Владимир Якубович — один из тех, кто прошёл огненными дорогами войны в Афганистане

Общество

“Хутка, Валодзя, паедзем з табой у Ленінград атрымліваць новыя машыны!”, – начальнік супрацьпаветранай абароны палка, што дыслацыраваўся ў Калінінградзе, вылучаў старшага механіка-вадзіцеля ўзвода зенітных самаходных установак ЗСУ 23-4 Уладзіміра Якубовіча сярод іншых салдат за адказнасць і выдатнае веданне тэхнікі. “Не, я не змагу, – здзівіў салдат адмовай высокага кіраўніка. – Еду ў Афганістан…”.

Армейская служба для Валодзі Якубовіча падзялілася на дзве роўныя часткі. Зрэшты, падобнымі яны былі па адрэзках часу, ды ніяк не па змесце. Першая ішла па звычайнай для шматнацыянальнай савецкай краіны схеме: скончыўшы вучэбку ў Жытоміры, трапіў у “заходні анклаў” РСФСР у войскі супрацьпаветранай абароны. Калі ж у першыя дні пасля высадкі савецкага дэсанту ў Кабуле ў іх часці пачалі фарміраваць падраздзяленні для адпраўкі на Усход, Уладзімір у іх склад не трапіў. А вось яго механіку Івану Зайцаву, маладому і не надта спрытнаму ў сваёй справе хлопцу з Казані, загадалі збірацца ў дальнюю дарогу. “Дык ён жа кепска ведае машыну, не справіцца!” – усхваляваўся Валодзя і… выклікаўся паехаць замест сябра. У выніку адправілі ў Афганістан абодвух.

Паўтара тыдні навучання ва ўзбекскім Тэрмезе – і пераезд праз мяжу ў складзе палка, дзе было каля 200 адзінак баявой тэхнікі: танкі, БМП, БТРы, цэлы “букет” самаходных артылерыйскіх установак – “Півоняў”, “Гваздзікоў” ды “Акацый”, а таксама “Шылкі” – пад такой назвай, дадзенай у гонар сібірскай ракі, былі вядомы ўстаноўкі ЗСУ 23-4. Чатыры адзінкі гэтай тэхнікі былі ў падпарадкаванні ў Валодзі: адна “персанальная” і тры, якія ён павінен быў кантраляваць як старшы механік узвода. Размясціўся полк на поўначы Афганістана ля горада Кундуз: разбілі палатачны гарадок, які неўзабаве разросся, бо па-суседстве “пасяліліся” артылерысты, батальён гаспадарчага забеспячэння, разгарнуўся шпіталь. А ўжо ў сакавіку “Шылкі” іх узвода ўпершыню далучыліся да баявых аперацый: трэба было не толькі кантраляваць паветра, а і прыцэльнымі залпамі накрываць кропкі на зямлі. А яшчэ суправаджаць калоны тэхнікі – калі маджахеды бачылі, што ў іх ідуць ЗСУ 23-4, то нападаць проста не рашаліся, што і ня­дзіўна: за хвіліну з чатырох ствалоў устаноўкі вылятала 3400 снарадаў і гэта быў сапраўдны вогненны смерч. “Нездарма мясцовыя называлі нашу тэхніку “Шайтан-арба”, – усміхаецца Уладзімір.

Калі лакатары дальняга выяўлення засякалі цэлі – байцоў узнімалі па трывозе і бывала, што па некалькі раз за суткі. Тым часам у наваколлі расцвілі кветкі і крывава-пунсовыя плантацыі макаў і цюльпанаў нібы папярэджвалі, што на чужой зямлі не варта чакаць літасці. Небяспека таілася паўсюдна. Аднойчы, напрыклад, злавілі разведчыка, які збіраўся падарваць склад боепрыпасаў, што размяшчаўся побач. “Даводзілася трапляць і “ў вілачку” – гэта калі дзве кулі пралятаюць з абодвух бакоў у сантыметрах ад цябе і ўздымаюць фантанчыкам пясок за спіной”, – кажа герой аповеду. А яшчэ ўзгадвае эпізод, калі застаўся жывым толькі па выпадковасці. Рухаліся ў калоне, і ў адной з зенітак здарылася паломка, спыніўся і Уладзімір, каб дапамагчы механіку-вадзіцелю. Яго месца ў калоне тым часам заняў танк, а праз колькі метраў абваліўся ўчастак горнай дарогі – якраз пад гэтай машынай. Танкіст загінуў…

Увогуле на першым этапе афганскай вайны было шмат пралікаў і неразбярыхі. Аднойчы, напрыклад, іх “Шылкі” ­ледзь не знішчылі свой верталёт. Лакатар запеленгаваў аб’ект, які не адказваў на адмысловы сігнал, як гэта павінна была зрабіць савецкая паветраная тэхніка. Накіравалі запыт у штаб і атрымалі адказ, што нашай авіяцыі ў гэтым раёне быць не павінна. І ўжо ледзь не запусцілі снарады, але вырашылі звязацца са штабам яшчэ раз – і там “успомнілі”, што гэта ўсё ж савецкі верталёт, але старога ўзору, не абсталяваны патрэбнай электронікай… А колькі байцоў у першы год вайны загінула ад трагічных выпадкаў, з-за парушэння дысцыпліны. Неяк адзін салдат даведаўся, што яго дзяўчына збіраецца выйсці замуж, і збег з часці – відаць, думаў дабрацца да мяжы і перашкодзіць вяселлю. Вось толькі адышоў зусім недалёка: праз дзень яго знайшлі ля суседняга сяла са слядамі катавання і куляй у галаве.

Ледзь не трапіў аднойчы да маджахедаў і Уладзімір – здарылася ж гэта падчас начнога дзяжурства, калі ўжо быў падпісаны загад на дэмбель. “Глядзі, пісталет не згубі ў апошнюю ноч!” – пажартаваў прапаршчык, сустрэўшы мяне ў штабе. Калі ж я збіраўся ў палатцы на пост, сябар прапанаваў пайсці замест мяне, але я не згадзіўся – ты, кажу, яшчэ находзішся. І вось іду ў цемры да сваёй машыны, ля якой трэба было несці вахту, а яе чамусьці ўсё няма – і я пачынаю разумець, што збіўся з дарогі і мабыць ужо знаходжуся па-за нашай тэрыторыяй”, – расказвае Уладзімір. Але ўпасці ў адчай ён не паспеў, бо ўбаку пачуліся крыкі і ракеты асвяцілі наваколле – хлопец зарыентаваўся і вярнуўся ў лагер. Аказалася, сябры нібыта адчулі, што з ім нешта нядобрае – праверылі пост, збегалі ў штаб і пачалі падаваць сігналы. “У гэта цяжка паверыць, але ад’язджаць дамоў мне не хацелася, – працягвае ён аповед, – шкада было развітвацца з сябрамі. Ваеннае брацтва – гэта нешта асаблівае. Неяк раз узнялі нас па трывозе. Хапаю я пісталет і бачу, что ён не працуе: няма дэталі, якую, відаць, згубіў, калі напярэдадні чысціў зброю. За мной назірае мой таварыш Сяргей Палякоў, а потым дастае свой пісталет, здымае з яго дэталь і працягвае мне. “Я не магу ўзяць, – кажу, – у цябе будуць непрыемнасці!” А той у адказ: “Бяры. Ты выходзіш першым!”

А былі і адваротныя прыклады. Вайна, яна як лакмусавая паперка, адразу праяўляе характэрныя рысы. Быў у іх адзін камбат – ды зусім не такі, як у вядомай песні. Ледзь загад паступае ў паход ісці – ён тут жа “захварэе” ды ў шпіталь. Праўда, пракалоўся аднойчы. Блакіравала іх батарэя адзін раён, а потым іх адразу ж у другі перакінулі, “бацяня” тым часам ужо выпісаўся – і давялося небараку кіравацца на перадавую! Але ж здолеў уберагчыся: зараз ці ў Канадзе, ці ў Злучаных Штатах пражывае.

Зрэшты, вялікага месца гэты чалавек ва ўспамінах Валодзі Якубовіча ніяк не заслужыў. Больш вартым увагі ён лічыць, напрыклад, шэф-повара вагона-рэстарана поезда “Ташкент-Масква”, хоць і не ведае нават яго імя. Гэты састаў вёз у навагоднюю ноч 1981-га на радзіму некалькіх хлопцаў, выканаўшых свой інтэрнацыянальны абавязак. Цэлы год іх дзяжурным напіткам быў зялёны чай з вярблюджай калючкі, і ў святочную ноч хлопцам вельмі хацелася нашага савецкага піва. Шэф-повар выслухаў просьбу, а праз некалькі хвілін на стале ў іх стаяла і піва, і шампанскае, і багатая закуска. Абслугоўваў ён хлопцаў персанальна і адмовіўся ад шчодрых чаявых – разумеў, адкуль яны едуць, хоць вялікае ваеннае і палітычнае начальства ўсяляк імкнулася пакінуць усё ў тайне. Нават нашыўкі, што сведчылі пра званне, з рукавоў гімнасцёрак першым дэмбелям зразаць загадвалі, ды армейскія здымкі на мяжы забіралі. А таму, калі папрасіла Уладзіміра Аляксандравіча паказаць афганскі альбом – той мовіў, што такой рэчы ў яго проста няма. Ды ўсё ж не атрымалася тады цалкам “зачы­сціць” сляды першых баёў – нехта з сяброў ухітрыўся правезці забароненыя фота і іх можна ўбачыць на старонках у “Аднакласніках”. Прынамсі, праз сеціва падтрымлівае наш зямляк і сувязь з некаторымі баявымі таварышамі.

Так, ён лічыць сябе ўшачанінам, хоць нарадзіўся ў Слуцкім раёне, туды ж і вярнуўся пасля ваенных выпрабаванняў, уладкаваўся ў саўгас механізатарам. А аднойчы ў іх вёску да сяброўкі прыехала прыгожая ўшачаначка Надзя. Жыць маладая сям’я вырашыла на радзіме жонкі, тут вырасцілі двух дзяцей. Вось толькі так рана абарвалася жыццё яго каханай жанчыны…

За плячыма Уладзіміра Аляксандравіча багаты працоўны шлях: у свой час быў начальнікам аўтастанцыі, наладжваў абсталяванне на агароднінасушыльным заводзе, апошнія ж некалькі год працуе станочнікам на “Форэстгандлі”. Умелыя рукі, адказныя адносіны да справы, спакойны, добразычлівы і ў той жа час цвёрды характар робяць яго аўтарытэтным чалавекам у любым калектыве. Інтарэсы іншых Уладзімір Аляксандравіч умее ставіць вышэй за свае – вось і на традыцыйнае афганскае мерапрыемства, што ладзілася ў пятніцу, не змог пайсці, бо ў гэты дзень быў вельмі патрэбны на вытворчасці. Гэта рэдкая і каштоўная рыса, якая дапамагла яму годна прайсці вогненнымі дарогамі вайны і не згубіцца на складаных шляхах мірнага жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *