В Ушачах состоялось открытие главной ёлки района

Главное

Хоць і не было ў палітры свята, якое дала старт марафону навагодніх мерапрыемстваў на Ушаччыне, традыцыйнага белага колеру, але настрою шматлікім яго ўдзельнікам гэта не сапсавала! Бо магічнае заклінанне: “Адзін, два, тры, ёлачка, гары!” спрацавала дакладна – і на цэнтральнай плошчы гарпасёлка заззяў каляровымі агеньчыкамі галоўны сімвал Новага года.

Сёлета арганізатары не сталі прыдумваць экстравагантных спосабаў запальвання ёлкі, затое далучыцца да сімвалічнага дзейства змог кожны: дастаткова было ўключыць ліхтарык у мабільніку і накіраваць яго прамень на “віноўніцу ўрачыстасці”. У гэты чароўны момант сотні агеньчыкаў зрабілі галоўную плошчу яшчэ больш казачнай, яркай і дружнай!
Зрэшты, былі ў праграме і традыцыйныя пункты: напрыклад, віншавальныя словы ад кіраўніка раёна. Старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч прыгадаў, што ў адыходзячым годзе ўшачане зрабілі шмат дастойных спраў на карысць сваёй малой радзімы і ўсёй нашай краіны, а таксама выказаў упэўненасць, што і 2026-ы будзе плённым і шчаслівым.

Узнагароджанне за святочнае ўпрыгожванне.

А яшчэ кіраўнік раёна выканаў прыемную місію: узнагародзіў прадстаўнікоў арганізацый і гаспадароў прыватных сядзіб, якія асабліва старанна і крэатыўна ўпрыгожылі да святаў свае будынкі і тэрыторыі. Сёлета ў лепшую тройку прадпрыемстваў традыцыйна ўвайшлі заканадаўцы моды ў добраўпарадкаванні – Ушацкі раён газазабеспячэння – і прызнаныя стваральнікі рукатворнай прыгажосці з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А вось прысутнасць у лідарах музея народнай славы стала прыемным сюрпрызам. Сярод жыхароў райцэнтра ўжо не ўпершыню былі адзначаны Раіса і Генадзь Журко, сядзіба якіх на вуліцы Вечальскай, напэўна, прымушае падарожнікаў збавіць хуткасць і западозрыць, што яны збіліся са шляху і дзіўным чынам трапілі ў Лас-Вегас. З захапленнем прыпыняюцца вячэрнія прахожыя і на Ленінскай ля падворка Наталлі Голубевай і Івана Качана, што зіхаціць тысячай агеньчыкаў. Вядома ж, адзнакі заслугоўвалі не толькі прыгаданыя лаўрэаты – і мы абавязкова вернемся да гэтай тэмы ў газеце і сацыяльных сетках.

Ну а свята на плошчы працягнулася. Трэба сказаць, што Дзед Мароз і Снягурка сёлета аказаліся вельмі галасістымі – так заўзята спявалі навагоднія шлягеры, што і фіналістам шоу “Фактар.BY”, напэўна, фору б далі. А ўбачыўшы, як спрытна танцуе ансамбль навагодніх персанажаў, кінуліся ў пляс і гледачы – зрабілі вялікі агульны карагод. Завітаў на плошчу і гарэзлівы конь, які чакае афіцыйнага старту свайго ўладарства ў 2026-м годзе, каб узяць з месца ў кар’ер.

А вось чаго чакалі ад урачыстага адкрыцця галоўнай ушацкай ёлкі ўдзельнікі свята? “Канечне ж, добрага настрою для сябе і дзетак!” – прызналіся нам Кацярына Коршун і Валерыя Хадасевіч, з замілаваннем назіраючы, як весяляцца іх сыночкі Яфім і Даня. Лера, дарэчы, прыехала пагасціць на малую радзіму з далёкага Пскова, дзе зараз жыве іх маладая сям’я, і канечне, была вельмі рада пабачыцца з роднымі, а яшчэ і са сваёй ушацкай сяброўкай. У родных мясцінах і краявіды самыя прыгожыя (нават без белага колеру ў палітры), і святы самыя цудоўныя!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *