В 2016 году в Витебской области по вине пьяных водителей произошло 32 ДТП

Закон - один для всех

Нездарма кажуць, што віно напалам разведзена – на весялосць і на гора. Асабліва гэта справядліва для тых, хто спрабуе спалучыць алкагольны напой з кіраваннем аўтамабіля. За злачынную весялосць такім людзям часта даводзіцца расплачвацца самым дарагім – жыццём. З пачатку бягучага года толькі ў Віцебскай вобласці па віне п’яных вадзіцеляў здзейснена 32 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 10 чалавек загінулі і 32 атрымалі траўмы.

У пачатковай стадыі алкагольнага ап’янення верагоднасць памылкі вадзіцеля ўзрастае ў разы, паколькі ў такім стане чалавек нярэдка пераацэньвае ўласныя магчымасці. Вядомы выпадкі, калі такія аўтамабілісты спрабавалі ўклініцца паміж транспартнымі сродкамі, што рухаліся на дыстанцыі не больш 3-4 метраў.

Практыка паказвае: калі вадзіцель выпіў 150 г гарэлкі (прыблізна 1,1 працэнта ўтрымання алкаголю ў крыві), то гэта павялічвае верагоднасць загінуць у аварыі больш чым у 2,5 раза. Пры ўзроўні алкаголю ў крыві, роўным 1,5 працэнта, верагоднасць развітацца з жыццём павялічваецца ажно ў 16 разоў.

Трэба мець на ўвазе, што п’яныя вадзіцелі звычайна запознена кранаюцца на пешаходным пераходзе, рэзка тармозяць ці рухаюцца на забароненыя сігналы. Ім уласціва празмерна рэзкая ці, наадварот, асцярожная язда. Пры манеўраванні іх адрознівае ненатуральная звілістая траекторыя руху. Вядома, кожная з гэтых прыкмет паасобку не азначае, што вадзіцель “падшафэ” – гэта можа быць і навічок, і вадзіцель, які не ведае мясцовых умоў руху. Але ж у сукупнасці яны падкажуць пра магчымую небяспеку.

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Калі вы ведаеце, што транспартам кіруе нецвярозы вадзіцель, паведаміце пра гэта ў аддзяленне ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі па нумары 2-73-75 ці ў дзяжурную часць РАУС 102.

Я.КАЎНУРКА, начальнік аддзялення ДАІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *