пакуль не хапае часу: абсталёўвае жыллё, якое ім з жонкай выдзеліла жыллёва-­камунальная гаспадарка.

Марына Андзіна. Гэтую дзяўчыну не напужаеш выхадам на сцэну: там яна адчувае сябе як рыба ў вадзе. Пасля заканчэння Наваполацкага музычнага каледжа ў 2013 годзе Марына прыехала па размеркаванні ва Ушачы. Некаторы час працавала мастацкім кіраўніком Вяркудскага СДК, цяпер з’яўляецца хормайстрам аддзела культурна­масавай работы і народнай творчасці РДК. Удзельнічае ва ўсіх культурна­масавых мерапрыемствах, вакальных конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню. З’яўляецца кіраўніком дзіцячага і дарослага вакальных калектываў. Імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень – зараз вучыцца на 4 курсе завочнага аддзялення Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Таццяна Плікат. Ва Ушацкай сярэдняй школе працуе з 2012 года – выкладае англійскую мову. Вельмі любіць сваю справу, што дапамагае дзяўчыне дасягаць выдатных вынікаў. Не аднойчы яе вучні станавіліся прызёрамі раённага этапу фестывалю міжкультурных камунікацый і рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. У Таццяне вельмі гарманічна спалучаюцца прафесіяналізм, працавітасць і жаночае абаянне. Яна прымае актыўны ўдзел у школьных і раённых мерапрыемствах. Захапляецца спортам, сёлета стала пераможцам па гімнастыцы ў спартакіядзе працоўных калектываў Ушаччыны.

Юрый Кісель. У экстрэмальнай сітуацыі гэты малады чалавек не губляе самавалодання, дзейнічае смела і рашуча. А інакш і немагчыма, бо ён выбраў прафесію выратавальніка. Службу ў органах па надзвычайных сітуацыях Юрый праходзіць з 2009 года, займаў пасады пажарнага і старшага пажарнага, а з 2015­-га назначаны начальнікам пажарнага аварыйна­-выратавальнага паста ў Вялікіх Дольцах. Пастаянна павышае прафесійнае майстэрства, а залікі па службовай і фізічнай падрыхтоўкам здае выключна на “выдатна”. Валодае арганізатарскімі здольнасцямі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву і раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *