Ушаччина отметила День Независимости: память о подвиге и единство поколений

Главное

Беларусам ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы – мы жывём пад мірным небам. Нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі, якія сталі асноўным лейтматывам святкавання Дня Незалежнасці. Ушаччына разам з усёй краінай адзначыла галоўнае свята нашай рэспублікі.

Традыцыйна ўрачыстасць распачалася ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, куды прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, школьнікі прыйшлі, каб ускласці кветкі і аддаць даніну павагі продкам.
“У гэтым дні спалучаюцца святыя паняцці – вызваленне, перамога, незалежнасць. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка страціць мір і якіх неймаверных намаганняў каштуе яго захаваць”, – адзначыў у час мітынгу старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч.
Шмат людзей традыцыйна пабывала і на “Прарыве”. На мемарыял у гэты дзень ехалі арганізаванымі экскурсіямі, спыняліся, каб падняцца да падножжа партызана і пліт з імёнамі загінуўшых, і асобныя сем’і.
У нашым раёне знаходзіцца 115 помнікаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, і ў Дзень Незалежнасці адбылося адкрыццё яшчэ аднаго – у вёсцы Лажане. На мясцовых могілках устанавілі абеліск на месцы пахавання трох партызан, якія прымалі ўдзел у вызваленні раёна і загінулі ў 1944-м. Карнікі расстралялі іх, калі прачэсвалі мясцовасць. Месца ля могілак у бульбяной яме і стала іх брацкай магілай.

Доўгія гады безыменнае пахаванне даглядалі сям’я Клаўдзіі Сцяпанаўны Жаваранак і Зоя Віктараўна Стрыжонак. Дзякуючы іх успамінам і архіўна-пошукавай рабоце ўдалося ўстанавіць імёны партызан. Тут знайшлі спачын байцы брыгады імя Усесаюзнага Ленінскага камсамола атрада імя Сільніцкага, камандзірам якой быў Сямён Зарэнда. Ён ужо ў мірны час прыязджаў на месца пахавання і расказваў, што нікога з родных у іх не засталося. Ураджэнец Віцебшчыны Пётр Яршоў да вайны працаваў у калгасе. Уцяклі з лагера ваеннапалонных і трапілі ў партызанскія атрады Аляксей Нізамаў з Башкірыі і Фасук Маўлютаў з Чэлябінскай вобласці, апошні быў камандзірам узвода.

– Спатрэбілася нямала часу, каб зрабіць такую важную справу. Дзякуй усім, хто меў да гэтага дачыненне, – адзначыла старшыня Кубліцкага сельсавета Марыя Васільеўна Ярмош.
Ёй і кіраўніку раёна было дадзена права адкрыць помнік, да якога лягло шмат кветак. Канечне, не прапусцілі такую падзею і мясцовыя жыхары, якія ішлі сюды разам з дзецьмі і ўнукамі. Дарэчы, да 9 Мая школьнікі і раней прыносілі сюды кветкі.

“У нашым раёне, як і ў краіне ў цэлым вядзецца вялікая сістэмная работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых. Патрэбна гэта найперш для таго, каб не сцёрлася гістарычная праўда пра вялікую цану, якую заплаціла Беларусь за сваю незалежнасць”, – падкрэсліла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч.

Як заўсёды ў гэты святочны дзень у цэнтры гарпасёлка працавала шмат разнастайных тэматычных пляцовак. Культработнікі запрашалі на палявую кухню і сустракалі гасцей у ваеннай форме і з песнямі. Пастараліся іх калегі з сельскіх устаноў і частавалі ўсіх сваімі прысмакамі, прычым, на кожнай пляцоўцы была арыгінальная тэматыка. Напрыклад, плінскія гаспадыні зрабілі стаўку на другі беларускі хлеб і стравы з яго – як любімыя ўсімі дранікі, так і бульбяныя ролы. Глыбачанцы разгарнулі блін-базар і здзіўлялі блінцамі з розным начыннем, а вялікадальчане – “Малочны разгуляй” з арыгінальнай фота-зонай і адпаведнымі стравамі. Сваю прадукцыю і паслугі рэкламавалі лясгас, санаторый “Лясныя азёры”, Белаграпрамбанк, ТЦСАН. Інтэрактыў і гульні прапаноўвалі дзецям і дарослым спартсмены і выратавальнікі.

Не спужаў дождж удзельнікаў раённага конкурсу гарманістаў, выканаўцаў народнай песні і прыпеўкі – на летняй танцпляцоўцы яны ігралі і спявалі ад усёй душы. Сярод гарманістаў перамога заслужана дасталася Сяргею Яскевічу, які прадстаўляў Плінскі клуб. Пад яго акампанемент вядомыя хіты спявалі і гледачы, і члены журы. Вакальны калектыў “Сяброўкі” з гэтай жа ўстановы заняў першае месца сярод выканаўцаў песень, ну а ў прыпевачніц лепшай стала сапраўдны майстар гэтага жанру Вольга Мацулевіч.

Упершыню сёлета ў рамках свята сярод калектываў раёна праводзіўся конкурс на лепшую кветкавую кампазіцыю. Журы было складана вызначыць пераможцаў, паколькі кожны з амаль дзясятка ўдзельнікаў вельмі творча падышоў да стварэння сваёй работы. Напрыклад, прадстаўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый вырабілі сэрца з гартэнзій, калектыў райбальніцы аздобіў прыгожымі раслінамі, у тым ліку і лекавымі, сілуэт жанчыны, а майстры клуба “Адраджэнне” “вырасцілі” штучныя кветкі, якія не адрозніць ад жывых. Трэцяе месца ў конкурсе прысуджана музею народнай славы, глыбокі сэнс кампазіцыі якога таксама прысвячаўся Году беларускай жанчыны. ТЦСАН прадставіў дзве работы – з жывых і штучных кветак, прэзентаваўшы пры гэтым іх песняй і танцам.

Абсалютным жа лідарам стаў калектыў Ушацкага раёна газазабеспячэння, які падышоў да конкурсу вельмі грунтоўна. З разнастайных палявых кветак яго работнікі сабралі прыгожыя букеты, якія размясцілі ў невялікія парасоны. А яшчэ адзін, звычайных памераў, аздобілі ружамі, гваздзікамі, гартэнзіямі, рамонкамі. І калі першую кампазіцыю прэзентавала жаночая палова калектыву, то місія рэкламаваць цяжкі парасон выпала Анатолю Амбражэвічу, і кожны, хто праходзіў міма, хацеў зрабіць фота. Пацвярджэннем правільнага рашэння журы стаў і той факт, што відэа з кветкавым парасонам на нашай старонцы ў “ЦікТок” набрала больш 100 тысяч праглядаў і сотні захопленых каментарыяў.

Поўную залу раённага цэнтра культуры сабраў вячэрні святочны канцэрт, падрыхтаваны культработнікамі і педагогамі дзіцячай школы мастацтваў, самадзейнымі артыстамі. Фінальным акордам свята стала традыцыйная рэспубліканская патрыятычная акцыя “Спяём гімн разам!” – па ўсёй краіне адначасова гучалі вядомыя кожнаму беларусу радкі.

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *