Набліжаецца да заканчэння першы месяц восені. Асабліва хвалюючым і цікавым ён быў для тых, хто сеў за парты. Мы ўжо расказвалі пра старт школьных заняткаў, а зараз распавядзем пра ўшачан, якія сёлета распачалі навучанне ў ВНУ і каледжах – ведаем, што гэта тэма цікавіць многіх нашых чытачоў.
У гэтым годзе школы раёна скончылі 65 адзінаццацікласнікаў. Паводле папярэдніх даных, 36 з іх сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў (55%), сярэднюю спецыяльную і прафесіянальна-тэхнічную адукацыю будуць атрымліваць 28. Варта адзначыць, што летась паказчык паступлення ў ВНУ быў меншы: з 63 выпускнікоў у іх былі залічаны 28 (44%). А калі зазірнуць, напрыклад, у 2011-ы год, то ўбачым, што ва ўніверсітэты і акадэміі паступілі тады каля трэці адзінаццацікласнікаў, праўда, было іх на той час амаль удвая больш.
Традыцыйна, самы вялікі дэсант прэтэндэнтаў на атрыманне вышэйшай адукацыі сёлета быў ва Ушацкай школе – з 41 выпускніка такі выбар зрабілі 27 (66%). Асобна хочацца адзначыць Арэхаўскую СШ, дзе з 12 адзінаццацікласнікаў сямёра сталі студэнтамі ВНУ (58%). Па адным дэлегавалі Глыбачанская (мытную справу ў ПДУ будзе вывучаць Мікалай Маркевіч) і Вялікадолецкая (у гэтую ж ВНУ на камп’ютарную інжынерыю паступіла медалістка Дамініка Лапіцкая).
Нам стала цікава, у якой з навучальных устаноў раёна адзінаццацікласнікі атрымалі самыя высокія сярэднія балы атэстатаў? Напэўна, многія зрабілі б стаўку на Ушацкую школу. Сапраўды, балы тут дастойныя: у 11 “Б” – 8,195, у 11 “А” – 8,03. Аднак яшчэ вышэй сярэдні паказчык у Арэхаўскай СШ – 8,225. Абсалютны ж рэкорд устанавілі вялікадальчане – 8,65 бала. Канечне, рэйтынг гэты не зусім карэктны, бо ў апошняй школе было толькі чацвёра выпускнікоў, ды ўсё ж ён ілюструе магчымасці ўстаноў з глыбінкі.

Дарэчы, Полацкі і Віцебскі дзяржуніверсітэты традыцыйна ўзначалілі рэйтынг самых запатрабаваных у нашых выпускнікоў – іх абралі адпаведна 9 і 6 чалавек. А вось на трэцюю пазіцыю даволі нечакана выйшаў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, студэнтамі якога сталі тры прадстаўнікі Ушацкай СШ – у тым ліку і яшчэ адзін сёлетні медаліст Кірыл Шук, прафесія якога будзе звязана з тэхналогіямі перапрацоўкі нафты і газа. А вось Анастасія Касіч будзе асвойваць тут праграміраванне. У БДУ у гэты раз паступілі двое: наша медалістка і алімпіядніца Ксенія Барысёнак працягне вывучэнне біялагічнай навукі, а Ігар Падгола будзе набываць веды на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. БДУІР абралі аматары дакладных навук з 11 “А” Цімафей Ганчаронак і Павел Шакута. Не засталася без ушацкага прадстаўніцтва і Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія – у яе паступілі Міхаіл Хілько і Віялета Севярын.
У прэстыжныя ВНУ паступілі сёлета і былыя ўшацкія вучні, якія пасля 9 класаў працягвалі адукацыю ў Ліцэі ВДУ. Так, у БДУІР зараз вучыцца Уладзіслаў Падворны (на здымку справа). Да слова, ЦЭ па фізіцы ён здаў на 100 балаў, а ўсяго набраў 392!; Дар’я Бабенка паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт, Паліна Раманоўская – у ВДУ на рускую філалогію.
Дзяўчаты з 11 “Б” дружна накіраваліся ў медыцынскія ВНУ: Ганна Дрозд і ўладальніца залатога медаля Паліна Юркевіч паступілі ў Віцебскі медуніверсітэт, Вікторыя Пятніца – у Гомельскі, а Вера Булаўка – у сталічны БДМУ.
“Медыцына для мяне – справа сямейная, у гэтай сферы працуюць бацькі, вось і я не разглядала іншых варыянтаў: вырашыла паступаць у БДМУ на медыка-прафілактычны факультэт. Чаму зрабіла такі выбар? У час нядаўняй кавіднай пандэміі мы яскрава ўбачылі, як важна ўмець процістаяць такім выпрабаванням, папярэджваць небяспечныя хваробы – і я спадзяюся ў будучым стаць запатрабаваным спецыялістам. Вучоба вельмі падабаецца, хоць і разумею, што будзе нялёгка. Хачу падзякаваць настаўнікам Ушацкай школы, якія цярпліва і старанна дзяліліся з намі сваімі ведамі!” – адзначыла Булаўка.
Дарэчы, менавіта медыцына стала самай папулярнай у сёлетніх выпускнікоў сферай: з ёй вырашылі звязаць жыццё 12 чалавек, прычым амаль палова з іх заключылі мэтавыя дагаворы. Апроч прыгаданых вышэй будучых урачоў, у медкаледжы паступіла чатыры прадстаўніцы Ушацкай СШ, а таксама вялікадальчанка Маргарыта Стрыжонак, Валерыя Каўрыжонак з Арэхаўскай, Аляксандра Сімановіч з Ільюшынскай і Віктар Троцкі з Глыбачанскай школы.
Другой па запатрабаванасці стала педагогіка, якую выбралі 10 чалавек. Прычым, у асноўным гэта выпускнікі профільных груп з Ушацкай і Арэхаўскай школ. Надзея Раманоўская і Ульяна Каваленка пасля заканчэння ВДУ змогуць працаваць як настаўнікамі, так і журналістамі. Мілана Ярмош у ПДУ ўдасканаліць веды па гісторыі. Паліна Салаўёва і Яўген Талмачоў, якія паступілі адпаведна ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў і Баранавіцкі дзяржуніверсітэт, апроч асноўнай англійскай паспрабуюць асвоіць і кітайскую мову.

“Даводзілася чуць меркаванне, што выпускнікі сельскіх школ саступаюць ва ўзроўні ведаў ліцэістам і гімназістам, аднак вынікі ўступнай кампаніі сведчаць, што нашы хлопцы і дзяўчаты падрыхтаваныя не горш за гараджан. Па-першае, вельмі многае залежыць ад жадання і мэтанакіраванасці, ды і дастойных, захопленых сваёй справай настаўнікаў у раёне шмат! Хочацца шчыра павіншаваць выпускнікоў з пачаткам новага шляху, а педагогаў і бацькоў з тым, што іх намаганні не былі дарэмнымі”, – зазначае начальнік аддзела па адукацыі Людміла Давыдава.
Пяцёра ўшачан паступілі на актуальныя зараз айці-спецыяльнасці. Развіваць кар’еру ў сферах транспарту і лагістыкі, машынабудавання, энергетыкі, электрасувязі мяркуюць 10 чалавек, чацвёра абралі фінансава-эканамічны напрамак. На юрфаку ВДУ будзе вучыцца Лізавета Лісіца, не засталася па-за ўвагай сфера лёгкай прамысловасці – у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт паступіла Яна Далжонак, а актывістка і выдатніца з Арэхаўна Анастасія Танана спыніла выбар на Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў.
Сёлета амаль усе выпускнікі абралі беларускія ВНУ. Выключэнне склала медалістка з 11 “А” Таццяна Кіліна, якая падала дакументы ў прэстыжны Санкт-пецярбургскі архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт. І мы, канечне, рады за дзяўчыну: ствараць новыя прыгожыя будынкі – вельмі дастойная мэта. Ажыццявіў сваю мару і былы вучань 11 “Б” Данііл Кандрацкі: паступіў на ваенны факультэт Белдзяржакадэміі авіяцыі, каб стаць спецыялістам па беспілотных авіяцыйных комплексах, без якіх зараз нельга ўявіць абароназдольнасць краіны. Папярэджаннем і ліквідацыяй надзвычайных сітуацый пасля заканчэння Мінскага дзяржуніверсітэта грамадзянскай абароны будзе займацца Мікіта Мажайскі з Арэхаўна.
Прыемна, што чацвёра выпускнікоў спынілі свой выбар на запатрабаванай у раёне лясной галіне. У адпаведны Полацкі каледж накіраваліся тры прадстаўнікі Арэхаўскай СШ, а Уладзіслаў Белякоў і Крысціна Філіпава заключылі мэтавыя дагаворы з нашым лясгасам.
Наталля БАГДАНОВІЧ.