Ушачский райком профсоюза работников АПК подвёл итоги соревнования по заготовке кормов и поощрил победителей

Сельское хозяйство

“Адкрывайце актавы зал, усіх спецыялістаў клічце!” – даваў указанні свайму намесніку дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка, калі ў сераду старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Мікалаевіч Круглік наведаў гаспадарку, каб уручыць дыпломы і грашовыя прэміі пераможцам раённага спаборніцтва па корманарыхтоўцы. Сёлета іх больш, бо ўпершыню за апошнія гады прафсаюз вызначаў лепшых не толькі на традыцыйных касьбе, здрабненні зялёнай масы і яе адвозцы, але і на валкаванні траў, прасаванні сена. Вось толькі якой бы ні была колькасць першых месцаў, мінімум палову з іх з году ў год займаюць ільюшынскія механізатары.

У многім гэтаму спрыяюць аб’ёмы, бо забяспечыць кармамі неабходна самы вялікі ў раёне статак жывёлы. Але майстэрства, працавітасць і гаспадарскія адносіны да тэхнікі ўсё ж з’яўляюцца рашаючым фактарам. Чатыры з шасці пераможцаў спаборніцтва маюць ільюшынскую “прапіску”. Прычым першыя месцы яны займалі ўжо на пачатак ліпеня, калі ў гаспадарцы корманарыхтоўка яшчэ пачыналася. Таму на сённяшні дзень іх паказчыкі ў параўнанні з “канкурэнтамі” з іншых сельгаспрадпрыемстваў, дзе масавая касавіца скончылася раней, толькі падраслі.  Пётр Качан на МТЗ­1221 з ПС­45 на адвозцы абышоў Генадзя Чыграя з КУСГП “Глыбачаны” і як і ў мінулым годзе апынуўся на першым радку раённых зводак. З пачатку сезона нарыхтовак не сыходзілі адтуль Аляксандр Майсеенка з Віктарам Буйніцкім і ў выніку падзялілі першае месца сярод механізатараў, якія працавалі з касілкамі. Змяніў мінулагодняе срэбра на пазіцыю лідара Мікалай Ступко – ён на КВК­800 быў заняты на здрабненні зялёнай масы. Улічваючы колькасць перадавікоў, уручэнне ўзнагарод у гаспадарцы вырашылі правесці не на рабочым месцы – у полі, а ў актавай зале, у прысутнасці членаў працоўнага калектыву.

Трэба сказаць, што ў “Ільюшынскім” цэняць свае кадры. Мерапрыемствы па іх ушанаванні тут не адзінкавыя, праводзяцца традыцыйна і з’яўляюцца добрым стымулам для далейшых працоўных поспехаў. Гэта было бачна і па задаволеных тварах механізатараў, якіх У.М.Круглік павіншаваў з перамогай. “І для мяне наведванне вашай гаспадаркі пры падвядзенні вынікаў спаборніцтваў становіцца традыцыяй. Жадаю, каб яна не перарывалася!” – пажадаў далейшых працоўных поспехаў прафсаюзны лідар. Словы ўдзячнасці разам з дружнымі апладысментамі сваім перадавікам адрасавалі прадстаўнікі адміністрацыі гаспадаркі.

І калі механізатары “Ільюшынскага” да ўвагі прывыклі, то ў маладога механізатара КУСГП “Вялікадолецкае” Юрыя Казачонка, які больш усіх у раёне запрасаваў сена, яшчэ ўсё наперадзе. На сваім МТЗ­82 хлопец працуе на розных відах работ, у спіс перадавікоў, што заносяцца на зацверджаную ў нашай газеце Дошку гонару, перыядычна трапляў і раней. А вось  перамогу ў раённых спаборніцтвах атрымаў упершыню, прыкметна хваляваўся і саромеўся, атрымліваючы з рук У.М.Кругліка заслужаную ўзнагароду.  Яшчэ адным героем корманарыхтоўкі стаў працаўнік ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” Аляксандр Цецераў, які вызначыўся на валкаванні траў.

Зараз лепшыя механізатары касавіцы займаюцца рознымі справамі. Напрыклад, П.Качан паралельна з рамонтам трактара рыхтуе прычэп да перавозкі зерня, плугі, з якімі будзе працаваць увосень. В.Буйніцкі і А.Майсеенка касілкі пакуль не адчапілі і прыводзяць у парадак пашы, паралельна ладзяць прэсы пад уборку саломы, на камбайн пераходзіць М.Ступко. Зрэшты, гэтым людзям можна даверыць любы ўчастак работы і быць спакойным за вынік – не падвядуць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *