Каго з нецярплівасцю чакаюць у кожнай вёсцы і спяшаюцца з хат, пачуўшы сігнал? Канечне, аўтакрамы. Хаця гудок летам і не патрэбны. Усе, хто планаваў пакупкі, прыходзяць на прыпынак загадзя і такім чынам два разы на тыдні атрымліваецца “сход вёскі” – улетку больш масавы, паколькі прыехалі дачнікі, унукі, а то і карэнныя жыхары вярнуліся з гарадской пабыўкі.
Гэта адна з прычын, чаму выручка ў летнія месяцы значна вырастае, ну а з пачатку чэрвеня, калі аўтакрамы перададзены Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы, і аб’ём продажу павялічыўся ўдвая. Сакрэт просты – у аўтакраме ёсць усё. “Аўсяныя шматкі нарэшце з’явіліся, агародніна танней, чым у магазінах райцэнтра, – казалі нядаўна жыхары Немірова. Ну і лепш чым хто заўважылі перамены самі кааператары. “Павялічыўся асартымент рыбы, марожанага, кураціны як цалкам, так і ў апрацоўцы, з’явіліся новыя вытворцы, напрыклад, пельмені былі раней толькі ўшацкія, так што паліцы аўтакрам папаўняюцца штодня. Вельмі многа заказаў на сёння, напрыклад, Міхаіл Рубанік, які абслугоўвае матырынскі напрамак, дзе шмат дачнікаў. Ён, як і Аляксей Кляпец, Мікалай Курбака, працуюць без прадаўцоў, з двайной нагрузкай, астатнія зоны абслугоўваюць экіпажы”, – расказвае таваразнаўца Ірына Бурак.
Так, вопытныя работнікі разумеюць, што чым больш тавару прапануюць, тым больш разыдзецца. А яны абавязкова нагадваюць жыхарам не толькі пра навінкі, але і пра густы саміх пакупнікоў, бо ведаюць іх дасканала. А паколькі Зоя Петухова, Кацярына Цвяцінская, Інна Федарэнка і Галіна Краснова і самі штодня гаспадараць на кухні, то з веданнем справы рэкламуюць тавар. Не мае патрэбы ў гэтым прадукцыя ўшацкіх кааператараў: мінералка, напіткі, сухары, кексы, пернікі традыцыйна карыстаюцца попытам. Ну а дастаўляюць тавар і прадаўцоў да вёсак вадзіцелі Андрэй Шаблоўскі, Андрэй Лабань, Віктар Цвяцінскі і Аляксандр Шараеў.
- Людміла Васільеўна Паўлава, дырэктар Полацкай нарыхтоўчай базы: “Паважаю і цаню людзей рабочых прафесій, на якіх і трымаецца гандаль. У хуткім часе адкрыем “ПраЗапас” і “На Віцебскай”, будзем паступова мяняць аблічча вясковых крам. Мяркую, што разам у нас атрымаецца вярнуць кааперацыю Ушаччыны на былы ўзровень”.
З надыходзячым святам вас, кааператары раёна! Няхай паліцы заўсёды ломяцца ад тавару, зарплата будзе годнай, а ўдзячных пакупнікоў вам і жадаць не трэба – нашы вяскоўцы заўжды такія.
Вольга Караленка.

