100 баллов — это реально! Выпускница Великодолецкой школы Надежда Соловей набрала на централизованном тестировании по белорусскому языку максимальный результат

Общество

Сёлета 50 абітурыентаў Беларусі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове з максімальным вынікам у 100 балаў. 27 чалавек з гэтых выдатнікаў – выпускнікі гімназій і ліцэяў, астатнія – выпускнікі сярэдніх школ рэспублікі. Упершыню стобальны вынік ёсць і ў нашым раёне. Яго атрымала выпускніца Вялікадолецкай школы Надзея Салавей.Сваёй роднай школай Надзя лічыць не толькі Вялікадолецкую, а і Касарскую, дзе скончыла 9 класаў. Менавіта тут ёй прывіла любоў да беларускай мовы настаўніца Галіна Уладзіміраўна Хоміч. Яшчэ з пачатковых класаў дзяўчынцы больш падабаліся і беларускамоўныя кнігі. Бацькі нават думалі, што іх дачка абярэ для сябе прафесію педагога беларускай мовы і літаратуры. У 10 класе Надзя трапіла да вопытнай настаўніцы Ніны Канстанцінаўны Спірыдовіч, з якой з задавальненнем яшчэ больш паглыбляла свае веды па прадмеце. Дарэчы, Ніна Канстанцінаўна была і класным кіраўніком Надзі. Дык як жа ўдалося атрымаць 100 балаў, не разгубіцца і даць правільныя адказы на ўсе заданні? Гэтае пытанне ўжо не раз за апошні месяц задавалі выпускніцы многія.

– Безумоўна, акрамя школьных гадзін, адведзеных на прадмет, шмат вучылася дадаткова – пасля ўрокаў, па суботах ездзіла займацца з настаўніцай і пастаянна рабіла гэта дома самастойна. З Нінай Канстанцінаўнай асобна праходзіліся па ўсіх раздзелах, рашалі тэсты мінулых гадоў, дэталёва разбіралі пытанні, у якіх дапускала памылкі. Акрамя гэтага не пераставала шмат чытаць, гэта развівае веды па пунктуацыі і сінтаксісе. Асабліва люблю чытаць творы Івана Мележа і Васіля Быкава, з паэзіі – Максіма Багдановіча. На пробным тэсціраванні мой вынік быў блізкі да 90 балаў, тады, памятаю, казала настаўніцы, што вось бы столькі набраць на цэнтралізаваным, а яна мне ў адказ: “Не, трэба набраць усе 100!” І шчыра кажучы, калі з’явіліся вынікі, адразу не магла паверыць, што атрымала самы высокі бал, бо былі складаныя пытанні, у якіх крыху сумнявалася і магла даць няпоўны адказ. Але ўсё зрабіла правільна і цяпер магу казаць іншым, што 100 балаў – гэта рэальна! – расказвае Надзя.

І калі многія абітурыенты, выйшаўшы з аўдыторыі, з палёгкай уздыхалі, што “адстраляліся”, то наша выпускніца ў машыне па дарозе дадому па кніжках правярала сябе, дома пераглядала падручнікі. У сінтаксісе, лексіцы, марфалогіі, пунктуацыі з лёгкасцю спраўлялася з заданнямі, крыху складаней было, як прызналася Надзя, з марфемікай, дзе каб не заблытацца з суфіксамі, канчаткамі, каранямі і прыстаўкамі, трэба было больш падумаць.

Акрамя беларускай мовы, Надзея здавала тэсціраванне яшчэ па двух прадметах – нямецкай мове і матэматыцы, да якіх таксама рыхтавалася не менш грунтоўна. Замежную мову дзяўчынцы ўдалося здаць на 70 балаў, а матэматыку на 50.

– Яна ў нас вельмі мэтанакіраваная і менавіта дзякуючы гэтай рысе характару ўдалося дасягнуць такіх вышынь. Равеснікі па вечарах збіраліся гуляць, а яна садзілася займацца ці чытаць кнігі. Заходжу да яе ў пакой, а ён увесь заклеены маленькімі лісточкамі з нямецкімі словамі. У інтэрнэце нават перапісвалася з хлопцам з Германіі, каб не проста завучыць замежныя словы, а мець пэўную практыку зносін, умець будаваць сказы. А яшчэ яна вельмі працавітая – адзіная мая дачушка­памочніца, – гаворыць мама дзяўчынкі Наталля Канстанцінаўна.

Акрамя здольнасцей у вучобе Н.Салавей мае свае захапленні – выдатна вышывае крыжыкам, а таксама з’яўляецца актыўным футбольным і хакейным балельшчыкам, не прапускае ніводнай гульні па тэлевізары і добра ведае многіх ігракоў каманд.

Ну а зараз Надзя ўжо студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Яна абрала сабе спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аудыт у прамысловасці”. Хоць агульнай колькасці балаў у яе было больш чым дастаткова, яна ўсё ж да апошняга хвалявалася і з нецярпеннем чакала залічэння. Дарэчы, па колькасці балаў не толькі ішло залічэнне, а і выдзяляўся інтэрнат, а гэта немалаважны фактар для простай вясковай сям’і, у якой выхоўвалася дзяўчына.

З першых заняткаў выпускніца Вялікадолецкай школы актыўна ўзялася за вучобу і з задавальненнем спасцігае новыя для яе навукі. Пажадаем ёй поспехаў у гэтым і спадзяёмся, што яна яшчэ не раз дасць падставу сваім землякам ганарыцца ёй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *