Погоны девушкам к лицу. Рита Хрипель и Кристина Дайлидёнок уверены: спасатель — это не только про физическую силу, но и про контактность, рассудительность, душевное тепло

Главное

Суровыя мужчынскія твары, бляск спецтэнікі і барацьба з агнём… Менавіта такія карцінкі ўзнікаюць перад вачыма, калі гаворка ідзе пра Дзень пажарнай службы. Але ж у Год беларускай жанчыны мы вырашылі змяніць ракурс. Бо ва Ушацкім РАНС служаць тыя, хто даказвае: выратавальнік – гэта не толькі пра фізічную моц, але і пра кантактнасць, разважлівасць, душэўную цеплыню.

Сёння гераіні нашай публікацыі – старшына групы матэрыяльна-тэхнічнана забеспячэння і абслугоўвання Крысціна Дайлідзенак, а таксама інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Рыта Хрыпель (на здымку). Іх работа – гэта важная частка вялізнага механізма. Так, яны не імчаць на выклікі, не ўваходзяць у палаючыя будынкі, але ж робяць усё, каб пажары не здараліся, тэхніка была гатова, паступала абмундзіраванне…

Крысціна ў аддзеле ўжо сем гадоў. Смяецца, маўляў, тут атрымала другое жыццё, прычым, у знакавую для сябе дату. “Я ж у сельскую гаспадарку збіралася, акадэмію ветэрынарнай медыцыны скончыла, – расказвае яна. – Але ж пасля дэкрэтнага адпачынку пачала спрабаваць сябе ў іншым: папрацавала ў гандлі, а потым у РАНС вакансія з’явілася. Старшым інспектарам групы справаводства стала якраз у дзень свайго нараджэння”.

Аб працяглай кар’еры ў адзеле па надзвычайных сітуацыях ураджэнка Жар і марыць не магла: месца ж дэкрэтнае – ведала, што давядзецца вызваляць. Але ж тады на заслужаны адпачынак выходзіла А.А.Рагавешка – і яе пасаду прапанавалі стараннай, актыўнай Крысціне. “Вельмі ўдзячна кіраўніцтву аддзела за аказаны давер, а Алене Анатольеўне – за годныя ўрокі, якія дапамаглі разабрацца ў абсалютна новай для мяне справе”.

Нюансаў тут сапраўды шмат: трэба і працэдуры закупак праводзіць, і дагаворы на аказанне платных паслуг заключаць, а для гэтага разбірацца ў абсталяванні, запчастках, будаўнічых матэрыялах… Толькі спачатку пужалася Крысціна непрывычнай жаночаму вуху тэрміналогіі – зараз жа сама любыя тлумачэнні па матэрыяльна-тэхнічнай базе аддзела дасць.
Не адстае яна ад мужчын-калег і ў спорце – дэманструе клас у настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы… і нават колцы дроў. Калі два гады таму на раённы чэмпіянат па гэтым відзе неабходна было выставіць каманду з удзелам прадстаўніцы слабага полу, К.Дайлідзенак не адмовілася ад удзелу, хоць сякеру ў руках дагэтуль не трымала. Напярэдадні з’ездзіла да бацькі, пад ліхтарык павучылася тэхніцы – і ў выніку дапамагла выратавальнікам стаць лепшымі.

Ніколі не сядзіць на месцы і Рыта Хрыпель – праўда, яе абавязвае найперш пасада. Як прапагандыст, яна наведвае працоўныя і дзіцячыя калектывы, праводзіць лекцыі, пазнавальныя мерапрыемствы, арганізуе работу тэматычных пляцовак, з калегамі, членамі аглядавай камісіі ездзіць па раёне, ды і з намі – журналістамі – актыўна кантактуе. Яе задача – даходліва расказаць усім, як не аказацца ў надзвычайнай сітуацыі, чаму так важна захоўваць правілы пажарнай бяспекі.

  • У РАНС ушачанкі адчуваюць сябе як за каменнай сцяной: калегі-мужчыны, якіх тут больш за паўсотні, дапамогуць, параяць. Іх дзяўчаты называюць сапраўднымі героямі і заўсёды перажываюць, калі тыя выязджаюць на пажары.

“Разуменне таго, што магу навучыць многіх карыснаму і, як вынік, прадухіліць бяду, грэе душу, – расказвае ўшачанка. – Пра РАНС, дзе старшым інструктарам-выратавальнікам працуе муж Сяргей, я марыла даўно. Але ж, відаць, неабходна было праявіць сябе спачатку ў іншым”.

Так, адвучыўшыся на факультэце правазнаўства у Беларускім эканамічным універсітэце, Рыта ўладкавалася юрысконсультам у аддзел па адукацыі райвыканкама. Пазней была дырэктарам райкінавідэасеткі і “па сумяшчальніцтве” візітнай карткай Ушаччыны – стройная, прыгожая, у нацыянальным касцюме, без яе ўдзелу не абыходзілася практычна ніводнае раённае мерапрыемства. Але ж галоўнай сваёй “школай жыцця” Р.Хрыпель называе райкам БРСМ, першым сакратаром якога была ажно дзевяць гадоў. Там і розныя мерапрыемствы навучылася праводзіць, і з людзьмі раззнаёмілася, што на цяперашняй пасадзе вельмі дапамагае.

Ніякіх цяжкасцяў яна не баіцца. У свой час была дэпутатам раённага Савета дэпутатаў – вырашала праблемы жыхароў даверанай ёй тэрыторыі.  А падчас дэкрэтнага адпачынку прайшла перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: па начах пісала курсавыя, не спала суткамі, а на сесіі ездзіла, пакідаючы маленькую дачку Васілісу родным. Яна прывыкла дасягаць пастаўленай мэты – напэўна, таму і носіць зараз афіцэрскія пагоны.

Абедзвюх нашых субяседніц па праве можна назваць душой, упрыгожаннем РАНС. Але ж яны гэтым не казыраюць – проста кожны дзень прыходзяць на службу і займаюцца такой патрэбнай усім нам справай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *