Очистку канализаций должны проводить специалисты. Не рискуйте своей жизнью!

Профилактика и безопасность

Цёплым чэрвеньскім вечарам у вёсцы Каменка, што ў Крупскім раёне Міншчыны, нічога не прадказвала трагедыі. Людзі займаліся звыклымі справамі: адпачывалі, шчыравалі на градках і па гаспадарцы. Убачыўшы, што забілася каналізацыя, 42-­гадовы Сяргей не стаў адкладваць праблему на заўтра і ў прыцемках спусціўся па лесвіцы ў 6­метровы каналізацыйны калодзеж… Назад мужчына не вылез. На крыкі яго блізкіх на падворак пачалі збягацца людзі. Ратаваць Сяргея ў калодзеж палезлі сусед­-пенсіянер і яго зяць, калі ж і яны зніклі ў цёмных нетрах, яшчэ адзін вясковы хлопец кінуўся ў смяротную бездань. Тым часам на месца здарэння прыбылі выратавальнікі. Першы, што быў у масцы і з кіслародным балонам, здолеў выцягнуць на паверхню аднаго з мужчын, аднак сам адчуў сябе дрэнна. Пакуль яму аказвалі дапамогу, два яго калегі пад крыкі натоўпу “Чаго ж вы стаіце?” таксама палезлі ў калодзеж – прычым, без спецыяльных сродкаў аховы. Гэты гераічны, але безразважны ўчынак каштаваў ім жыцця – маладыя выратавальнікі памерлі праз некалькі гадзін у бальніцы. Такім чынам, шасцёра мужчын пайшлі з жыцця, выратоўваючы адзін аднаго – загінулі недарэчна, літаральна на роўным месцы!

Галоўнай жа прычынай гэтага стаў недахоп ведаў і недаацэнка небяспекі, якую ўтойвае ў сабе сістэма каналізацыі. Калі нехта думае, што гэты выпадак унікальны, то ён памыляецца – падобныя трагедыі нярэдкасць. Любыя работы ў водаправодна­каналізацыйных калодзежах на прыватных падворках небяспечныя для жыцця і здароўя, а таму іх тэхнічнае абслугоўванне павінна ажыццяўляцца прафесіяналамі – спецыялістамі жыллёва­камунальных арганізацый, водаканала, прыватных структур, якія маюць адпаведную ліцэнзію.

Напэўна, назіраючы за тым, як брыгада сантэхнікаў працуе ля калодзежа, многія заўважалі, што непасрэдна ўнутр спускаюцца адзін­два работнікі, а некалькі іншых застаюцца на паверхні. Недасведчаныя прахожыя нават часам ёрнічаюць на гэты кошт – маўляў, адзін працуе, астатнія “кураць”. Але ж выкананне такіх работ патрабуе надзвычайных мер перасцярогі і абавязковай “страхоўкі” зверху. Ды і курыць ля люка, канечне, ні ў якім разе нельга! Справа ў тым, што ў калодзежы могуць накоплівацца выбуханебяспечныя і атрутныя газы (метан, вокіс вугляроду, сярністы газ, аміяк, серавадарод або розныя іх камбінацыі). Асабліва іх канцэнтрацыя ў калодзежы павышаецца ў спякотныя дні, калі вельмі хутка ідзе працэс раскладання біялагічных рэчываў. Двух­трох удыхаў можа быць дастаткова, каб чалавек страціў прытомнасць (як, дарэчы, і здарылася ў апісаным вышэй выпадку). А таму спецыялісты павінны працаваць у калодзежы выключна з выкарыстаннем сродкаў індывідуальнай абароны.

Ушачанам, дамы якіх абсталяваны сістэмай каналізацыі, хачу нагадаць, што каб пачысціць засмечаны калодзеж, неабходна заключыць дагавор з УП ЖКГ на яго абслугоўванне. Варта ведаць, што вельмі небяспечна не толькі спускацца ўніз, але і нават адкрываць крышку калодзежа, паколькі яе выпадковае падзенне можа справакаваць удар і выклікаць іскру, якая прывядзе да выбуху метану.

Не рызыкуйце жыццём. Даверце небяспечную работу спецыялістам.

В.СЕКАН, інжынер па ахове працы Ушацкага УП ЖКГ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *