Делегация Ушачского района приняла участие в 57-й встрече на Кургане Дружбы на границе Беларуси, Латвии, России

Общество

Шмат людзей сабраліся 2 ліпеня на стыку межаў Латвіі, Расіі і Беларусі, каб у 57-ы раз ушанаваць памяць воінаў, якія загінулі ў барацьбе з нацызмам. Адлік сустрэч на поўначы Вернядзвінскага раёна пачынаецца з 1959 года, калі па ініцыятыве камандзіраў партызанскіх злучэнняў было створана памятнае месца – Курган Дружбы. Да 1991 года арганізатарамі сустрэч  былі ўсе краіны-удзельніцы, зараз – толькі Беларусь і Расія.

На вяршыні Кургана Дружбы, насыпанага зямлёй з магіл герояў-партызан і савецкіх воінаў, расце дуб, які сімвалізуе баявую садружнасць партызан. З трох бакоў яго акружаюць гранітныя пліты з надпісамі на рускай, латышскай і беларускай мовах. Да кожнай пліты вядзе алея: з боку Латвіі – ліпавая, з боку Расіі – кляновая, а з боку Беларусі – бярозавая.

Сёлета Віцебская вобласць была прадстаўлена  маштабна – усімі рэгіёнамі. Дэлегацыю Ушацкага раёна ўзначальваў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч. Пскоўская вобласць таксама накіравала на сустрэчу кіраўніцтва адміністрацыйных адзінак. Новая традыцыя павінна спрыяць цеснаму супрацоўніцтву рэгіёнаў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў на мітынгу падкрэсліў, што наша краіна выступае як за далейшае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, так і за развіццё адносін з краінамі Балтыі-членамі Еўрасаюза на роўных і ўзаемавыгадных умовах, за рэалізацыю сумесных праектаў.

Беларусь, Расію і Латвію на мяжы злучаюць масты, якія ў дні правядзення сустрэч на Кургане Дружбы набываюць сімвалічнае значэнне. Як трапна выразіўся калега кіраўніка Віцебшчыны, губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Анатольевіч Турчак – масткі зносін павінны станавіцца шырэй і ператварыцца ў сапраўдную дарогу па абмене не толькі гуманітарнымі, але эканамічнымі і навуковымі праектамі.

Расіяне з беларусамі падчас сустрэч на Кургане Дружбы ходзяць адзін да аднаго ў госці без аніякіх перашкодаў. Латвійскія пагранічнікі не прапускаюць на свой бок без візавых адзнак. Але сёлета дазволілі не толькі  перадаць кветкі і вянкі  да помніка прадстаўнікам беларускай і расійскай  дэлегацыі, але і абмяняцца поціскам рук. Невялікую латышскую дэлегацыю на нашым баку ўзначаліў дэпутат Сейма Артур Рубікс.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, якая таксама прымала ўдзел у сустрэчы, падзялілася ўражаннямі аб мерапрыемстве:

– Галоўнымі ўдзельнікамі былі, канечне ветэраны, а знакамітую “Кацюшу” падхапілі з латвійскага боку не толькі яны, але і моладзь – там таксама адбылося свята. Нягледзячы на рознагалоссі ў некаторых пытаннях знешняй палітыкі міралюбівая пазіцыя нашай краіны знаходзіць водгукі ў сэрцах калі не дзяржаўных дзеячаў, то простых людзей суседніх дзяржаў. Дзякуючы граматнаму паслядоўнаму развіццю добрасуседскіх адносін з боку кіраўніцтва Беларусі, народнай дыпламатыі, калі кантакты ўстанаўліваюцца паміж прымежнымі рэгіёнамі, пляцовак для зносін становіцца больш. Гэта дае надзею, што нашы народы захаваюць мір і дружбу, цяпло чалавечых адносін і той маральны стрыжань, у аснове якога гераізм і подзвігі пераможцаў.

Кіраўнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей і ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці наведалі выставу прадукцыі прадпрыемстваў Віцебшчыны, сярод якіх быў і Ушацкі агароднінасушыльны завод. Пасля мітынгу свае таленты паказалі творчыя калектывы Віцебшчыны, а М.М.Шарснёў і А.А.Турчак разам з прадстаўнікамі духавенства ў капліцы Сергія Раданежскага паставілі памінальныя свечкі ў памяць аб загінуўшых воінах і партызанах трох краін. А Курган Дружбы, дарэчы, становіцца не толькі ўвасабленнем памяці і гонару, а і сімвалам будучых перспектыў краін з агульным мінулым.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *