Группа слушателей курсов повышения квалификации Академии управления при Президенте Республики Беларусь посетила Ушачский район в рамках учебной программы

Общество

“Адпачылі душой” – агульнае ўражанне групы слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якія ў  адзін з чэрвеньскіх дзён наведалі наш раён у рамках вучэбнай праграмы. Чым можа ўразіць Ушаччына жыхара буйнога горада ці кіраўніка прадпрыемства са штатам, большым за агульную колькасць занятых у прамысловасці нашага раёна? Пакінуўшы па­за дужкамі самы просты варыянт аб прыгажосці прыродных ландшафтаў, унікальнасць якіх мы “замыленым” вокам часта недаацэньваем, улічваючы адсутнасць гігантаў індустрыі і аграхолдынгаў застаецца не так і многа варыянтаў – уменнем гаспадарання ў няпростых умовах. А таксама багаццем культурнай спадчыны, шчырасцю і пачуццём патрыятызму жыхароў.

Яго высокі ўзровень прарэ­ктар па вучэбнай рабоце, дырэктар інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Шаўрук адзначыў, калі 9 мая бягучага года прымаў удзел ва ўрачыстым адкрыцці пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Кандыдат гістарычных навук, як і многія, спачатку не паверыў, што пры ўсіх фінансавых складанасцях можна было выка­наць такія вялікія аб’ёмы работ за сціслыя тэрміны. А даведаўшыся аб сапраўды ўсенародным характары будоўлі, да якой прыклалі рукі тысячы ўшачан, узяў наш раён “на карандаш”, каб уключыць яго наведванне ў практычны курс вучэбнай праграмы сваёй навучальнай установы.

І першую дэлегацыю доўга чакаць не прыйшлося. У яе склад увайшлі прадстаўнікі амаль усіх рэгіёнаў нашай краіны. Некаторыя кіраўнікі адміністрацый раёнаў Магілёва і Бабруйска прызнаваліся, што ідэю наведвання Ушацкага раёна першапачаткова разглядалі з вялікай доляй скептыцызму, маўляў, “што там глядзець!” Але пад канец візіту змянілі сваё меркаванне на адваротнае і дзякавалі за гэту магчымасць як дэкану факультэта павышэння кваліфікацыі інстытута дзяржаўнай службы Міхаілу Мікалаевічу Кустоўскаму, так і кіраўніцтву раёна.

“Ці працуем з Ушачамі?” – ужо праз некалькі хвілін тэлефанаваў дырэктару аднаго з заводаў старшыня адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, пакуль намеснік дырэктара ТАА “Твестуба” па вытворчасці Мікалай Данілавіч Апёнак знаёміў гасцей з прадукцыяй і яшчэ непрацяглай гісторыяй развіцця прадпрыемства. Са здзіўленнем даведаліся прадстаўнікі Гродзеншчыны, што маляўнічая прыгожая ўпакоўка сувенірнай прадукцыі іх лікёра­гарэлачнага завода таксама мае ўшацкае паходжанне – выдатная рэклама раёна!

А пачыналася праграма з “КВАТа”. Гэта малое прадпрыемства працуе толькі з мінулага года, а геаграфія дзейнасці і спецыялізацыя выпускаемай прадукцыі, якая амаль цалкам ідзе на экспарт, здзівіла гасцей. Кіраўнік “КВАТа” Вера Валер’еўна Дзямешка разам з расійскімі інвестарамі­заснавальнікамі правялі экскурсію па вытворчых цэхах, паказалі ўзоры генератараў, магутнасцей якіх хапае на энергазабеспячэнне прамысловых пасёлкаў нафтаздабываючых кампаній. Ва Ушачах прадукцыя збіраецца з камплектуючых з усяго свету і выходзіць амаль гатовай да выкарыстання, толькі некаторая электронная “начынка” дабаўляецца ў Санкт­-Пецярбургу.

Гасцей уразіла высокатэхналагічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца на малых прадпрыемствах, і той факт, што работнікі вучыліся працаваць на ім непасрэдна на рабочых месцах.

Таксама добрыя ўражанні засталіся ў слухачоў курсаў ад наведвання агароднінасушыльнага завода – аказалася, што брэнд “Вечалле” ведалі не толькі кіраўнікі і дзяржслужачыя Віцебшчыны, а амаль усе члены дэлегацыі. Ацанілі яны і смакавыя якасці мінеральнай вады і напіткаў – мінімум не горш раскручанай “Дарыды” або “Мінскай”. Магчымасць прадэгуставаць прадукцыю госці атрымалі і на хлебазаводзе райспажыўтаварыства, адзначылі яе якасць і разнастайнасць, што дазваляе задаволіць густы самых запатрабавальных пакупнікоў.

Кіраўнікі прадпрыемстваў, раёнаў і адміністрацый гарадоў, супрацоўнікі Акадэміі цікавіліся літаральна ўсім – старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч ледзь паспяваў адказваць на пытанні. Праблемы ў розных рэгіёнах падобныя, але не ўсюды вырашаюцца аднолькава. Прадстаўнікі заходніх абласцей пагаджаліся з тым, што ва ўмовах нізкай бальнасці зямель Віцебшчыне значна складаней у параўнанні з іх раёнамі весці сельскую гаспадарку і аддавалі належнае нашым працаўнікам сяла, якія дабіваюцца нядрэнных вынікаў. Гараджане з цікавасцю разглядалі элементы добраўпарадкавання, горача абмяркоўвалі ўбачанае. Некаторыя з гасцей, як напрыклад старшыня Воранаўскага райвыканкама Гродзенскай вобласці, не толькі на Ушаччыне, але наогул на Віцебшчыне быў упершыню. “Мабыць, не так даўно мерапрыемства рэспубліканскага маштабу ў вас праходзіла, чыста ўсюды, абкошана, акуратна”, – выказваў меркаванне кіраўнік. Між тым, наведвалі госці не толькі цэнтральныя вуліцы гарпасёлка.

“Такі аб’ект павінен працаваць на ўсю краіну, а не толькі на Прыдзвінскі край!” – рэзюмавалі ўдзельнікі мерапрыемства, калі група завяршала працоўны дзень экскурсіяй на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Да гэтага госці з цікаўнасцю прайшліся па выставачных залах музея народнай славы, пабывалі на радзіме Васіля Быкава ў Бычках. “Які пласт культуры, якія традыцыі і гераічнае мінулае!” – не хаваў захаплення старшыня Чачэрскага райвыканкама Гомельшчыны. – Яго захаванне на такім узроўні можна параўнаць з працоўным подзвігам!”

Будоўлі на Віцебскай, работы на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, над укладкай тратуараў на Калінінскай таксама не засталіся незаўважанымі. “Жыве глыбінка, развіваецца” – рабілі высновы госці. Кіраўнікі раёнаў Віцебскай вобласці агучвалі планы па арганізацыі экскурсій на “Прарыў”,  мінчане і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў абмяркоўвалі, ці спатрэбіцца  ім прадукцыя “Твестубы” і дзе можна было б выкарыстаць генератары “КВАТа”, адзначалі турыстычную прыцягальнасць нашага раёна. У блакнотах і мабільных тэлефонах кіраўнікоў самага рознага рангу засталася кантактная інфармацыя прадпрыемстваў Ушаччыны, а ва ўспамінах – пазітыў і жаданне пабываць тут зноў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *