Члены Новополоцкой мотосодружности в рамках благотворительной акции посетили в Ушачах детский сад и больницу в Дубровке

Общество

28 ліпеня, калі стаяў на рэдкасць цёплы, сонечны дзень, гарпасёлак напоўніўся гулам матораў. Неўзабаве на цэнтральных вуліцах з’явілася вялікая калона байкераў. Куды накіроўваліся гэтыя суровыя з выгляду мужчыны? Напэўна, многіх здзівіць адказ – у яслі-сад №3 г.п.Ушачы і дзіцячы сацыяльны прытулак. Так, для ўдзельнікаў дабрачыннай акцыі – членаў Наваполацкай мотасадружнасці, у складзе якой ёсць і ўшачане, – такая дзейнасць ужо стала традыцыйнай. Прыемна, што зараз у якасці галоўнага аб’екта для ўвагі быў выбраны наш раён.

Нельга перадаць словамі, колькі захаплення і радасці было ў вачах дзяцей ад такой сустрэчы, паколькі дагэтуль ім даводзілася бачыць байкераў хіба што па тэлебачанні. Да таго ж прыехалі госці не з пустымі рукамі – прывезлі шмат падарункаў.

Дарэчы, гэта ўжо не першы візіт удзельнікаў мотасадружнасці на Ушаччыну. Два тыдні таму – толькі больш сціплай кампаніяй – яны наведалі бальніцу сястрынскага догляду ў Дубраўцы, куды бясплатна перадалі камплекты пасцельнай бялізны і падгузнікі для дарослых. Сімвалічна, што медыцынскай установе, якая знаходзіцца побач з храмам Покрыву Прасвятой Багародзіцы, госці падарылі аднайменны абраз. А кожны хворы атрымаў яшчэ і абразок святых сясцёр-пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры, храм у гонар якіх знаходзіцца ва Ушачах.

Вядома, акрамя матэрыяльнай падтрымкі інваліды і пажылыя людзі маюць патрэбу ў душэўнай цеплыні і клопаце. І без гэтага яны не засталіся! Хлопцы нікога не абмінулі ўвагай, пагутарылі з пацыентамі медустановы, абмяняліся добрымі пажаданнямі. Пазней жа па іх парадзе байкеры наведалі мясцовы помнік на брацкай магіле воінаў і партызан, дзе ўсклалі вянок.

Гэтыя дабрачынныя вандроўкі пакінулі яркія ўражанні ва ўсіх іх удзельнікаў, бо напоўнілі больш глыбокім сэнсам дзейнасць нашага руху. Не сумняваюся, што ва Ушачах пройдзе яшчэ нямала падобных незвычайных сустрэч.

Цікава ведаць

Гісторыя руху пачынаецца з 1903 года, калі быў заснаваны першы мотаклуб – Yonkers Motorcycle Club. Першая сусветная вайна з навукова-тэхнічным прагрэсам і мілітарызацыяй эканомікі павялічылі колькасць і якасць выпушчаных матацыклаў. Дарэчы, выкарыстоўваліся яны выключна для ваенных патрэб. З пераходам жа прамысловасці ў мірнае рэчышча вытворцы матацыклаў зрабілі гэты транспартны сродак агульнадаступным.

Сваё далейшае развіццё рух атрымаў у 20-я гады са з’яўленнем Амерыканскай Матацыклетнай Асацыяцыі. У 1935-м заявіў пра сябе Outlaws MC – першы байкерскі мотаклуб у сучасным разуменні сэнсу гэтага слова. Пакаленне байкераў канца 40-50-х гадоў – гэта ў большасці сваёй ветэраны Заходняга фронту войска Саюзнікаў, якія сфарміравалі асноўныя традыцыі.

Пасля Другой сусветнай вайны на агульны рынак паступіла вялікая колькасць спісаных матацыклаў Harley-Davidson серыі VL, якія знаходзіліся на ўзбраенні арміі ЗША, што зрабіла мадэль надзвычай папулярнай. У 60-я гады канчаткова вызначыліся накірункі ў стылі распрацоўкі розных класаў матацыклаў, у 70-я назіраўся пік актыўнасці мотаклубаў, а ў 80-я мотакультура стала часткай такога паняцця як “масавая культура” (адзенне з малюнкам матацыклаў, характэрная атрыбутыка і г.д.). У 90-я, каб захаваць шматгадовыя клубныя традыцыі, прадстаўнікі найбольш уплывовых міжнародных мотасадружнасцяў стварылі ўласную – закрытую, але эфектыўную сістэму ўнутранага жыцця. І, трэба сказаць, яна працягвае існаваць у сучасным свеце.

На жаль, знаходзяцца людзі, якім па нейкіх прычынах хочацца беспадстаўна ачарніць байкераў (праўда, трэба прызнаць і той факт, што нярэдка суб’екты, якія не маюць ніякіх адносін да паняцця “мотакультура”, здзяйсняюць правапарушэнні і іншыя дзеянні, якія ганяць рэпутацыю мотасадружнасці). Пра байкераў ходзяць супярэчлівыя чуткі. Вось толькі словы – словамі, а справы – справамі. Што і даказала апісаная вышэй акцыя.

Арцемій УСЦІН, кіраўнік аддзела па справах моладзі прыхода святых сясцёр-пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *