Праздники деревень ждут и любят сельчане.

Культура

На маляўнічым беразе возера Язна 28 чэрвеня сабраліся жыхары аж пяці вёсак: Замошша 1 і 2, Пліна, Пушчы і Старога Сяла (на здымку). На імправізаваную канцэртную пляцоўку прыйшлі таксама гараджане, якія валодаюць дачамі ў гэтых найпрыгажэйшых мясцінах. На ўсё наваколле даносіліся гукі канцэрта, падрыхтаванага работнікамі раённага цэнтра культуры і творчага калектыву Плінскага сельскага клуба. Народныя і папулярныя песні ў выкананні вакальных гуртоў “Раздолле” і “Сяброўкі”, прыпеўкі, конкурсы і сатырычныя сцэнкі – пройдзе не адзін тыдзень, а людзі будуць прыгадваць сваё гадавое свята, паколькі ў сілу ўзросту не бываюць на канцэртах у райцэнтры, ды і мала дзе наогул.

У гэты ж дзень святкавала і вёска Строкты – ужо па іншым сцэнарыі, прыдумвала які загадчык Матырынскага сельскага клуба Валерыя Лягчыліна, а ажыццявіла з узорным танцавальным калектывам “Спадчына” і зноў жа з дапамогай культработнікаў цэнтра. Яны разам даязджаюць да самых аддаленых вёсак, прывозяць патрэбную апаратуру, арганізуюць падвоз. Удзельнікі і госці мяняюцца, а нязменным застаецца адно – гэта вельмі ўдалая форма работы не толькі аддзела нестацыянарнага абслугоўвання цэнтра культуры, а і наогул з насельніцтвам, бо суарганізатарамі мерапрыемстваў заўсёды з’яўляюцца супрацоўнікі сельвыканкамаў. Праз старшынь вёсак яны аб’яўляюць пра свята, а то і дамаўляюцца аб месцы збору, як было ў Замошшы-2.

Такія святы аб’ядноўваюць, на іх даносіцца розная інфармацыя, абавязкова ўшаноўваюцца ветэраны працы, грамадскія памочнікі. У Строктах, напрыклад, адзначылі гаспадароў узорных сядзіб Анатоля і Іну Ярмош, Васіля і Алену Лемеш, Алену Ярмош, назвалі старэйшую жыхарку Надзею Сямёнаўну Пахомаву.

Ці прыедуць артысты і да вас? Абавязкова, калі не сёлета, то ў наступным годзе, бо пабываць ва ўсіх 254 вёсках за летні сезон практычна немагчыма. Але каб зрабіць гэтую лічбу найбольш рэальнай, некаторыя святы вёсак, звычайна тых, дзе знаходзяцца клубы, праводзяцца сіламі выключна мясцовых работнікаў – у шматколькасным і актыўным Двор Пліне Юлія Крыжэўская робіць гэта штогод. Ці запрашаюцца артысты з іншых культустаноў або раёнаў, як было ў Сарочыне. Формы розныя, вы можаце прапанаваць свае варыянты правядзення. Але як бы і дзе яны не праходзілі, людзі будуць шчыра дзячыць і, канечне, чакаць чарговай сустрэчы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *